Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захочуць — аштрафуюць, захочуць — пасадзяць на суткі


Прэзыдэнт унёс у Палату прадстаўнікоў законапраект, які зьмяняе Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У прыватнасьці, прапануецца ўвесьці альтэрнатыўную падведамнасьць па адміністрацыйных правапарушэньнях: іх змогуць разглядаць органы МУС. У суд адміністрацыйная справа будзе перадавацца ў тым выпадку, калі фізычная асоба не прызнае віны.

Органы МУС і цяпер разглядаюць адміністрацыйныя справы, але толькі такія, дзе не прадугледжаны адміністрацыйны арышт. Цяпер прапануецца ўнесьці ў сьпіс падведамнасьці органам МУС і тыя артыкулы, па якіх прадугледжана мера пакараньня ў выглядзе арышту.

Але, тым ня менш, артыкул 6.2 КаАП, які вызначае, што арышт можа накладацца толькі судом, ня зьменены. Таму, на думку юрыста Юрыя Чавусава, на практыцы гэта можа адбывацца такім чынам:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Супрацоўнікі РУУС, запаўняючы пратакол, будуць прапаноўваць парушальніку альтэрнатыву: маўляў, „калі вы прызнаеце віну, то мы зараз разглядаем вашу справу, і вы атрымаеце штраф, арышту ня будзе. Калі вы віны не прызнаеце, мы вас накіроўваем на Акрэсьціна, пасьля — у суд, і там вы будзеце даводзіць сваю невінаватасьць“.

Такім чынам, стварэньнем вось гэтай альтэрнатыўнай падведамнасьці ўлады даюць магчымасьць тым органам, якія складаюць пратаколы, маніпуляваць свабоднай воляй правапарушальнікаў, схіляючы іх да прызнаньня віны.

Я думаю, што людзі, цудоўна разумеючы, што такое беларускі суд, будуць выбіраць прызнаньне віны, бо лепей атрымаць штраф, а ня „суткі“. Такім чынам, будуць разгружацца суды і папаўняцца дзяржаўная казна.

У той жа час у органаў МУС будзе заўжды заставацца магчымасьць праз разнастайныя маніпуляцыі ўсё ж накіроўваць у суд і самім не разглядаць справы, калі, зыходзячы з палітычных ці нейкіх іншых меркаваньняў, трэба будзе апрыёры прызначаць гэтым людзям адміністрацыйны арышт. Калі будзе палітычная замова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG