На польска-беларускай мяжы пасьля заяваў Лукашэнкі пра абкладаньне мытам у 100 даляраў тых, хто едзе за мяжу на закупы, нібыта нічога не зьмянілася. Але тэма гэтая ў памежных рэгіёнах Беларусі абмяркоўваецца вельмі жыва.
Спадар Аляксей больш за 10 гадоў перавозіць з Польшчы тавар, бо ў яго трое дзяцей і ў Горадні зарабіць на сям’ю ён папросту ня можа.
Спадар: «Чалавек, відаць, зраньня ўстаў не з тае нагі і пачынае казаць глупства. Ёсьць жа заканадаўства. Мы ў Мытным зьвязе, куды ён нас уцягнуў. А там канкрэтна прапісаныя правілы правозу тавараў, як для расейцаў, казахаў, так і для беларусаў. Чалавек можа везьці тавару на паўтары тысячы даляраў. Калі ласка, калі нехта гэта перавышае — няхай плаціць мыта. І гэта ўсё прапісана. А тое, што ён нясе ад балды…»
Яшчэ адзін спадар з адпаведным досьведам выказваецца гэтак:
Спадар: «Шмат людзей знаёмых мне тэлефануюць і выказваюць свой нэгатыў, бо ведаюць, што я даўно гэтым займаюся. Мы ўсе да гэтага дрэнна ставімся. Але раз гэты чалавек сказаў, то такое можа быць, бо ён жа галоўны чалавек у дзяржаве».
Шмат людзей, якія займаюцца перавозкай тавару, ня хочуць пра гэта наагул публічна выказвацца. А безь мікрафона кажуць, што Лукашэнку ўжо няма адкуль браць грошы і ягоная эканоміка развальваецца на вачах. Спадар Валянцін нагадвае: свае навацыі Лукашэнка праводзіць яшчэ на фоне таго, што абяцае падвысіць камунальныя паслугі на 100%.
Спадар: «Відаць, ужо агонія рэжыму, бо рабіць такія захады ў адносінах да свайго народу — гэта зьдзек з народу. Ну, а як нам будзе выжыць у гэтай сытуацыі, нават ня ведаю. Працы высокааплатнай у нас амаль няма».
Рабіць такія захады ў адносінах да свайго народу — гэта зьдзек
Спадар Васіль езьдзіць у Польшчу разам з жонкай, якая мае і працу ў Беларусі. Ён распавядае, што апошнім часам у Кузьніцы зноў зьявілася шмат тавару на перавоз, і за гэта плацяць невялікія грошы. Паводле яго, цяпер на паездцы можна зарабіць да 50 даляраў.
На яго думку, Лукашэнка ўзьюшыўся з-за таго, што на шопінг паехалі ня толькі з памежных рэгіёнаў, але і з усяе Беларусі.
Спадар: «Цяпер ня толькі з Гарадзеншчыны едуць. Я бачу машыны з рэгістрацыяй 5, 7 — гэта менчукі едуць. Але і магілёўскія машыны ёсьць, і віцебскія…»
Ягоны калега кажа, што людзі едуць ня толькі каб перавезьці тавар на продаж, але і каб у сям’ю купіць, што трэба.
Спадар: «Прыбытак атрымліваецца для сям’і, бо ў нас за такія грошы нічога ня купіш — там усё таньнейшае. Вось дзіця зьбіраў у школу: купіў гарнітур, абутак — усё разам на нашыя грошы 300 тысяч, а ў нас нават абутку нармальнага ня купіш за гэтыя грошы».
Ягоная жонка дадае, што ў беларускіх харчовых крамах грошы выцякаюць з рук, як вада, і ні на што іх не хапае, а таму ўсё прывозяць з Польшчы.
Мы што, у турме? Ня маюць права з намі так паступаць
Спадарыня: «Усю лядоўню забіваем мясам адтуль. І курыца, і бачок, і ўсё астатняе…»
Спадар: «На 100 даляраў мы харчоў накупляем — на цэлы месяц для нашае сям’і і хапае…»
Спадарыня: «Ён і крупы розныя купляе. Я хачу і муку там купляць, бо сяброўка распавяла, што пасьля эўрапейскай з нашае нічога ўжо ня можа рабіць».
Спадарыня кажа, што на працы ў яе калектыве толькі пра гэта і размовы, бо амаль усе езьдзяць на шопінг у Польшчу.
Спадарыня: «Мае сяброўкі кажуць, што гэта таптаньне правоў чалавека і ніхто ня мае права гэтага рабіць. Ва ўсім сьвеце людзі езьдзяць, возяць, і ўсё для людзей адкрыта. А тут нам цалкам усё забараняюць, каб мы ня бачылі, ня чулі. Мы што, у турме? Ня маюць права з намі так паступаць».
Я пацікавіўся ў вясковых жыхароў, якія таксама дарабляюць сабе на жыцьцё паездкамі ў Польшчу, як яны ставяцца да заяў Лукашэнкі. Сьвіслацкі раён якраз мяжуе з Польшчай. Вось што мне распавёў адзін зь яго жыхароў.
Спадар: «Дык у нас увесь раён такі. Усе езьдзяць, бо тут няма нічога. Раён на датацыях. Няма дзе прыстроіцца на якую працу, нічога няма. І калі гэта яшчэ зробяць, то людзі застануцца бяз працы. Там не такія ўжо заробкі на той Польшчы, але хоць пражыць чалавеку хапае. А калі гэта забраць, то што гэта будзе? Гэта будзе дурдом!»