Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі гаюн»: Летась у Беларусь заляцелі 395 дронаў з Расеі і Украіны, а за апошнія 4 дні —як найменей 25 «шахедаў»

абноўлена

Расейскі дрон іранскай вытворчасьці Shahed. Ілюстрацыйнае фота.
Расейскі дрон іранскай вытворчасьці Shahed. Ілюстрацыйнае фота.

З 31 сьнежня па 3 студзеня ў Беларусь з Украіны заляцелі як найменей 25 расейскіх «шахедаў», паведамляе маніторынгавая група «Беларускi Гаюн».

Паводле інфармацыі маніторынгавай групы, 31 сьнежня заляцелі 8 «шахедаў», большасьць прайшлі празь «беларускі калідор» і вылецелі назад ва Ўкраіну. Залёты 31 сьнежня былі ў 00:09, 06:36, 06:57, 07:12, 08:08, 08:21, 09:53, і ў 09:54 заляцеў апошні «шахед» у 2024 годзе, які прайшоў над Новай Гутай, пайшоў на Церахоўку і выйшаў на Расею.

Таксама паведамляецца, што ў 09:27 31 сьнежня над Беларусьсю ў раёне Хоцімску прайшла ракета, якую запусьцілі па Ўкраіне са Смаленскай вобласьці Расеі.

У навагоднюю ноч 1 студзеня ў Беларусь заляцела 13 расейскіх дронаў. Першы «шахед» у 2025 годзе заляцеў у Беларусь у 02:17 1 студзеня праз Камарын і далей узяў курс на Брагін, дзе зьнік, паведамляе «Беларускi Гаюн».

Далейшыя заходы ў Новы Год былі ў 02:21, 02:28, 02:36, 02:49, 02:51, 03:21, 03:22, два ў 03:32, 04:39, 06:42, 07:23.

Як паведамляе «Беларускi Гаюн», мінулай ноччу і раніцай 3 студзеня ў Беларусь таксама заляцелі мінімум 4 дроны — у 03:49, 04:06, 06: 02 і 06:05. Дрон у 06:02 зайшоў праз Лоеў, далей сышоў на Хойнікі і трымаў курс на Мазыр

Уначы 31 сьнежня, 1 і 3 студзеня падчас заходу «шахедаў» авіяцыя ВПС РБ не ўзьнімалася, адзначае маніторынгавая група. Паводле яе, у цэлым авіяцыйнай актыўнасьці няма ўжо з 20 сьнежня. 25 сьнежня ў Мачулішчы з Расеі прылятаў Іл-76 ВКС РФ, які ў той жа дзень паляцеў назад у Маскву.

Агулам, паводле маніторынгавай групы, за 2024 год у Беларусь заляцелі 395 дронаў з Расеі і Украіны, у тым ліку 5 разьведвальных дронаў. Большасьць зь іх — шахеды

Пік залётаў прыпаў на лістапад і сьнежань. За сьнежань у паветраную прастору Беларусі зайшло як найменей 145 расейскіх дронаў-камікадзэ «Шахед». 36 дронаў вярнуліся ва Ўкраіну і Расею, а 109 зніклі, піша «Беларускі Гаюн».

За год пацьверджана 10 выпадкаў зьбіцьця або падзеньня шахедаў у Беларусі і Латвіі, а таксама адзін выпадак разбурэньня будынка ў выніку падзеньня БПЛА.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG