Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖынкі сёлета сталі БАМЖынкамі


Архіўнае фота
Архіўнае фота

У Валожынскім раёне пад Менскам распачаўся спартова-культурніцкі фэстываль незалежных журналістаў «БАЖынкі-2013».

Па традыцыі яго ладзіць грамадзкая арганізацыя Беларуская асацыяцыя журналістаў. Сёлета фэстываль праходзіць шосты раз.

На традыцыйны фэстываль зьбіраюцца дзясяткі незалежных журналістаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Сёлетні фэст — не выключэньне, паведаміў сябар БАЖ Барыс Гарэцкі:

«Раней гэтая імпрэза адбывалася ў розных рэгіёнах Беларусі, але ўжо трэці год праходзіць пад Менскам. А мэта гэтай сустрэчы — аб’яднаць журналістаў ня толькі за прафэсійнай справай, але таксама сабраць іх у нефармальнай абстаноўцы, абмеркаваць нейкія набалелыя пытаньні, разам прабавіць час і аб’яднаць незалежную журналісцкую супольнасьць. Запрашаем усіх сябраў нашай арганізацыі. І, уласна, неўзабаве распачынаецца афіцыйная частка «БАЖынак 2013».

Сярод гасьцей фэстывалю — музыка Аляксандар Памідораў, які зладзіць для журналістаў музычную праграму. Старшыня Гомельскай філіі БАЖ Анатоль Гатоўчыц, які ня першы год бярэ ўдзел у «БАЖынках», паведамляе, як праходзіць асноўная частка сьвята:

«Мы знаходзімся ў сядзібе Алеся Лася — гэта гістарычны куток, хутар, лес і рэчка. Тут бываў Якуб Колас і жылі прататыпы герояў ягонай „Новай зямлі“. Цяпер мы рыхтуемся, каб атрымаць „акрэдытацыю“ на гэтым фэсьце. А затым пачнуцца розныя спаборніцтвы, выступы і жарты».
У праграме «БАЖынак» — ня толькі спаборніцтвы, конкурсы і канцэрты, але і абмеркаваньне надзённых праблемаў незалежнай журналісцкай супольнасьці

У праграме «БАЖынак» — ня толькі спаборніцтвы, конкурсы і канцэрты, але і абмеркаваньне надзённых праблемаў незалежнай журналісцкай супольнасьці. У тым ліку — нядаўнія пісьмовыя пагрозы віцебскім журналістам, доступ незалежных журналістаў да інфармацыі, магчымасьць акрэдытацыі, бясьпека працы на масавых мерапрыемствах, папярэджаньні і крымінальны перасьлед журналістаў. Галоўнай жа сёлета стане тэма ўмоваў працы так званых вольных журналістаў. Гаворыць намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец:

«Будзе праведзены майстар-кляс аб прававых магчымасьцях дзейнасьці фрылансэраў. І ўвогуле, пад сьцягам фрылансэраў будзе праходзіць гэты фэст, які цяпер носіць назву „БАМЖынкі 2013“. Бо фрылансэры — гэта тыя журналісты, якія ня маюць сталага месца працы ў краіне і да якіх ня вельмі добра ставяцца і супрацоўнікі міліцыі, і іншыя прадстаўнікі ўлады».

Шосты фэстываль незалежных журналістаў «БАЖынкі-2013» завершыцца ў суботу, 3 жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG