Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International заклікае падтрымаць Ігара Паснова


Міжнародная праваабарончая арганізацыя распаўсюдзіла паведамленьне з заклікам дамагацца вызваленьня віцебскага лекара Ігара Паснова, зьмешчанага ў віцебскі абласны псыхіятрычны шпіталь на прымусовае лячэньне пасьля шэрагу крытычных выступаў у інтэрнэце і СМІ.

У паведамленьні Amnesty International гаворыцца, што Ігар Пасноў — псыхіятар зь Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псыхіятрыі і наркалёгіі — цягам апошніх паўтара гадоў неаднаразова крытыкаваў на YouTube палітыку ўраду й гарадзкую сыстэму аховы здароўя. У сваіх выступах ён закранаў такія вострыя тэмы, як мэдычныя памылкі і нямэтавае выдаткаваньне грашовых сродкаў. У чэрвені 2013 году Ігар Пасноў раскрытыкаваў дзеяньні міліцыі па прымусовай шпіталізацыі бяздомных у мэтах псыхіятрычнага агляду.

Праз крытычныя выказваньні Ігара Паснова паміж ім і кіраўніцтвам паўстаў сур’ёзны канфлікт. 16 жніўня псыхіятрычная камісія клінічнага цэнтру, у якім працаваў Пасноў, прыйшла да высновы, што яму патрабуецца прымусовае псыхіятрычнае лячэньне з-за «псыхапатыі з маніяй перасьледу ўлады».

21 жніўня Віцебскі раённы суд на закрытым пасяджэньні пастанавіў падвергнуць Ігара Паснова прымусоваму лячэньню ў Віцебскім абласным клінічным цэнтры псыхіятрыі і наркалёгіі. У пастанове суда адзначаецца, што Паснову патрабуецца прымусовае псыхіятрычнае лячэньне ў сувязі з «хранічным непрытомным разладжаньнем», якое ўяўляе небясьпеку для яго самога і навакольных.

У судовай пастанове не раскрывалася, якую небясьпеку ўяўляе Ігар Пасноў для грамадзтва, згадваліся толькі яго выступы ў сеціве. У Ігара Паснова ёсць дзесяць дзён на тое, каб аспрэчыць рашэньне суду.

Аднак яго пазбавілі сувязі з вонкавым сьветам. Лекару ўдалося сустрэцца з адвакатам 22 жніўня толькі дзякуючы ўмяшанню мясцовых праваабаронцаў.
Amnesty International нагадвае пра абавязак дзяржаў абараняць свабоду выказваньня меркаваньняў

Amnesty International нагадвае пра абавязак дзяржаў абараняць свабоду выказваньня меркаваньняў і садзейнічаць актыўнаму абмеркаваньню грамадзкіх дзеячоў і дзяржаўных установаў.

Выказваючы занепакоенасьць тым, што Ігара Паснова маглі затрымаць у адвольным парадку за законную крытыку сыстэмы аховы здароўя Віцебскай вобласьці, міжнародныя праваабаронцы заклікаюць накіроўваць звароты ў органы ўлады Беларусі, каб нагадаць, што прымусовае псыхіятрычнае лячэньне можа прымяняцца толькі ў дачыненьні да асобаў з сур’ёзнымі псыхіятрычнымі захворваньнямі, якія могуць нанесьці непасрэдную і непазьбежную шкоду сабе і іншым.

Праз масавыя пісьмовыя звароты з подпісамі неабыякавых грамадзянаў Amnesty International запатрабуе прызначыць паўторны псыхіятрычны агляд Ігара Паснова, каб устанавіць, якую небясьпеку той ўяўляе для сябе і навакольных. А таксама прыняць усе неабходныя меры для таго, каб Ігару Паснову забясьпечылі дастатковую юрыдычную дапамогу.

Каб далучыцца да акцыі і атрымаць тэкст афіцыйнага звароту ў органы ўлады Беларусі, неабходна запоўніць адпаведную форму на сайце Amnesty International.

У падтрымку Ігара Паснова ў інтэрнэце зьбіраюць подпісы пад трыма пэтыцыямі, якія складзеныя рознымі асобамі і групамі грамадзян. Віцебскія праваабаронцы хочуць сабраць 50 тысяч подпісаў пад зваротам «Свабоду доктару-праўдалюбу Ігару Паснову, гвалтоўна зьмешчанаму ў вар’ятню ў Беларусі». Зварот адрасаваны міністру аховы здароўя Васілю Жарко. Праваабаронцы патрабуюць правесьці паўторную псыхіятрычную экспэртызу доктара Ігара Паснова, бо «камісія псыхіятраў зь Віцебску ў вызначэньні стану і ацэнкі рызыкі, якую ён нібыта ўяўляе для сябе і навакольных, не маглі быць аб’ектыўнымі. Бо на сваёй працы яны падпарадкоўваюцца галоўурачу Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі Алене Мартынавай. Менавіта яна ініцыявала змяшчэньне апальнага лекара ў вар’ятню, напісана ў звароце.

Аўтары яшчэ адной пэтыцыі, адрасаванай міністру аховы здароўя Васілю Жарко, патрабуюць вызваліць Ігара Паснова з псыхіятрычнай клінікі. Гэтага ж патрабуе і Сяргей Рыжоў, стваральнік незарэгістраванай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі «Белая Русь». Ен склаў першую інтэрнэт-пэтыцыю ў падтрымку Паснова 26 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG