Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рассельгаснагляд б’е па рэбрах


Расейская фэдэральная служба вэтэрынарнага й фітасанітарнага кантролю — Рассельгаснагляд — працягвае бракаваць беларускую мясную прадукцыю, у тым ліку Гомельскага, Берасьцейскага, Магілёўскага мясакамбінатаў. Як рэагуюць на прэтэнзіі беларускія перапрацоўчыя прадпрыемствы?

Бранская ўправа Рассельгаснагляду, якая кантралюе ўвоз мясной прадукцыі й на тэрыторыі Смаленскай вобласьці, паведаміла 10 верасьня, што мае прэтэнзіі да вэнджана-варанага прадукту са сьвініны «Рэбры смачныя новыя», які пастаўляе Гомельскі мясакамбінат. Расейскія адмыслоўцы сьцьвярджаюць на сваім сайце, што знайшлі ў «новых смачных рэбрах» небясьпечныя мэзафільныя аэробныя і анаэробныя мікраарганізмы.

Намесьніца дырэктара мясакамбінату Вера Самажонава ў курсе інфармацыі расейскай рэгіянальнай управы вэтэрынарнага нагляду:

«Я пачытала. Але ніякіх, будзем казаць так, забаронных захадаў у дачыненьні да нас не было. Забароны на сёньняшні момант у нас няма. У нас адгрузка як ішла, так і ідзе — ад заявак ніхто не адмовіўся».

Па словах суразмоўцы, забарона ёсьць толькі на сыравяленыя й сыравэнджаныя мясныя прадукты, якія не прайшлі тэрмічнай апрацоўкі 72 градусы й вышэй. Аднак абмежаваньні гэтыя былі ўведзеныя яшчэ летам, пасьля выяўленьня ачагоў афрыканскай чумы сьвіней.

Абмежаваньне паставак у суседнюю Расею вымушае перапрацоўшчыкаў шукаць дадатковыя рынкі збыту, і найперш у Казахстане, бо Ўкраіна, а таксама дзяржавы Эўразьвязу з прычыны эпізаатычнай сытуацыі цалкам адмовіліся ад беларускай мясной прадукцыі.

На Берасьцейскім мясакамбінаце зьдзівіліся высновам Рассельгаснагляду, хоць у тамтэйшай каўбасе пад назваю «Прэстыж», вырабленай у кобрынскім філіяле, расейцы нібыта выявілі шкодныя бацылы пад назвай лістэрыі:
Наш галоўны вэтэрынарны лекар тэлефанаваў у Бранск, у дасьледчы цэнтар, і там сказалі, што наша прадукцыя не дасьледавалася

«У нас няма пацьверджаньня таго, што гэтыя лістэрыі знайшлі ў нашай прадукцыі. Няма ў нас на дадзены момант ні актаў, ні пратаколаў. Няма й вернутай прадукцыі. Нашы пакупнікі сказалі нам, што адбор пробаў не рабіўся. Апрача таго, наш галоўны вэтэрынарны лекар тэлефанаваў у Бранск, у дасьледчы цэнтар, і там сказалі, што наша прадукцыя не дасьледавалася. Але мы за сытуацыяй сочым, разьбіраемся».

Намесьнік дырэктара прадпрыемства ў камэрцыйных пытаньнях Сяргей Хільчук кажа, што прэтэнзіі да прадукцыі ня маюць афіцыйнага пацьверджаньня:

«Няма аніякіх пацьверджаньняў, аніякіх паведамленьняў пра гэта. Гэта ўсё носіць нейкі такі неафіцыйны характар. Мы ўпэўненыя ў якасьці сваёй прадукцыі — у нас вядзецца пастаянны кантроль. Але мы займаемся й пошукамі іншых рынкаў. З Казахстанам пакрысе працуем. Якія іншыя рынкі? Як і што — пакуль не магу сказаць. Эўропа і Ўкраіна закрытыя».

Незалежныя беларускія эканамісты, у прыватнасьці, Леанід Заіка, лічаць аднаўленьне «прадуктовай вайны» працягам «калійнай». Паводле эканаміста, абмежаваньне з боку Расеі на ўвоз сьвіной мясной прадукцыі можа абярнуцца для беларускай эканомікі стратай 100–150 мільёнаў даляраў. З улікам забароны й ялавічыны — у 2 разы больш. А калі спраўдзіцца пагроза Рассельгаснагляду абмежаваць увоз і малочнай прадукцыі, то страты могуць дасягнуць 1,2 мільярда даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG