СПАЧАТКУ КРЫХУ ГІСТОРЫІ
У 1513 годзе кароль Польшчы і вялікі князь літоўскі Жыгімонт І сваім прывілеем прызначыў Івана (Сямёнавіча) Сапегу «на ваяводзтва падляскае, берасьцейскае і інш.». Я не гісторык, а таму ня ў змозе патлумачыць, што дакладна азначаў гэты запіс у дачыненьні да Падляшша і Берасьцейшчыны ды яшчэ да нечага, што ў каралеўскім дакумэнце засталося зашыфраваным пад словам «інш.». Тым ня менш, наколькі я здолеў дапетрыць з асьцярожных фармулёвак у розных кніжках па гісторыі, агульнае разуменьне гэтага запісу заключаецца ў тым, што ў 1513 годзе зьявілася каралеўскае распараджэньне аб стварэньні Падляскага ваяводзтва як асобнай адміністрацыйнай адзінкі ў ВКЛ. Берасьцейскае ваяводзтва, якое там таксама згадвалася, насамрэч узьнікла як асобная адміністрацыйная адзінка на паўстагодзьдзя пазьней, у 1566 годзе.
Найбольш верагодна, у 1513 годзе мяжа Падляскага ваяводзтва не была яшчэ дакладна абазначаная. Насамрэч, кароль Жыгімонт у 1509 годзе паслаў адмысловых камісараў, каб яны вызначылі мяжу паміж Польшчай і ВКЛ у маёй роднай старонцы, гэта значыць, паміж «польскім» Мазоўшам і «рус(ь)кім» Падляшшам. У гэтым самым 1509 годзе кароль Жыгімонт таксама даў дазвол Івану Сапегу збудаваць замак у мясцовасьці Дубна на Падляшшы (сягоньня гэтая вёска знаходзіцца ў гміне Боцькі Бельскага павету). Значыць, Іван Сапега, які стаў падляскім ваяводам у 1513 годзе, меў ужо тады на Падляшшы і сядзібу, адпаведную сваёй пасадзе. Ён памёр у згаданым замку ў Дубне ў 1517 годзе.
У 1516 годзе Жыгімонт І таксама пастанавіў, што Падляскае ваяводзтва, хоць і ў Вялікім Княстве, будзе падлягаць пад польскае права, а не пад ВКЛ-аўскае. У сувязі з гэтым існуе тлумачэньне, што назва Падляшша — «пад ляхамі» — азначае насамрэч падлегласьць пад польскае права, а не геаграфічнае суседзтва зямлі зь «ляхамі», то бок з палякамі. Мяне гэтая інтэрпрэтацыя ня надта пераконвае. Мы сталі падлягаць пад польскае права ў 1516 годзе, а Падляскае ваяводзтва афіцыйна згадваецца ўжо ў 1513 — тут відавочная нестыкоўка ў часе.
У 1520 годзе зьявіўся чарговы каралеўскі прывілей адносна Падляшша, які прызначаў другога падляскага ваяводу, Івана Кастэвіча. У гэтым прывілеі былі пералічаны землі (паветы), якія ўваходзілі ў склад Падляшша: бельская, драгічынская, мельніцкая, берасьцейская, камянецкая, кобрынская. Сталіцай Падляскага ваяводзтва стаў Драгічын над Бугам. Дык вось, гэта і ёсьць гістарычнае ядро Падляшша. Сёньня адна палова гэтага ядра знаходзіцца ў Польшчы, а другая ў Беларусі. Зь цягам часу Падляскае ваяводзтва стала «брыняць» і абрастаць дадатковымі землямі, як на поўнач, так і на поўдзень ад гэтага ядра.
У 1566 годзе землі берасьцейская, камянецкая і кобрынская адышлі да новастворанага Берасьцейскага ваяводзтва. А ў 1569 годзе, пасьля Люблінскай уніі, Падляскае ваяводзтва было уключанае ў склад Польскай Кароны. Тагачасны падляскі ваявода, Васіль Тышкевіч, моцна выступаў супраць пастановаў Люблінскай уніі, таму Жыгімонт ІI зьняў яго з пасады падляскага ваяводы ды назначыў ваяводам смаленскім.
(Калі можна, дазволю сабе асабістую рэфлексію ў гэтым месцы: Вось у 1569 годзе Падляшша адышло да Польшчы, то бок, яго адлучылі ад таго, што потым стала называцца Беларусьсю, і паддалі палянізацыі на працягу некалькіх стагодзьдзяў. Факт, што «рус(ь)кія» падляшукі не даліся апалячыцца дазваньня і ў ХХ стагодзьдзі прынамсі частка зь іх здолела трансфармаваць сваю «рус(ь)касьць» у беларускую нацыянальную сьвядомасьць, я лічу адным з цудаў (і адной зь нерастлумачаных загадак) беларускай гісторыі. Ды наўпроставым доказам таго, што беларусы-падляшукі — гэта ўсё ж мужыкі цьвёрдыя.)
Падляскае ваяводзтва зьнікла разам з Польшчай у 1795 годзе, каб адрадзіцца ў 1918. У Народнай Польшчы яно называлася Беластоцкім ваяводзтвам, а ў пасьлякамуністычны пэрыяд, у 1999 годзе, вярнулася да сваёй гістарычнай назвы. Калі браць пад увагу тэрыторыю Падляскага ваяводзтва ў 1513-1795 гг., дык сёньняшняе ваяводзтва ўключае няшмат больш за яе траціну. Астатнія землі гістарычнага Падляшша знаходзяцца ў Мазавецкім і Люблінскім ваяводзтвах Польшчы ды Берасьцейскай вобласьці Беларусі.
На працягу 500-гадовай гісторыі на Падляшшы крыжаваліся польска- «рус(ь)кія» (потым польска-беларускія і польска-украінскія) культурна-моўныя ўплывы. Доўгі час тут выразна адчувалася таксама прысутнасьць габрэйскай культурнай і рэлігійнай традыцыі. Таму, на маю думку, кожны больш-менш аб’ектыўны «падляскі пантэон» будзе ўключаць прадстаўнікоў як мінімум чатырох этнасаў — польскага, беларускага, украінскага, габрэйскага. У кожным разе, так будзе ў маім сёньняшнім пераліку самых выдатных сыноў, народжаных на Падляшшы або зьвязаных іншым чынам з маёй роднай зямлёй. Пра менш выдатных гаворка пойдзе калі-небудзь пазьней. Іхні сьпіс можна цягнуць кілямэтрамі. Сёньня пачнём сьціпла, з гэтых:
САМЫЯ КРУТЫЯ «МЯЦЕЖНІКІ» І БЯЗБОЖНІКІ
Тадэвуш Касьцюшка (1746-1817) — найбольш вядомы змагар за свабоду Польшчы і ЗША, нацыянальны герой гэтых дзьвюх краінаў. Касьцюшка нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына на Палесьсі, ягоная сям’я трымала родавы маёнтак у Сяхновічах, якія належаць да гістарычнай Камянецкай зямлі Падляшша.
Кастусь Каліноўскі (1838-1864) — беларускі нацыянальны герой, кіраўнік Студзеньскага паўстаньня 1863-1864 у Беларусі і Літве. Нарадзіўся ў Мастаўлянах (сёньня Гарадоцкая гміна Беластоцкага павету), загінуў на шыбеніцы ў Вільні.
Ігнат Грынявіцкі (1856-1881) — найбольш вядомы беларускі тэрарыст. У 1881 годзе кінуў бомбу ў расейскага цара Аляксандра ІІ і забіў яго. Ад параненьня сваёй бомбай памёр і сам тэрарыст. Ігнат Грынявіцкі нарадзіўся на Меншчыне, але потым жыў у Вялікіх Грынявічах каля Бельску на Падляшшы. У сваёй кнізе «Прысуд выканаў невядомы» Ўладзімер Арлоў напісаў пра сувязі Грынявіцкага з Падляшшам наступным чынам: «Сваёй малой радзімаю Ігнат лічыў вёску і маёнтак Вялікія Грынявічы у Бельскім павеце Гарадзенскае губэрні. Тут ён жыў з васьмігадовага ўзросту, сюды прыяжджаў на гімназічныя вакацыі, адсюль выпраўляўся вучыцца ў Пецярбург. У родныя мясьціны ён завітае на колькі дзён і перад самаю сьмерцю».
Казімір Лышчынскі (1634-1689) — найбольш вядомы беларускі бязбожнік. Нарадзіўся ў маёнтку Лышчыцы на Берасьцейшчыне. У 1689 годзе яму сьсеклі галаву і спалілі ягонае цела ў Варшаве за трактат «Аб неіснаваньні Бога», які ён напісаў па-лацінску.
БЕЛАРУСКАЯ ІДЭЯ ПРАДЗЁЎБВАЛАСЯ НА ПАДЛЯШШЫ
Міхал Баброўскі (1784-1848) — уніяцкі, потым праваслаўны сьвятар, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Адзін з найбольш вядомых славістаў ХІХ стагодзьдзя. Сярод іншага, адкрыў і апісаў гэтак званы Супрасьлеўскі кодэкс, найвялікшы стараславянскі кананічны рукапіс. Нарадзіўся ў вёсцы Волька Бельскага павету, памёр на Пружаншчыне.
Міхал Баброўскі разам з іншым падляшуком, Ігнатам Даніловічам, лічацца пачынальнікамі беларускай нацыянальнай ідэі. Баброўскі і Даніловіч інтэлектуальна высьпявалі ў атмасфэры Віленскага ўнівэрсытэту, дзе віравалі польскія нацыянальныя ідэі ды студэнцкая моладзь выхоўвалася ў выключна польскім духу. Адкрыўшы для сябе мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага і процьму невядомых да таго часу гістарычных дакумэнтаў на старабеларускай мове, Баброўскі з Даніловічам дайшлі да высновы, што палякам у Вільні няма чаго рабіць ды параілі ім, як дзесьці напісаў беластоцкі гісторык Алег Латышонак, каб яны «выбіраліся назад у сваю Варшаву».
Баброўскі і Даніловіч, выхаваныя ў падляскай гаворцы (якая значна менш аддалілася ад старабеларускай мовы ВКЛ, чым сучасныя беларуская і ўкраінская літаратурныя мовы), лічылі яе кандыдаткай на афіцыйную мову дзяржаўнага ўтварэньня, якое магло б стаць пераемнікам Вялікага Княства Літоўскага. Кажучы наўпрост, яны лічылі падляскую мову, на якой сёньня пішацца на сайтах Svoja.org і ў фэйсбук-супольнасьці Howorymo po swojomu, беларускай мовай.
Ігнат Даніловіч (1787-1843) — як і Баброўскі, Даніловіч быў уніяцкім, потым праваслаўным духоўнікам ды прафэсарам Віленскага ўнівэрсытэту. Даніловіч стаў адным з найвыдатнейшых беларускіх гісторыкаў і знаўцаў Вялікага Княства Літоўскага, дасьледнікам летапісных і юрыдычных помнікаў ВКЛ (сярод іншага, ён падрыхтаваў першае навуковае выданьне Статуту ВКЛ 1529 году). У бібліятэцы Супрасьлеўскага манастыра разам зь Міхалам Баброўскім Даніловіч адкрыў гэтак званы Літоўскі летапіс 1446 году. Нарадзіўся Ігнат Даніловіч у тых самых Вялікіх Грынявічах каля Бельску, зь якімі зьвязанае імя нашага славутага тэрарыста Ігната Грынявіцкага.
БУДАЎНІКІ НОВАЙ БЕЛАРУСІ
Мікола Янчук (1859-1921) — навуковец-этнограф і пісьменьнік, якога сёньня залічаюць як да беларускай, так і ўкраінскай культуры. Ён — першы чалавек, які стаў сьвядома пісаць па-падляску, каб уратаваць гэтую мову ад сьмерці. Нарадзіўся ў вёсцы Корніца на Паўднёвым Падляшшы (сёньня Мазавецкае ваяводзтва). Адзін з арганізатараў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і першы прафэсар катэдры беларускай літаратуры і этнаграфіі ў ім. Марыў аб тым, каб Падляшша ўзьядналася зь Беларусьсю. У 1918 годзе ў вершы, прысьвечаным Янку Купалу, напісаў сярод іншага:
A Pudlasie i Ruś Biêła,
Jak dviê sestry rôdny.
Mov odnoho čłonki tiêła,
Byli b zavše zhôdny.
Ale dola jich lichaja
Zdavna rozłučyła
I obom tiažki na šyju
Kameń nałožyła.
Усевалад Ігнатоўскі (1881-1931) — беларускі гісторык і грамадзка-палітычны дзяяч. Першы прэзыдэнт Інстытуту беларускай культуры і Беларускай акадэміі навук. Нарадзіўся ў вёсцы Такары на Падляшшы. Вёску ў 1944 годзе падзяліла напалову польска-савецкая мяжа. Лічыцца, што Ігнатоўскі, зацкаваны бальшавікамі як нацдэм, застрэліўся ў Менску. Паводле іншай вэрсіі, яго застрэлілі супрацоўнікі Дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня.
Ёсіф Лангбард (1882-1951) — славуты беларускі савецкі архітэктар. Нарадзіўся ў Бельску на Падляшшы ў габрэйскай сям’і. Паводле ягоных праектаў у Менску пабудавалі, сярод іншага, Дом ураду, Тэатар опэры і балету, Дом Чырвонай Арміі.
АПОШНІ НАШ КАРОЛЬ
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732-1798) — апошні кароль Рэчы Паспалітай нарадзіўся ў маёнтку Воўчын каля Мельніка на Падляшшы.
СТВАРАЛЬНІК СУСЬВЕТНАЙ МОВЫ
Людвік Замэнгоф (1859-1917) — стваральнік мовы эспэранта нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Беластоку.
КАНСТРУКТАР CONCORDE
Усевалад Якімюк (1902-1991) — пра гэтага дзядзьку я дазнаўся цалкам нядаўна. Ён нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага сьвятара ў вёсцы Кожына, усяго за два кілямэтры ад майго роднага хутару. У міжваеннай Польшчы быў адным з найбольш здольных канструктараў пасажырскіх і вайсковых самалётаў, пасьля выбуху Другой сусьветнай вайны выехаў на Захад, дзе канструяваў вайсковыя самалёты для французаў і брытанцаў. У 1962-1966 гг. працаваў пры стварэньні звышгукавога пасажырскага самалёта Concorde і стаў адным зь пяці камэрцыйных дырэктараў гэтага брытанска-францускага праекту, у рамках якога было збудавана 16 звышгукавых авіяляйнэраў.