Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Клімавічах адкрылі помнік-танк. Гармата — у бок Расеі


На Магілёўшчыне ў райцэнтры Клімавічы да гадавіны вызваленьня раёну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усталявалі помнік-танк «Іосіф Сталін («ІС-3»).

Вядома, што гэтая мадыфікацыя баявой машыны ня ўдзельнічала ў баях з фашыстамі, а значыць, не магла выкарыстоўвацца пры вызваленьні ад гітлераўцаў Клімавіцкага раёну ў верасьні 1943 году. Незалежныя дасьледнікі гісторыі называюць усталяваньне помніка маніпуляваньнем падзеямі апошняй вайны.

У Беларусі помнікі з танкам сэрыі «Іосіф Сталін» ёсьць, аднак іх няшмат. Як заўважае старшыня прэзыдыюму Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, на пастамэнтах стаяць машыны ранейшых мадыфікацыяў — «ІС-1» ці «ІС-2», якія выкарыстоўваліся ў вайне Савецкага Саюзу з фашысцкай Нямеччынай. Акрамя Клімавічаў, прыгадвае спадар Астаповіч, помнік з «ІС-3» ёсьць у Шклове.

Танкі «ІС-3» упершыню выкарысталі ў вайне зь Японіяй. Пасьля сьмерці Сталіна ім зьмянілі індэкс на« Т-10». Спадар Астаповіч не адмаўляе выдатных баявых характарыстык танка, аднак зазначае:

«Ставіць танк, які ў баявых падзеях савецка-германскай вайны ня браў удзелу, — гэта нейкая дурнота. Гэта наагул нонсэнс. Калі ёсьць задача адзначыць юбілей пачатку вызваленьня Беларусі, 70 год, то пастаўце вы звычайны памятны камень. Гэты танк нёс недзе тут службу ў пяцідзясятых ці шасьцідзясятых гадах, бо на момант развалу Савецкага Саюзу яшчэ пару тысяч „ІС-3“ стаялі закансэрваваныя па ўсім Саюзе».
Пакуль помнік рыхтавалі да адкрыцьця, з танкам забаўляліся дзеці
Пакуль помнік рыхтавалі да адкрыцьця, з танкам забаўляліся дзеці

Танк, які паставілі на пастамэнт у Клімавічах, — падарунак райцэнтру ад Міністэрства абароны. На адкрыцьці прысутнічаў міністар абароны Юры Жадобін. На ўрачыстасьць прыйшлі мясцовыя вэтэраны вайны ды моладзь.

«Стрыжнем дзяржаўнай ідэалёгіі зьяўляецца патрыятызм. І прысутнасьць вэтэранаў і моладзі на адкрыцьці вось такога помніка гаворыць пра тое, што будучыня ў нашай краіны ёсьць. І гэта цудоўная будучыня. Усе дасягненьні, якія мы сёньня маем, — я лічу, што гэта таксама подзьвіг», — заявіў на адкрыцьці старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік.

Паводле мясцовых жыхароў, рыхтавалі помнік да адкрыцьця аўральна. Акрамя сьвежаўзараных плямін газонаў, у вочы кідаецца адсталая ўжо ад бэтоннага раствору плітка. Помнік з танкам разьмясьцілі на ўскрайку райцэнтру.
Не пасьпелі адкрыць помнік, як пачала адставаць плітка
Не пасьпелі адкрыць помнік, як пачала адставаць плітка

Адзін з вэтэранаў, які прысутнічаў на адкрыцьці помніка, заявіў беларускаму дзяржаўнаму радыё: «Чагосьці ў гэтым помніку дула не туды накіравана. Трэба было на захад, а яно на ўсход глядзіць».

На ўсходзе ад Клімавічаў — Расея. Той жа вэтэран патлумачыў, як ён разумее прызначэньне помніка: «Няхай ведае падрастаючае пакаленьне, што гэты помнік зроблены для абароны іхнай будучыні».

Рэдактар часопісу «ARCHE» Валер Булгакаў зазначае, што цяперашняя ўлада ў Беларусі маніпулятыўна выкарыстоўвае інструмэнты культурнай ды ідэалягічнай палітыкі савецкай мінуўшчыны. Асабліва таго часу, калі савецкай Беларусьсю кіраваў Пётар Машэраў. Тады, кажа спадар Булгакаў, у Беларусі масава пачалі ўзводзіць мэмарыялы, прысьвечаныя Вялікай Айчынай вайне.

«Гэта рабілася для масавай мабілізацыі настрояў беларускага насельніцтва. У тым, што танк стаіць на пастамэнце, нічога кепскага няма. Вельмі кепска, калі ўся гістарычная традыцыя беларускага народу зводзіцца да апошняй вайны. І толькі ў гэтых падзеях бачыцца асноўная крыніца гонару, годнасьці і будучыні Беларусі. З такімі маніпулятыўнымі й цынічнымі падыходамі, зразумела, трэба змагацца, пашыраючы веды пра сапраўдную беларускую гісторыю».
Танк на наступны дзень пасьля адкрыцьця. Нехта пажартаваў
Танк на наступны дзень пасьля адкрыцьця. Нехта пажартаваў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG