Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сымбаль Ліды: народнае галасаваньне


«Уратуй Ліду, дашлі свой варыянт сымбалю!» Лідчукоў не задаволілі варыянты лягатыпу гораду, прыдуманыя ў Горадзенскім унівэрсытэце на замову лідзкіх уладаў. Створаны сайт для народнага галасаваньня за новыя варыянты, дасланыя тымі, хто любіць старажытны беларускі горад.

Лідзкія ўлады намагаюцца падвысіць турыстычную прывабнасьць гораду. Спрыяць у гэтым павінен сучасны лягатып. Горадзенскі ўнівэрсытэт прапанаваў восем яго варыянтаў. Амаль усе зводзяцца да гульні шрыфтамі. Адметнасьці гораду ня ўлічаныя. Толькі ў адным малюнку прысутнічае ключ і надпіс па-расейску: «Лида-700». Хоць у верасьні будзе афіцыйна адзначацца толькі 690-годзьдзе. Пачатак гораду паклаў вялікі князь Гедзімін, заснаваўшы тут у 1323 годзе замак.

Рэдактар часопіса «Лідзкі летапісец», старшыня гарадзкой арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік мяркуе:

Станіслаў Суднік
Станіслаў Суднік

«Сам той падыход, што брэнд Ліды прыдумляе дызайнэр ці мастак, які, можа, і ў Лідзе той ня быў, абсалютна няправільны. Тое, што народ, калі меркаваць па інтэрнэту, не ўспрыняў гэтага — таксама факт. Тое, што людзі прапануюць свае варыянты, — гэта рэч станоўчая. Уладам належала б зрабіць журы зь мясцовых мастакоў, дызайнэраў, магчыма і краязнаўцаў. Яны б разгледзелі першым чынам народныя прапановы, а пасьля вызначылі б лягатып. Калі народ прыняў такі актыўны ўдзел у гэтай справе, то ў першую чаргу павінны быць разгледжаныя прапановы людзей, а ня нейкага там дызайнэра з Горадні».

Гарадзенскі мастак Аляксандар Сільвановіч мае досьвед у стварэньні лягатыпаў, афармленьні сувэнірнай прадукцыі. Што ён думае наконт будучага лідзкага лягатыпу і народнага абмеркаваньня яго варыянтаў?

«Што да гарадоў Гарадзеншчыны славутых, то трэба, каб гісторыя была адлюстраваная. Тым больш — турыстаў што можа прывабіць? Ясная справа, што не сучасныя збудаваньні. Ліда — гэта замак, вядома. У любым пытаньні чым больш прапановаў — тым лепш. Заўсёды тады можна натрапіць на нармальны варыянт, больш прафэсійны. Іншая рэч, што падводзіць вынікі, прымаць рашэньне павінны прафэсіяналы. Каб з мастацкай, гістарычнай адукацыяй, каб асновы геральдыкі ведалі, шрыфты, там таксама свае законы ёсьць».

Лідчукі ганарацца сваім замкам і гербам, на шчыце якога леў і скрыжаваныя ключы. Яны — у цэнтры лягатыпаў. Адзін з аўтараў прапануе для брэнду рыцарскі шлем. Ёсьць лягатыпы толькі з расейскай або ангельскай мовай. Але ў многіх выкарыстана беларуская. Праўда, у ангельскіх варыянтах Ліда названая «city», хоць горад такіх памераў (сто тысяч чалавек) звычайна называецца «town».

Некаторыя ўдзельнікі народнага галасаваньня ў інтэрнэце выказваюць сумнеў, ці ўлады да іх прыслухаюцца, бо грамадзкая акцыя — ініцыятыва зьнізу. Пагатоў лягатып могуць прыняць сьпехам — якраз да сьвяткаваньня 690-годзьдзя Ліды, лічаць скептыкі сярод удзельнікаў народнага галасаваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG