Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. Сто даляраў з носу


Валеры Карбалевіч
Валеры Карбалевіч
Гэтага выхаду Лукашэнкі да журналістаў усе чакалі. Бо пра скандал вакол арышту гендырэктара «Ўралкалія» маўчыць ня толькі Пуцін. Нічога пакуль ня кажа на гэтую тэму і Лукашэнка, хоць гэта да яго непадобна. Бо яму звычайна цяжка ўстрымацца ад камэнтару на любыя гарачыя тэмы міжнароднага жыцьця. Нядаўна ён камэнтаваў нават падзеі ў Эгіпце. А тут такі скандал, пра які пішуць мэдыі ўсяго сьвету. А галоўны яго ініцыятар — маўчыць.

Але выглядае, што чакалі дарма. Лукашэнка і цяпер нічога фактычна не сказаў пра гэтую «калійную вайну», калі не лічыць тэзы, што не зьбіраецца прадаваць «Беларуськалій».
Як аддзяліць тых, хто едзе па «барахло», ад іншых грамадзян, якія выяжджаюць па сямейных справах ці, напрыклад, на вучобу?

Аднак узамен ён нагаварыў шмат цікавага на іншыя тэмы. І тут галоўны інфармацыйны пэрл — заява пра ўвядзеньне пошліны на выезд за мяжу. «Нашы людзі сёньня, якія нас усё крытыкуюць — бедная, жабрацкая краіна, — а да 3 млрд даляраў вывозяць за мяжу ў Эўразьвяз і ўвозяць барахло, якое мы таксама выпускаем. Дык вось, я даўно даручыў: аж да таго, што выяжджаеш за межы краіны па гэтае барахло, няважна па што — заплаці пошліну. Гэта будзе так: мы цябе на мяжы абслугоўваем, плаці 100 даляраў з носа і едзь за мяжу. Тады прыйдзе ў нашу краму і купіць наш халадзільнік, а ня будзе цягнуць з Эўразьвязу гэтае барахло невядома якой вытворчасьці», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Тут адразу ўзьнікае некалькі пытаньняў. Лукашэнка кажа: «Я даўно даручыў». Чаму ж тады ягонае даручэньне дасюль не рэалізавалася? І як аддзяліць тых, хто едзе па «барахло», ад іншых грамадзян, якія выяжджаюць па сямейных справах ці, напрыклад, на вучобу? Або 100 даляраў будуць патрабаваць з кожнага «носа» незалежна ад мэтаў паездкі?

Будзе ажыцьцёўлена гэтае даручэньне ці не, вельмі сымптаматычны сам факт зьяўленьня такой непапулярнай заявы. Яна кладзецца ў адзін шэраг зь нядаўняй прапановай прэм’ер-міністра Мясьніковіча абкласьці падаткам грамадзян, якія афіцыйна не працуюць. Гаворка ідзе, зразумела, не пра дармаедаў, а найперш пра тых, хто выяжджае на заробкі за мяжу.

Усё гэта сымптом крызісу беларускай сацыяльнай мадэлі. Гэта ў СССР, калі былі закрытыя межы, існаваў татальны дэфіцыт, савецкім грамадзянам не было з чым параўноўваць якасьць спажывецкіх тавараў, — тады неэфэктыўная вытворчасьць магла існаваць доўга.

А сёньняшняя беларуская мадэль, падобная да савецкай, існуе ва ўмовах адкрытай эканомікі, свабоднага выезду за мяжу, у атачэньні краін з рынкавай эканомікай. У суседніх краінах тавары больш якасныя і танныя. У такіх умовах захаваць неэфэктыўную эканамічную сыстэму можна толькі штучнымі захадамі. Вось і зьяўляюцца прапановы ўвесьці падатак на беспрацоўе, пошліну на выезд за мяжу і інш.
Ня варта казаць, што даручэньне Лукашэнкі супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабодны выезд за мяжу, дамовам аб Мытным зьвязе і правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, якія краіна абавязалася выконваць.

Цікава, што Лукашэнка не задаецца пытаньнем: чаму ж людзі аддаюць перавагу замежным таварам, цягнуць з-за мяжы гэты халадзільнік, а не купляюць тут, у выніку чаго «ў іх разьвіваецца гандаль, вытворчасьць, а мы тут цялёпкаемся як дурні»? Думаю, сам ён адказ добра ведае. Але ня хоча публічна прызнаць неэфэктыўнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі.

Ня варта казаць, што даручэньне Лукашэнкі супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабодны выезд за мяжу, дамовам аб Мытным зьвязе і правілам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі, якія краіна абавязалася выконваць.

Яшчэ адна знакавая заява прагучала з вуснаў Лукашэнкі. «Камэрцыйных структур для вас ня будзе, таму што гэтая камэрцыйная структура будзе зьнішчана імгненна, калі яны возьмуць на працу без майго ведама людзей з кадравага рэестру», — сказаў кіраўнік дзяржавы, зьвяртаючыся да чальцоў ураду і дырэктарскага корпусу.

Зноў жа ня будзем казаць пра прававы бок справы, тут усё відавочна. Але важна зафіксаваць, што прыгоннае права ў Беларусі распаўсюджваецца ня толькі на працаўнікоў, якія зьвязаныя кантрактнай сыстэмай, але і на намэнклятуру. Або працуй на рэжым, або застанесься бяз працы. За што змагаліся...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG