Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ісінбаевай хочуць адабраць званьне амбасадара


Алена Ісінбаева
Алена Ісінбаева

Сьвежую чэмпіёнку сьвету па скачках з шастом Алену Ісінбаеву прапануюць пазбавіць статусу амбасадара Юнацкай Алімпіяды Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК) за выказваньне ў абарону расейскага закону аб забароне прапаганды гомасэксуалізму.

Ісінбаева раскрытыкавала спартоўцаў, якія выйшлі на бегавую дарожку ў Лужніках з пазногцямі, размаляванымі ў колеры вясёлкі — у знак падтрымкі геяў. Яна заявіла, што падтрымлівае нядаўна прыняты ў Расіі закон супраць прапаганды гомасэксуалізму сярод непаўналетніх і выступае супраць таго, каб з-за гэтага закону байкатавалі Алімпійскія гульні ў Сочы.

«Усё могуць удзельнічаць, усе могуць спаборнічаць, але, вядома, калі яны абвесьцяць аб сваёй сэксуальнай арыентацыі адкрыта на вуліцы, гэтага ня ўхваліць большасьць нашых грамадзян, таму што ўсе мы ўнутрана супраць гэтага. Мы выступаем супраць публічнасьці гомасэксуалізму, але мы ня супраць выбару кожнага асобнага чалавека», — сказала Ісінбаева.

«Мы расейцы. Можа быць, мы і адрозьніваемся ад эўрапейцаў, ад людзей зь іншых краін. У нас ёсьць свой закон, які кожны павінен паважаць», — дадала яна.

Ісінбаева гаварыла на прэс-канфэрэнцыі па-ангельску. У нейкі момант яна заявіла:

«У нас жанчыны жывуць з хлопцамі, хлопцы — з жанчынамі... Усё павінна быць добра. У нас так павялося з даўніх часоў. У нас ніколі такіх праблем не было, і ў будучыні мы іх таксама ня хочам».

І крыху пасьля:

«Мы баімся за наш народ, таму што лічым сябе нармальнымі, звычайнымі людзьмі».

Залатая мэдалістка Гульняў брытанскай Садружнасьці па сямібор’і Луіз Хэйзел заявіла, што глыбока шакаваная і расчараваная поглядамі расейскай спартсмэнкі, у якіх убачыла адкрытую гамафобію і што гэтымі выказваньнямі павінен заняцца МАК. У прыватнасьці, дадала Хэйзел, МАК павінен разгледзець статус Ісінбаевай як амбасадара Юнацкай Алімпіяды, які ёй у 2010 годзе асабіста надаў старшыня МАК Жак Роге.

Сёньня Алена Ісінбаева заявіла ў адмысловым камюніке, што яе няправільна зразумелі і што яна выступае супраць любой формы дыскрымінацыі гомасэксуалістаў падчас алімпійскіх гульняў. Пры гэтым спартоўка спаслалася на сваё недасканалае валоданьне ангельскай мовай.

Пакуль што, адзіным заяўленым на алімпіяду ў Сочы спартоўцам, які заяўляе адкрыта аб сваім гомасэксуалізьме, зьяўляецца Блэйк Шэлеруп, 28-гадовы канькабежац з Новай Зэляндыі. Ён сказаў нашаму радыё, што плянуе насіць на алімпіядзе значок зь вясёлкай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG