Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадаркоўскі на судзе цытаваў Салжаніцына


Міхаіл Хадаркоўскі пад час суду
Міхаіл Хадаркоўскі пад час суду

Сёньня Вярхоўны суд Расеі зьмякчыў пакараньне былым кіраўнікам нафтавага канцэрну «Юкас» Міхаілу Хадаркоўскаму і Платону Лебедзеву з 11 гадоў да 10 гадоў і 10 месяцаў.

Такім чынам, суд часткова задаволіў скаргу абароны былых саўладальнікаў «Юкаса» на прысуд у другой крымінальнай справе.

Цяпер Лебедзеў можа выйсьці на волю ў траўні, а Хадаркоўскі ў жніўні 2014 году.

У пачатку пасяджэньня пракуратура папрасіла вышэйшую судовую інстанцыю пакінуць фігурантам прызначаны судом 11-гадовы турэмны тэрмін бязь зьменаў.

Затым слова далі экс-кіраўніку «Юкаса» Міхаілу Хадаркоўскаму, які ўдзельнічаў ў пасяджэньні суду празь відэасувязь. Асуджаны бізнэсовец пачаў з крытыкі працы праваахоўных органаў, выказаўшы меркаваньне, што ад справы «Юкаса» ў Расеі пракуратура і Сьледчы камітэт сталі, разам з TV, «галоўнымі інструмэнтамі ўнутранай палітыкі». Вынік гэтай тэндэнцыі – «катастрафічны», «уся сыстэма права ў краіне паступова рассыпаецца», лічыць Хадаркоўскі.

«Менавіта ў гучных, палітычна матываваных працэсах, такіх, як гэты, – задаецца зьніжэньне стандартаў даказваньня, магчымасьць выбарачнага і абсурднага тлумачэньня заканадаўчых нормаў», – адзначыў асуджаны бізнэсовец.

Затым Міхаіл Хадаркоўскі перайшоў да пералічэньня супярэчнасьцяў у прысудзе. Паводле яго, ён знайшоў тры ўзаемавыключальныя вэрсіі, што ж ён «як бы скраў» – нафту, грашовыя сродкі або нафтапрадукты.

Са словаў экс-кіраўніка «Юкаса», калі першая справа выклікала сумневы адносна выбарачнага ўжываньня закона, другая справа іх разьвеяла і паказала, што гаворка «наогул ідзе не аб выкананьні закону, а пра гатоўнасьць ахвяраваць рэпутацыяй судовай сыстэмы дзеля новага турэмнага тэрміну апанэнтам улады».

«Няправедныя судовыя рашэньні ўжо сталі адным з галоўных дэтанатараў пратэстаў. Патрабаваньні ўсё большай часткі грамадзтва зводзяцца да простай формулы Аляксандра Салжаніцына: «Жыць без ілжы». Ці, словамі вуліцы: «Не хлусіць і не баяцца». Ня ведаю, як для бюракратыі, – для краіны гэта было б карысна», – рэзюмаваў ён. «Так я бачу і выкупленьне сваіх уласных грахоў: імкнуцца жыць без ілжы. І хай будзе, што будзе», – сказаў на заканчэньне Хадаркоўскі, папрасіўшы Вярхоўны Суд «гэты юрыдычна непісьменны прысуд адмяніць».



Былым кіраўнікам «Юкаса» канчаткова па двух прысудах прызначанае пакараньне ў выглядзе 11 гадоў пазбаўленьня волі – у Хадаркоўскага гэты тэрмiн лiчыцца з 25 кастрычніка 2003 (яму засталося адбыць год і 2,5 месяца), у Лебедзева – з 2 ліпеня 2003 году (яму засталося крыху менш за 11 месяцаў за кратамі).

Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў былі арыштаваныя ў 2003 годзе. У траўні 2005 году іх прысудзілі да дзевяці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачваньні ў махлярстве і нявыплаце падаткаў. Пазьней Масгарсуд зьнізіў пакараньне да васьмі гадоў кожнаму.

Аб расьследаваньні другой крымінальнай справы ў дачыненьні да экс-кіраўнікоў «Юкаса» стала вядома адразу пасьля завяршэньня першага судовага працэсу. У сьнежні 2010 года ў рамках другой справы Хадаркоўскага і Лебедзева прысудзілі да 14 гадоў пазбаўленьня волі за крадзёж нафты і легалізацыю выручкі ад яе продажу. Праз паўгода Масгарсуд зьнізіў тэрмін пакараньня да 13 гадоў.

У чэрвені мінулага году абарона Хадаркоўскага і Лебедзева зьвярнулася да старшыні Вярхоўнага суду РФ Вячаслава Лебедзева з просьбай адмяніць прысуд у другой справе. Разгледзеўшы скаргу, старшыня ВС РФ прыняў рашэньне распачаць наглядную справу. Пастанова старшыні суду паступіла ў Масгарсуд у жніўні. У сьнежні прэзыдыюм гарадзкога суду прызнаў прысуд законным, але з улікам зьмяненьняў, унесеных у КК, зьнізіў тэрмін пакараньня фігурантам да 11 гадоў зьняволеньня кожнаму.

У лютым 2013 году абарона Лебедзева і Хадаркоўскага абскардзіла другі прысуд у Вярхоўным судзе РФ. Адвакаты папрасілі адмяніць прысуд першай інстанцыі і ўсе наступныя рашэньні судоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG