Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьніклая Анастасія Кот рыхтавалася да алімпіяды па беларускай мове


Пошукі зьніклай 14-гадовай дзяўчыны
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:18 0:00
Наўпроставы лінк

14-гадовая школьніца Анастасія Кот прапала ў Сеніцы 28 жніўня. А 16:30 яна выйшла пагуляць зь сяброўкамі, і з таго часу дзяўчынку ніхто ня бачыў.

Анастасія жыла з маці, айчымам і малодшымі братам і сястрой.

На наступны дзень пасьля зьнікненьня дзяўчынкі яе мама Ірына зьвярнулася ў міліцыю і ў пошукава-ратавальны атрад «Анёл», валянтэры якога ўжо 6 дзён вядуць пошукі, узгадняючы свае дзеяньні з праваахоўнымі органамі. Пад кіраўніцтвам дасьведчаных кіраўнікоў атраду незнаёмыя між сабой дагэтуль людзі зьбіраюцца праз абвесткі ў сацыяльных сетках і ўтвараюць брыгады па 5–6 чалавек. У залежнасьці ад ступені падрыхтаванасьці атрады друкуюць і расклейваюць па горадзе арыенціроўкі, шукаюць у раёнах, дзе магла гуляць дзяўчынка, шукаюць у лесе і ў полі, што каля Сеніцы. Каб не было працёку інфармацыі, кожная група атрымлівае асобнае заданьне і ўчастак, каб яго выконваць. Агульную карціну пошукаў бачыць толькі кіраўнік атраду.

Валянтэрка Міла жыве ў Сеніцы і прыходзіць на пошукі пасьля працы. Гэта яе першы досьвед дапамогі ў пошуках, таму яе пакуль накіроўваюць клеіць арыенціроўкі. Міла кажа, што вырашыла далучыцца да пошукава-ратавальнага атраду, бо шкада дзяўчынку:

«Я тут першы раз, вось пабачыла арыенціроўку каля сельсавету. І на сайце таксама бачыла абвестку, таму вырашыла прыйсьці дапамагчы. Зараз пойдзем клеіць у пасёлку Юбілейны, а пасьля па дарозе ў бок Слуцку. Клеіць будзем на ўсім, што трапіцца: прыпынкі, будынкі, платы, шапікі».

Маці Анастасіі Кот Ірына кажа, што дачка была хатнім дзіцёнкам, і, нягледзячы на падлеткавы ўзрост і зьвязаную зь ім магчымасьць крыўдаў на бацькоў, дадому заўсёды вярталася ў час:

«У яе вельмі вузкае кола сяброў. Я заўсёды ведала, хто да яе прыходзіць і з кім яна гуляе. Што адбылося гэтым разам, мне незразумела абсалютна. Таму што незвычайныя былі паводзіны. Тым больш што ўсе яе сяброўкі, зь якімі яна цесна камунікавала, нічога ня ведаюць».
Я заўсёды ведала, хто да яе прыходзіць і з кім яна гуляе. Што адбылося гэтым разам, мне незразумела абсалютна

Насьця вельмі добра вучылася, рыхтавалася да алімпіяды па беларускай мове. Маці кажа, што была моцна ўражаная, калі аднойчы прачытала яе сачыненьне:

«Пасьля прачытаньня яе твора я зразумела, што наколькі Насьця ціхая і некамунікабэльная зьнешне, настолькі яна глыбокая ў душы. У сачыненьні былі вельмі разважлівыя фразы. Для чалавека, які не выказвае свае сакрэтныя жаданьні і думкі нават маці, там былі вельмі дарослыя фразы. Таму цяжка сказаць, ці яна абдумвала нешта наконт таго дня, калі зьнікла…»

З кім пайшла Насьця 28 жніўня, Ірына сказаць ня можа: у той момант яе не было дома, зь дзецьмі быў муж, Насьцін айчым. Ён не пазнаў дзяўчатак, зь якімі сышла падчарка, таму сям’я перакананая, што гэта не былі сталыя Насьціны сяброўкі.

«Мужа зьдзівіла тое, што Насьця вельмі хутка сабралася, пайшла ў адзежы, у якой хадзіла дома, і не ўзяла з сабой мабільны тэлефон. Хоць наконт тэлефона ня ўсё так адназначна. Справа ў тым, што былі выпадкі, калі мы ёй не давалі з сабой тэлефон, бо яна вельмі шмат часу праводзіла ў навушніках, слухаючы музыку ці седзячы ў інтэрнэце. Але ў той дзень яна пакінула тэлефон не ў сваім пакоі, а ў сенцах, як быццам забыўшыся. Настрой у яе быў добры. Напужанай яна не была. Сказала айчыму, што па яе прыйшлі сяброўкі і яна пойдзе пагуляць. Мы заўсёды дазвалялі ёй выходзіць з умовай, што вярнуцца яна павінна да цямна. Насьця заўсёды распавядала, дзе яна гуляла зь сяброўкамі: дзіцячыя пляцоўкі недалёка ад дома, пляцоўка каля крамы „Белмаркет“. За межы Сеніцы дзяўчынка ніколі бяз нас не выяжджала», — кажа маці Анастасіі Кот.

Кіраўнік «Анёла» Сяргей Коўган кажа, што атрад дзейнічае ў адпаведнасьці з указаньнямі супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Вадалазы абсьледавалі прылеглыя да Сеніцы вадаёмы, адмысловая брыгада шукала на кукурузным полі і ў лесе, іншыя тэрыторыі штодня абыходзяць валянтэры, але гэта пакуль не дало вынікаў.
Мы моцна спадзяемся на тое, што яна знойдзецца жывой

«Працоўныя вэрсіі такія: самастойны сыход з дому, няшчасны выпадак і крымінал. Пакуль няма інфармацыі, якая б скіравала пошукі і ход расьсьледаваньня ў які-небудзь з гэтых бакоў. Вельмі актыўна ідзе пошук Насьці, шмат людзей адгукнулася. І мы моцна спадзяемся на тое, што яна знойдзецца жывой і ўсе акалічнасьці гэтага здарэньня стануць вядомымі грамадзкасьці», — кажа Сяргей Коўган.

Удзельнічае ў пошукавых мерапрыемствах і родны бацька дзяўчынкі — Андрэй Кот. Ён інвалід, некалькі гадоў таму трапіў у аварыю. Аднак фізычныя абмежаваньні і кіёк не перашкаджаюць яму нароўні зь іншымі валянтэрамі шукаць дзяўчынку.

«Я аднёс арыенціроўкі ў большасьць унівэрсытэтаў Менску. Усюды абяцалі расклеіць. Таксама прасіў распаўсюдзіць інфармацыю ў крамах гандлёвага цэнтру „Сталіца“. Дзесьці адмовілі, бо патрэбны штамп ад Менгарвыканкаму, але большасьць пагадзіліся, бо зразумела ж, што гэта не рэклямная абвестка, што тут бяда. Увогуле, валянтэры спачатку моцна зьдзівіліся, калі пабачылі на пошуках чалавека з кійком, але цяпер успрымаюць нармальна, ведаюць, што я буду шукаць да апошняга разам з усімі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG