Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзясяткі беларусаў застаюцца ў Сырыі


Міжнародныя аналітыкі схіляюцца да думкі, што бамбаваньне Сырыі — пытаньне бліжэйшага часу.

Хоць галасаваньне па адпаведнай рэзалюцыі ў Сэнаце ЗША прызначанае на 11 верасьня, аднак амэрыканскі прэзыдэнт мае права выкарыстоўваць войскі за мяжой цягам 60 дзён і без дазволу заканадаўцаў. Тым часам Сырыю сьпешна пакідаюць замежнікі, уключна з этнічнымі беларусамі.

Увечары 8 верасьня самалёт Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Расеі даставіў з Сырыі чарговую партыю грамадзянаў краін СНД, абсалютная большасьць — жанчыны і дзеці. Сярод іх і 5 беларусаў. Яшчэ тры чалавекі мусяць прыляцець сёньня рэйсам з Бэйруту. Калі будзе наступная эвакуацыя — невядома, але ў выпадку ракетных атакаў на стратэгічныя аб’екты рэжыма Асада наўрад ці гэта здарыцца хутка. Тыя, хто вярнуліся, кажуць, што сытуацыя ў Сырыі крытычная:

«Мы жылі побач з Хомсам, дзесьці за 30 кілямэтраў. Цяпер там увесь час страляюць, горад бамбяць. Увогуле баі ідуць пастаянна, таму збольшага неяк ужо прызвычаіліся. Раней мы з жахам думалі, як людзі ў Лібане жывуць, як жывуць у Палестыне, а цяпер і самі зразумелі — нават ва ўмовах вайны неяк жыць усё ж можна».

Абсалютная бальшыня грамадзянаў Беларусі ў Сырыі — гэта жанчыны, якія павыходзілі замуж за колішніх сырыйскіх студэнтаў і выехалі сьледам за імі. З улікам моўнай праблемы і рэлігійнай іншароднасьці яны вялі досыць ізаляваны лад жыцьця, хоць, як прызнаецца адна, справа гонару для араба — задаволіць любы капрыз жанчыны:

«Жанчыны, як правіла, там не працуюць, але гэта тычыцца ня толькі нас, хто прыехаў з-за мяжы. Месца жанчыны — гэта дом, у якім яна мусіць падтрымліваць камфорт. Жанчына гадуе дзяцей, варыць супчык і ходзіць у саўну. Прынамсі, да нядаўняга часу ўсё гэта было, і гэта быў цалкам нармальны расклад».

На мінулым тыдні МЗС Беларусі настойліва рэкамэндаваў усім суайчыньнікам вярнуцца на радзіму. Паводле зьвестак ведамства, цягам двух гадоў з Сырыі выехалі блізу 200 беларусаў, але каля 90 яшчэ заставаліся на ўліку консульскай службы. Калі ўлічыць, што ад пачатку верасьня расейскімі і ўкраінскімі самалётамі ў Маскву і Кіеў агулам дастаўленыя паўтара дзясяткі беларусаў, выглядае, што блізу 80 усё ж вырашылі аддацца на волю лёсу.

Некаторыя застаюцца ў Сырыі не з уласнай волі. Жыхарка Жодзіна Сьвятлана Маркіяновіч працавала ў начных клюбах Лібану, але ў сярэдзіне жніўня нейкім чынам трапіла ў палон да сырыйскіх паўстанцаў. Разам зь іншай танцоркаю з Малдовы яе абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць праасадаўскай лібанскай арганізацыі «Хізбула». Зінаіда Міхайлаўна, Сьвятланіна бабуля, кажа, што вось ужо амаль месяц ад унучкі ні слыху, ні послыху:

«Нічога абсалютна ня ведаю — глуха, сыночак, зусім глуха...»

Карэспандэнт: «А чыноўнікі зьвязваліся, раптам нейкія перамовы вядуцца?»

Зінаіда Міхайлаўна
Зінаіда Міхайлаўна
«Ой, ды каму гэта патрэбна, даражэнькі мой? Ніхто ні слова. Як тады прыяжджалі фатаграфаваць, то ад таго часу ніхто і не пазваніў. Толькі сяджу і чакаю, уздрыгваю, як дзьверы адчыняюцца. І ўсё думаю — жывая яна там ці як (плача). Нічога ня ведаю. Ужо кажуць, што, маўляў, сама паехала, сама і вінаватая. Але ж людзі ўсюды езьдзяць, час жа такі! Едуць і прыяжджаюць, і Сьветачка езьдзіла і прыяжджала. Ды дзесьці блыталася, папалася, і ўсё. Але амэрыканцы за сваіх краіны на вушы ставяць, а нашы вушы закрываюць. Ніхто ні слова, хоць бы хто ўспомніў. Ды нічога, маўчаць».

Баранавіцкі лекар-нэўроляг Аляксандар Лазарчык стаў сьведкам рэвалюцыйнай сытуацыі ў іншай арабскай дзяржаве — Лібіі. Ужо ў часе эвакуацыі сустрэў нямала беларусаў, якія ўцякалі ня толькі з ахопленай вайной Джамахірыі, але і з Сырыі, дзе забурэньні толькі пачыналіся. Як мяркуе спадар Лазарчык, цяпер будучыня Сырыі такая ж няўцямная, як і лёс іншых краінаў, якія пазбыліся дыктатараў, але праблемы пры гэтым ня зьніклі. У прыватнасьці, ён не прыхільнік таго, каб масіраванай падтрымкай з паветра дапамагаць прыходзіць да ўлады ісламістам з ваяўнічых арганізацыяў:

«Калі ў Сырыі ў выніку адхіленьня Асада ўсталюецца нейкі новы рэжым, павынішчаюць усіх. Я лічу, што хрысьціянаў там першых ня будзе, хоць нашых там было досыць шмат. Калі мы назад дамоў вярталіся зь Лібіі на вялікім дэсантным караблі, з Трыпалі зьяжджалі нашы жанчыны, беларускі, якія павыходзілі замуж за лібійцаў. І таксама ж за сырыйцамі шмат нашых было замужам. І дзяцей там панараджалі, і сем’і там. У Сырыі, дарэчы, жыцьцё было яшчэ лепшае, прынамсі, спакайнейшае, чым у Лібіі. Усё было добра ў гэтым сэнсе. А цяпер ім давядзецца зьехаць, і, відаць, назаўсёды».

Баранавіцкі лекар-нэўроляг Аляксандар Лазарчык у Лібіі
Баранавіцкі лекар-нэўроляг Аляксандар Лазарчык у Лібіі


На думку суразмоўцы, да прыкрай разьвязкі ў арабскім сьвеце, ахопленым ваеннымі дзеяньнямі, як правіла, прыводзіць незгаворлівасьць апанэнтаў:

«Ува ўсіх памылка за памылкай. Палкоўнік Кадафі праспаў гэтых, як кажуць, паўстанцаў, хоць там былі ня столькі паўстанцы, колькі бандзюкі сапраўдныя. Пасьля таго як яны ў Бэнгазі выйшлі з турмаў, усё і пачалося. А да таго ў Лібіі былі два тыдні мірных мітынгаў, і ўсё так жа мірна трэба было закрыць. Але нічога не зрабілі, і гэтая пухліна, гэты рак распаўсюдзіўся па ўсёй краіне. У Асада ў Сырыі тое ж самае: пачалося ўсё зь мірных дэманстрацыяў, і трэба было вырашаць усё мірам, ісьці ўсім бакам на перамовы. Але ж маем, што маем. У Эгіпце, дарэчы, таксама мірна пачалося, а потым вунь як скончылася».

Агульнай думкі наконт мэтадаў ціску на рэжым Башара Асада няма. ЗША, Ізраіль, Турэччына перакананыя, што перавыхаваць сырыйскае кіраўніцтва немагчыма, а ўжываньне хімічнай зброі супраць мірнага насельніцтва — сьведчаньне ягонай рэальнай сутнасьці. Расея, Кітай ды іхнія сатэліты, наадварот, лічаць, што жанчын ды дзяцей труцілі паўстанцы, а Асада толькі робяць крайнім. Экспэрты не выключаюць, што зьнешняе ўмяшаньне на тле палітычных супярэчнасьцяў можа пацягнуць за сабой нашмат большыя наступствы, чым прагназуецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG