Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская турма за асаблівасьці беларускага паляваньня


Паляваньне на дзіка пад Оршай
Паляваньне на дзіка пад Оршай

Грамадзянін Беларусі Сяргей Балтуцкі, якога судзяць у ЗША, прызнаў, што закупіў на $700,000 прыбораў начнога бачаньня, аптычных прыцэлаў ды іншага вайсковага абсталяваньня, але заявіў, што прадаваў іх ў Беларусі паляўнічым, а не тэрарыстам.

Як паведамляе амэрыканскі тэлеканал Fox News са спасылкай на Міністэрства юстыцыі ЗША, з Балтуцкім працавалі людзі ў Філядэльфіі, Чыкага і штаце Флорыда, якія куплялі гэтае абсталяваньне ў амэрыканскіх вытворцаў. Потым яно перапраўлялася ў Беларусь — часам проста па пошце, а часам дыпляматычнай поштай.

Бі-бі-сі паведаміла са спасылкай на судовыя дакумэнты, што адным з ініцыятараў такога незаконнага бізнэсу стаў чалавек, які працаваў беларускім дыпляматычным кур’ерам і рэгулярна лётаў зь Менску ў Нью-Ёрк. У адным судовым дакумэнце згадваецца імя гэтага кур’ера — Аляксандар Шпакоўскі.

Прадстаўнікі абвінавачаньня заяўляюць, што вывезенае абсталяваньне магло выкарыстоўвацца дзе заўгодна, у тым ліку і ў канфліктных зонах. Аднак адвакат Аркадзь Бух кажа, што і прыцэлы, і прыборы начнога бачаньня куплялі паляўнічыя, бо зь іх дапамогай можна паляваць на дзікоў і нават каётаў.

«Якраз гэта яны і робяць у Беларусі, палююць на дзікоў. Тыя бегаюць уначы», — сказаў адвакат. Пры гэтым ён дадаў, што ягоны кліент прызнае, што парушыў амэрыканскія законы, якія забараняюць экспарт такога абсталяваньня.

Балтуцкага арыштавалі ў 2011 годзе, калі ён прыехаў у ЗША разам са сваёй сям’ёй. Паводле яго, яны зьбіраліся наведаць забаўляльны парк Disney World у Флорыдзе.

Як паведамляе Fox News, абвінавачаньні супраць Балтуцкага ў звычайных выпадках прадугледжваюць ад 9 да 11 гадоў зьняволеньня, але ў гэтым выпадку абвінаваўцы патрабуюць 15 гадоў, спасылаючыся на «цяжкасьць» дзеяньняў абвінавачанага.

Астатнія абвінавачаныя па справе прызналі сваю віну і ўжо асуджаныя. Аляксандар Сташынскі і Вольга Дубоўская атрымалі па 6 месяцаў турмы, Віталь Цішук — 2 гады, Эрнэст Чарналецкі — 15 месяцаў. Аляксандар Бельскі, які атрымаў 57 месяцаў пазбаўленьня волі, вызвалены пад заклад і павінен зьявіцца ў турму сам 18 верасьня.

Прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных раней паведаміў карэспандэнту Свабоды, што амбасада Беларусі ў ЗША назірае за гэтай справай яшчэ з красавіка 2012 году.

«Консульская служба амбасады Беларусі ў Вашынгтоне знаходзіцца ў кантакце як з самімі абвінавачанымі беларускімі грамадзянамі, так і зь іх адвакатамі».

Наконт датычнага да гэтай справы дыпкур’ера Аляксандра Шпакоўскага спадар Савіных сказаў:

«Аляксандар Шпакоўскі працаваў у службе дыпкур’ераў да пачатку 2012 году, а потым звольніўся. Але ў пэрыяд з 2008 па 2012 год ён камандзіраваўся ў ЗША толькі 7 разоў. Правозіць начныя біноклі ў дыппошце гэты чалавек ня мог. Сыстэма дастаўкі дыппошты цалкам выключае такую магчымасьць. А вага і аб’ём асабістых рэчаў дыпкур’ераў таксама сур’ёзна абмежаваныя».

Падазрэньні ў тым, што Сяргей Балтуцкі нібыта працаваў пад прыкрыцьцём беларускага ўраду, спадар Савіных назваў абсурднымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG