Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лошыцкі парк: дармовыя вітаміны ад Вавілава


Падчас Дня гораду Менск ператворыцца ў суцэльныя гандлёвыя пляцоўкі, на якіх выставяць свой неліквід айчынныя вытворцы. Камэрцыялізацыя закране і сталічныя паркі, дзе будуць разгорнутыя пункты грамадзкага харчаваньня.

Адзін з адрасоў масавых гуляньняў, выпіваньняў і закусваньняў — Лошыцкі парк, урачыста адкрыты пасьля татальнага рамонту ў гэткі ж дзень два гады таму. Жыхары бліжэйшых дамоў намагаюцца пасьпець да масавага нашэсьця стракатай публікі і бясплатна натрэсьці сэлекцыйных яблычак ды грушак.

Лошыцкі парк — унікальная зьява для Менску. Асабліва ў разгар нарыхтоўкі ўраджаю. Сутык жніўня-верасьня — ня толькі ўлюбёны сэзон для прамэнадаў пад рознакаляровым лісьцем, але і магчымасьць назапасіць вітамінаў. Прычым цэлымі мяхамі.

Значная частка паркавага комплексу — пладовыя дрэвы эксклюзіўных гатункаў. Сям-там яшчэ трапляюцца панскія яблыні, пад якімі хадзілі прадстаўнікі шляхецкіх родаў, але шмат якія насаджэньні — сэлекцыйныя культуры, выведзеныя навукоўцамі філіі Ўсесаюзнага інстытуту расьлінагадоўлі. Установа была заснаваная ў 1925 годзе з ініцыятывы генэтыка і батаніка Мікалая Вавілава, таму можна лічыць, што менавіта ў Лошыцы беларуская сэлекцыя зарадзілася як навука. Праўда, у гады сталінскіх рэпрэсіяў батанікі мусілі пацясьніцца, узяўшы на падсяленьне чэкістаў, а агароджаны Чорны яр стаў апошнім прыстанкам для тысяч беларусаў.

Пасьля вайны ўвесь парк адышоў саўгасу «Лошыца», а пабудовы занялі саўгасныя працаўнікі. Канчаткова самасёлаў выселілі толькі ў 1988 годзе, а забраць 100 гектараў у саўгаса ўдалося яшчэ праз 10 гадоў.

Зрэшты, дух таго, што «ўсё вакол калгаснае, усё вакол — маё», лунае дагэтуль. Калі ў 1920-х дэгустацыяй «маладзільных яблычак» займаліся навукоўцы, то цяпер пад дрэвамі корпаюцца і стары, і малы. Дзецям радасьць палазіць па дрэвах, а бабулькі рушаць з парку адразу на імправізаваныя рынкі, дзе тавар мяняюць на грошы. Але бальшыня наведнікаў проста ласуецца неспадзяванай дармаўшчынай. Асабліва смачныя чырвоныя грушы, якія з імпэтам калоціць амаль кожны, хто ідзе міма.

Да экспрапрыяцыі, якая не прымусіла сябе чакаць усьлед за кастрычніцкімі падзеямі 1917 году, гаспадарамі Лошыцкага маёнтку быў дзясятак розных сем’яў. Але, як сьведчаць гісторыкі, найбольшага росквіту ён дасягнуў у XVIII—ХІХ стагодзьдзях пры шляхцічах Прушынскіх, якія належалі да гербу «Любіч». Сюды наведваліся нават каранаваныя асобы — палацавы комплекс небеспадстаўна лічыўся шэдэўрам садова-паркавага мастацтва.

Бадай, самы вядомы носьбіт старадаўняга прозьвішча ў нашы дні — Аляксандар Прушынскі, зь нязьменным удакладненьнем «граф». У Беларусь з эміграцыі прыехаў 20 гадоў таму, нават пасьпеў паўдзельнічаць у першай прэзыдэнцкай кампаніі. Адразу папярэджвае, што да лошыцкіх Прушынскіх мае далёкае дачыненьне — маўляў, у польскім варыянце прозьвішчы нават пішуцца па-рознаму:

«Гэта іншая фамілія і іншыя герб. Але важна тое, што ёсьць як мінімум дзьве ўсясьветна вядомыя асобы, якія нарадзіліся ў Лошыцы. Найперш, каралеўскі генэрал-ад’ютант Станіслаў Прушынскі, які меў непасрэднае дачыненьне да стварэньня бэльгійскай арміі ў 1830 годзе, калі Бэльгія паўстала як самастойная дзяржава. А другі — славуты вынаходнік Казімір Прушынскі, які ў 1894 годзе стварыў плеограф, папярэднік кінаапарата. Цяжка сказаць, ці было больш вядомых людзей, бо амаль ніхто пра іх нічога ня ведае. Несумненна, шмат хто быў вядомым у Эўропе, але, на жаль, цяпер на дзяржаўным узроўні ніхто не гаворыць пра тых людзей, якія жылі ў Беларусі да 1918 году».

Граф Прушынскі пра знакамітасьцяў Лошыцы
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:41 0:00

Запытваю ў Аляксандра Прушынскага, ці не шкадуе ён, што паркавы комплекс, у якім калісьці гаспадарыла эўрапейская знаць, цяпер на службе масаў?

«Пакуль хтосьці гэтым карыстаецца — усё ў парадку. Горш было б, каб там не было нікога, бо гэта шлях наўпрост да заняпаду. Каб мець і здаровае дрэўца, і добры яблык, трэба ўвосень падрэзаць галінкі, увесну пабяліць вапнай і г.д. Цяпер за ўсёй гаспадаркай, трэба сказаць, глядзяць нядрэнна. На жаль, палац яшчэ не аднавілі, але збольшага ўсё нібыта ў парадку. Адзінае, трэба было, каб гэта зрабілі яшчэ 20 гадоў таму. Але, зь іншага боку, добра і тое, што маем цяпер. Па вялікім рахунку, там вельмі добрыя ўмовы, каб нават быў прэзыдэнцкі палац, бо надзвычай спрыяльныя ўмовы для адпачынку. У Лошыцы сапраўды вельмі добрае паветра».

Напасьледак цікаўлюся ў графа Прушынскага: ці было б справядліва, каб экспрапрыяваная некалі бальшавікамі маёмасьць была вернутая ранейшым гаспадарам? Сам Аляксандар Ксавер’евіч нарадзіўся ў вёсцы Рагозьніца цяперашняга Мастоўскага раёну, на тагачаснай польскай тэрыторыі, адкуль бацькі сьпешна зьехалі з прыходам чырвоных вызваліцеляў — і, натуральна, нічога з сабой не прыхапілі:

«Я, відаць, апошні такі хлопец, які хоча атрымаць сваю маёмасьць. Усе астатнія даўным-даўно зьехалі, паўміралі на чужыне, а іх нашчадкі пра ўсё забыліся. Ці, магчыма, найперш ня вераць, што можна нешта вярнуць. Ну, Радзівілы некалькі разоў наяжджалі, але ж яны не адчуваюць сябе тут мясцовымі. Я, адрозна ад іх, пачуваюся мясцовым. Калі ласка: я жыву ў Беларусі 21 год, я маю тут жонку, дзяцей. Вядома, я бываю ў Польшчы, ЗША і г.д., але цяпер я адчуваю сябе менчуком. Калі вы жывяце 21 год у адным горадзе, то вы ўжо мясцовы».

Прынамсі адну добрую традыцыю Лошыцкі парк аднавіў на радасьць усім наведнікам. Яўстафій Любанскі, адзін з пазьнейшых гаспадароў сядзібы, радня Прушынскіх па жаночай лініі, быў вядомы як заўзяты папулярызатар роварнага руху. Як падаюць гістарычныя хронікі, улетку дарожкі ўздоўж сядзібы пераўтвараліся ў пляцоўкі для паказальных выступаў менскіх раварыстаў, суполку якіх узначальваў сам Любанскі. У выніку татальнай рэканструкцыі парк вярнуў сабе папулярнасьць сярод аматараў двухколавага транспарту, для якіх тут праклалі веладарожку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG