Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі сцэнар для Сноўдэна


Сёньня польскае выданьне «Gazeta Wyborcza» публікуе вэрсію магчымых паводзінаў Эдварда Сноўдэна пасьля атрыманьня ім часовага прытулку ў Расеі.

Паводле газэты, якая спасылаецца на кіраўніка Грамадзкай палаты Расеі, адваката Анатоля Кучарэну, Сноўдэн папрасіў у Расеі часовы прытулак тэрмінам на адзін год, які пасьля можа яшчэ быць працягнуты на чарговыя 12 месяцаў. Паводле расейскіх законаў, выкрывальнік сыстэмы міжнароднага сачэньня амэрыканскіх спэцслужбаў можа чакаць вырашэньня свайго лёсу аж тры месяцы. Але расейскія ўлады ўжо цяпер могуць выдаць часовае пасьведчаньне асобы, якое дае яму права перасячэньня расейскай дзяржаўнай мяжы.

І вось тут, паводле «Gazeta Wyborczej», амэрыканец мог бы пераехаць у Беларусь, паколькі паміж дзьвюма краінамі адсутнічае мяжа. Зь Менску ўлады Беларусі маглі б яго перакінуць транспартным вайсковым самалётам у Афрыку і адтуль далей, у Паўднёвую Амэрыку, дзе некалькі краінаў гатовыя Сноўдэна прыняць.

Маскоўскі экспэрт у галіне спэцыяльных службаў Андрэй Салдатаў у інтэрвію «Gazeta Wyborczej» заявіў, што такі сцэнар разьвіцьця падзеяў уважае цалкам праўдападобным і карысным для Расеі. Расея ня хоча больш выразна ангажавацца у справу Сноўдэна, каб ня выклікаць новага канфлікту з Вашынгтонам, які заяўляе, што краіна, якая дапаможа Сноўдэну, будзе мець праблемы.

У аўторак улады ЗША паўтарылі, што Эдвард Сноўдэн павінен трапіць на сваю радзіму, бо ён ня ёсьць абаронцам правоў чалавека ці дысыдэнтам. Паводле ЗША — ён здраднік дзяржаўных сакрэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG