Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рух «За справядлівыя выбары» дамагаецца рэгістрацыі праз суд

абноўлена

У Вярхоўным судзе Беларусі разглядае скаргі на Міністэрства юстыцыі, якое адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі праваабарончаму грамадзкаму аб’яднаньню «За справядлівыя выбары».


Вярхоўны суд Беларусі пачаў разгляд скаргі на адмову Міністэрства юстыцыі ў рэгістрацыі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары». Старшынствуе на працэсе судзьдзя Валеры Самалюк.

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі аб’яднаньня па двух прычынах. Першая заключаецца ў тым, што сьпіс заснавальнікаў аб’яднаньня быў напісаны ад рукі, другая — што ў статуце сярод формаў дзейнасьці значылася правядзеньне трэнінгаў і канцэртаў.

«Хачу адзначыць, што пры першай спробе рэгістрацыі аб’яднаньня прэтэнзіі аб запаўненьні сьпісу заснавальнікаў ад рукі нам чамусьці не вылучаліся. Што тычыцца правядзеньня трэнінгаў і канцэртаў, то мы разумеем, што неабходна атрымаць адпаведную ліцэнзію, і мы зьбіраліся так і паступіць пасьля рэгістрацыі, а не рабіць усё наадварот», — падкрэсьліў Віктар Карняенка.

Скаргу на Мінюст падалі ў Вярхоўны суд палітыкі Сяргей Калякін, Віктар Карняенка і Валеры Ўхналёў.

У сакавіку 2013 года ў Менску прайшла ўстаноўчая канфэрэнцыя праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня «За справядлівыя выбары».

У ёй ўдзельнічалі больш за 100 дэлегатаў з розных гарадоў Беларусі. Яны зацьвердзілі статут арганізацыі, абралі кіруючыя органы. Сустаршынямі новай праваабарончай арганізацыі былі абраныя Сяргей Калякін і Віктар Карняенка.
Гэта другая спроба зарэгістраваць грамадзкае аб’яднаньне. Першая была зробленая ў 2011 годзе пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2010 года.

Адзін з пазоўнікаў Віктар Карняенка перад працэсам заявіў карэспандэнту Свабоды:

Віктар Карняенка
Віктар Карняенка
«Мы не летуценьнікі, мы разумеем, чаго чакаць. Сытуацыя ў краіне не памянялася, і мы разумеем, што ўсё пойдзе далей па звыклым сцэнары. Зразумела, што падставы, якія знайшоў Мін’юст, несур’ёзныя, і мы гатовыя іх абвяргаць. Абавязкова кампанія будзе. Яна будзе праводзіцца і падчас мясцовых выбараў, і на наступных. Рэгістрацыя да гэтага мае мала дачыненьня. Хоць некаторыя тэхналягічныя пытаньні, як, напрыклад, вылучэньне кандыдатаў у камісіі ці вылучэньне назіральнікаў, было б значна прасьцей вырашаць. Але гэта ня ёсьць істотнай перашкодай, якая можа спыніць кампанію. Кампанія абавязкова будзе, як будзе і працяг па стварэньні аб’яднаньня. Будзе трэцяя, чацьвёртая, пятая спроба».

Скаргу на Мін’юст падалі ў Вярхоўны суд Сяргей Калякін, Віктар Карняенка і Валер Ўхналёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG