Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сушы зь вішнямі па-глыбоцку


Першы ў Беларусі «Вішнёвы фэстываль» праходзіў у горадзе Глыбокае на працягу мінулага тыдня. ФОТА

Усё Глыбокае з гэтае нагоды ўбралася ў «вішнёвую» сымболіку: паўсюль разьвешаныя сьцяжкі з выявамі вішань, быў адчынены помнік вішні, вішнёвымі піргамі і наліўкамі частавалі гасьцей на выставах кулінарнага майстэрства, быў праведзены конкурс прыгажосьці «Вішнёвая краса» і ўрэшце 27 ліпеня чатыры маладыя пары справілі «Вішнёвае вясельле».

Вішні ў гэтыя дні сустракаліся ў Глыбокім на кожным кроку. Нават у расфарбоўцы каналізацыйных люкаў і аўтобусных прыпынкаў.

«Вішнёвае» Глыбокае
«Вішнёвае» Глыбокае


«Вішнёвымі» былі названыя ўсе імпрэзы фэсту: конкурс «Вішнёвая каралева», канцэрт «Вішанькі-чарэшанькі», «Вішнёвая дыскатэка», спаборніцтвы «Спартыўная вішанька» і гэтак далей.



Гэтымі днямі ў Глыбокім зьявіўся і помнік вішні – так называюць гэтую дэкаратыўную скульптуру. Пра яе склаліся ўжо і мясцовыя павер'і: калі хочаш, каб твой жыцьцёвы шлях быў лёгкі і просты, трэба пацерці чаранкі тром чырвоным вішанькам, уладкаваным на зялёны пастамэнт. Калі хочаш, каб жыцьцё было заможным, трэба пацерці вішнёвыя лісьцікі. А калі хочаш, каб удалося сямейнае жыцьцё, трэба тройчы абысьці выкол помніка за руку з каханым ці каханай… Апошняя легенда адразу стала часткай мясцовых вясельных цырымоній.

«Глыбоцкая вішня», аўтар І.Казак
«Глыбоцкая вішня», аўтар І.Казак


Спраўлялі ў Глыбокім і «Вішнёвае вясельле»: адразу чатыры пары ўрачыста пабраліся шлюбам на цэнтральнай плошчы Глыбокага, на вачох некалькі соцень землякоў. Імпрэза была амаль што цалкам беларускамоўнай – апрача хіба што прамовы прадстаўніка ўлады – старшыні райвыканкаму Алега Морхата ды працэдуры ўручэньня пасьведчаньняў пра шлюб. Рэгістрацыя шлюбу ўключала ў сябе і элемэнты народных традыцый – майстры мясцовага дому рамёстваў тут жа, на сцэне, дапамаглі маладым зрабіць адмысловыя паясы, якім тут жа «на моцнае каханьне і супольнае жыцьцё» зьвязалі рукі новым сямейным парам.

«Горка!»
«Горка!»


Маладых віталі ня толькі сваякі і госьці – шчасьця ім пажадала і «вішнёвая каралева» са сваёй «сьвітай».



Гэты пэрсанаж зьявіўся ў сцэнары фэстывалю таму, што вішня для глыбачан сымбалізуе надзею, маладосьць, жаночую прыгажосьць, а вішнёвы сад здаўна лічыўся самым любімым месцам адпачынку. Дарэчы да пачатку фэстывалю ў Глыбокім пасадзілі малады вішнёвы сад – на ўезьдзе ў райцэнтар з усходняга боку.

Адно што засмучала гасьцей – тое, што вішні ў Глыбокім ужо сабралі, сэзон скончыўся. Але разнастайных кулінарных вырабаў зь вішнямі было – на любы густ: пірагамі ды наліўкамі частавалі на «падворках», якія прадстаўлялі мясцовыя сельгаспрадпрыемствы.



Не забыліся прарэклямаваць і іншую прадукцыю, якой славіцца Глыбоччына, – «згушчонку» і вядомыя вырабы Падсьвільскага вінзаводу.



А на выстаўцы букетаў можна было ўбачыць рэчы і зусім ужо фантастычныя – сушы з вішнямі.


Cёньня амаль на кожным глыбоцкім падворку ёсьць вішні. Найчасьцей гэта мясцовыя зімаўстойлівыя беларускія гатункі, выведзеныя якраз тут, у Глыбокім. Тут добра родзяць так званыя «лапыровы» вішні – вельмі салодкія і сакавітыя ягады, названыя ў гонар тутэйшага агранома-сэлекцыянэра Баляслава Лапыра, які ў 1930-я гады вывеў і распаўсюдзіў па ўсёй Глыбоччыне гэты гатунак.

Так што Глыбокае мае поўнае права стацца сталіцай беларускага «Вішнёвага фэстывалю». У Беларусі гэты фэст прайшоў упершыню. А што да іншых краін, то «вішнёвыя» сьвяты ладзяць у ЗША, Харватыі, Літве, Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG