Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тахрыр па-эўрапейску


Магчымасьці пратэстаў у разьвітых краінах аналізуе на сайце расейскай службы Радыё Свабода Яраслаў Шымаў.

«Дзяржаўным дзеячам ў ЗША і Эўропе няварта самазадаволена паглядаць, як разьвіваюцца падзеі на вуліцах Стамбулк і Сан-Паўлу. Было б грубай памылкай думаць, што «тут такое адбыцца ня можа» — напісаў у сваім нядаўнім артыкуле амэрыканскі палітоляг Фрэнсіс Фукуяма.

У амэрыканскага палітоляга Фрэнсіса Фукуямы неадназначная рэпутацыя. У пачатку 90-х ён праславіўся сваёй канцэпцыяй «канца гісторыі». Яе ядром служыла тэза, што лібэральная дэмакратыя зьяўляецца найбольш дасканалай і, мабыць, апошняй, раз далей удасканальваць няма чаго, формай сацыяльна-палітычнага ладу, якая хутка распаўсюдзіцца па ўсім сьвеце. Праз 20 гадоў пасьля выхаду працы Фукуямы ёсьць куды больш падставаў для скепсісу ў дачыненьні да яго высноваў, чым для згоды зь імі. Але палітоляг выступае з новымі ацэнкамі і прагнозамі, якія, магчыма, апынуцца больш блізкімі да рэальнасьці, чым тэорыя пра «канец гісторыі».

Аналізуючы масавыя пратэсты, якія пракаціліся ў гэтым годзе па розных краінах, ад Бразыліі да Эгіпту і Турэччыны, Фукуяма прыходзіць да высновы аб тым, што гаворка ідзе пра «рэвалюцыі сярэдняй клясы», якая «паўсюль, дзе яна паўстала, выклікае палітычныя забурэньні, але толькі зрэдку ёй ўдаецца самастойна ажыцьцявіць ўстойлівыя палітычныя перамены... Так, юныя ўдзельнікі мітынгаў у Тунісе і на плошчы Тахрыр у Эгіпце, дамогшыся скіданьня адпаведных дыктатараў, не змаглі разьвіць посьпех і арганізаваць палітычныя партыі, якія змаглі б пазмагацца за ўладу на выбарах... Такі ж лёс, верагодна, чакае пратэстоўцаў і ў Турэччыне. У гэтай сацыяльнай групы... такія ж складанасьці ў наладжваньні сувязяў зь іншымі клясамі, якія сталі слабасьцю падобных рухаў у Расеі, Украіне і ў іншых краінах».

Аднак, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, рух сярэдняй клясы, незадаволенай сваім сацыяльным адчужэньнем, толькі набірае сілу, лічыць Фукуяма.


Таму "дзяржаўным дзеячам ў ЗША і Эўропе няварта самазадаволена паглядаць, як разьвіваюцца падзеі на вуліцах Стамбулу і Сан-Паўлу. Было б грубай памылкай думаць, што"тут такое адбыцца ня можа«.


Пратэст без ідэяў і лідэраў


Ці магчымы ў Эўропе аналяг выступаў на каірскай плошчы Тахрыр? На думку швэдзкага палітоляга Сары Эн Рэнік, хоць эўрапейскія грамадзтвы выглядаюць куды больш стабільнымі, чым блізкаўсходнія або лацінаамэрыканскія, агульнае паміж пратэстнымі рухамі ва ўсіх гэтых краінах знайсьці можна: «Галоўная мэта як удзельнікаў „арабскай вясны“, так і рухаў кшталту гішпанскіх Los Indignados („Абураных“) — сацыяльная справядлівасьць. Іх падсілкоўвае вострае пачуцьцё несправядлівасьці — палітычнай, сацыяльна-эканамічнай або абедзьвюх адразу. Гэтыя разнастайныя руху пратэсту патрабуюць ні больш ні менш як перагляду ўсяго сацыяльнага кантракту, сыстэмы адносін паміж дзяржавай і грамадзтвам — у бок большага ўдзелу апошняга ў дзяржаўных справах і пераасэнсаваньня практыкі дэмакратыі».

Зрэшты, калі ў Эгіпце «другая сэрыя» масавых выступаў прывяла да новага павароту падзей — зрынаньня прэзыдэнта Мухамада Мурсі, то ў эўрапейскіх краінах у гэтым годзе людзі выходзяць на дэманстрацыі куды радзей і ў меншай колькасьці, чым год ці два таму. Крыху «завялі» і згаданыя Los Indignados, і іх менш арганізаваныя партугальскія і грэцкія аналягі. У Францыі самымі шматлюднымі сталі маніфэстацыі, якія можна лічыць палітычнымі толькі часткова: яны былі арганізаваныя прыхільнікамі і праціўнікамі закона аб аднаполых шлюбах. Пацьвярджаецца меркаваньне, выказанае ў 2011 годзе галяндзкім сацыёлягам і левым актывістам Жэромам Роосам: «У нас ёсьць рух, але ў яго няма напрамку. У нас ёсьць ідэалы, але яны пакуль не знайшлі выраз у ясна сфармуляванай ідэалёгіі». Незадаволеныя разышліся з плошчаў па дамах, не знайшоўшы ні лідэраў, ні праграмаў, якія пераўтварылі б іх стыхійны сацыяльны пратэст у палітычны.

У той жа час прычыны для незадаволенасьці эўрапейцаў, перш за ўсё маладых, нікуды ня зьніклі. Гэта ня толькі беспрацоўе і бюджэтныя скарачэньні як такія. Мільёны адукаваных гараджан адчуваюць, як хутка павялічваецца разрыў паміж іх звычкамі і чаканьнямі, сацыяльным статусам, на які яны маглі б прэтэндаваць у нядаўнія добрыя часы, і несуцяшальнай рэальнасьцю, калі застаецца радавацца нават не занадта прывабным прапановам працы за тысячы кілямэтраў ад дому. Фрэнсіс Фукуяма фармулюе гэта як «няздольнасьць грамадзтва задаволіць спадзяваньні, якія хутка растуць „тых, хто застаўся за бортам. Дакладней, „новых незадаволеных“, тых, каго яшчэ не паглынула „культура беднасьці“ гарадзкіх ускраін, але пагроза таго, што гэта здарыцца, робіцца для іх усё больш адчувальнай.

Да незадавальненьня радыкалаў, вулічныя пратэсты ў Эўропе рэдка маюць антысыстэмны характар. Пакуль не знаходзіць шырокага водгуку рыторыка левых рамантыкаў накшталт Жэрома Рооса, які сьцвярджае, што „зь цяперашнім крызісам нельга скончыць з дапамогай рэгуляцыі або“ касмэтычнай хірургіі“... Яго можа вырашыць толькі пераход да іншай сацыяльнай сыстэмы». Аднак выразна сфармуляваць, як менавіта магла б выглядаць такая сыстэма, у ідэолягаў пратэстнага руху пакуль не атрымліваецца. Большасьць маніфэстацыяў праходзіць пад сацыяльна-эканамічнымі лёзунгамі — супраць скарачэньня сацыяльных выплат, беспрацоўя, якое расьце, або высяленьня даўжнікоў з займанага імі жыльля, як у Гішпаніі.


Звычка да дэмакратыі



Падчас палітычнага крызісу ў Партугаліі, выкліканага канфліктам паміж міністрамі з нагоды маштабаў бюджэтных скарачэньняў, большасьць апытаных штотыднёвікам Expresso выказаліся альбо за датэрміновыя выбары (37,2%), альбо за перастаноўкі ў цяперашнім урадзе (45,1%). (У выніку прэм’ер-міністр Педру Пассуш Коэльё пайшоў па другім шляху, хоць крызіс пакуль не завершаны). Такім чынам, масавых «антысыстэмных» настрояў у грамадзтве не назіраецца. Дэмакратыя застаецца адзіна прымальнай палітычнай мадэльлю для большасьці грамадзян нават у моцна пацярпелых ад крызісу эўрапейскіх краінах кшталту той жа Партугаліі ці Італіі.

Незадаволенасьць эўрапейцаў сваімі палітыкамі пакуль часьцей за ўсё прыводзіць іх да галасаваньня за папулісцкія партыі: такая прырода нядаўніх посьпехаў на выбарах ангельскай Партыі незалежнасьці Злучанага Каралеўства на чале з Найджэлам Фараджа і італьянскага «Руху пяці зорак» Бэппа Грыла. Да таго ж, у адрозьненьні ад Эгіпту ці (у нядаўнім мінулым) Турэччыны, у краінах Эўразьвязу арміі даўно па-за палітыкай. Гэта робіць сыход палітычнай барацьбы больш прадказальным: няма небясьпекі таго, што ў вырашальны момант з-за кулісаў выйдзе чалавек са стрэльбай і прапануе акторам свой уласны сцэнар.

Але ўсё гэта не падстава даваць адназначна адмоўны адказ на пытаньне аб тым, ці магчымы «эўрапейскі Тахрыр».



У Старога Сьвету — свая бяда, дакладней, нават дзьве. Першая: давер грамадзтва да палітычных інстытутаў і палітыкі як такой імкліва падае. Pew Research Center у траўні апублікаваў вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня, згодна зь якім доля эўрапейцаў, якія пазытыўна ставяцца да ЭЗ і яго органаў, усяго за год зьнізілася з 60% да 45%. У Францыі падзеньне яшчэ больш ўражвае — на 19%, у Гішпаніі — на 14%, і нават у традыцыйна «эўрааптымістычнай» Нямеччыне — на 8%. Падставаў для занепакоенасьці дастаткова ня толькі ў эўрачыноўнікаў з Брусэлю, але і ў лідэраў асобных краін. Толькі дзейнасьць канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркель па барацьбе з эканамічным крызісам грамадзяне яе краіны ацанілі высока (74% станоўчых водгукаў). У астатніх дзяржавах, дзе праводзілася гэтае апытаньне, «антыкрызісныя» рэйтынгі лідэраў знаходзіліся ў дыяпазоне ад 20% (прэм’ер-міністар Чэхіі Пётр Нечас) да 37% (кіраўнік брытанскага кабінэту Дэвід Кэмэран).


Нямецкі комплекс і недахоп салідарнасьці



Іншую эўрапейскую праблему сацыёлягі з Pew Research апісваюць так: «Зацяжны эканамічны крызіс прывёў у дзеяньне цэнтрабежныя сілы, якія разрываюць эўрапейскую грамадзкую думку на часткі, адлучаючы французаў ад немцаў, а немцаў — ад усіх астатніх. Паўднёвыя краіны — Гішпанія, Італія і Грэцыя — робяцца ўсё больш адчужаныя па меры таго, як нарастае іх фрустрацыя з нагоды палітыкі Брусэлю і Бэрліну і ўспрыманьне эканамічнай сыстэмы як несправядлівай».

Доказ — умацаваньне нацыянальных стэрэатыпаў і забабонаў, характэрны для любых цяжкіх часоў.


Сацыёлягі прапанавалі жыхарам розных эўрапейскіх краін набор ацэначных характарыстык і папрасілі назваць тую краіну ЭЗ, якая, на думку рэспандэнтаў, найбольш адпавядае кожнай з гэтых характарыстык. Высьветлілася, што ў большасьці эўрапейцаў — свайго роду нямецкі комплекс: Нямеччына зь вялікім адрывам лідуе і як «найбольш вартая даверу», і як «самая пыхлівая», і як «найменш спачувальная». Аказалася таксама, што брытанцы схільныя не давяраць Францыі (гаворка ў апытаньні была менавіта пра вобразы краін, а не народаў, што не зусім адно і тое ж), італьянцы — сваёй уласнай краіне, а палякі дзіўным чынам лічаць Нямеччыну Германію як вартай, так і ня вартай даверу. Нарэшце, у якасьці носьбітаў сымпатычных характарыстык («найменш пагардлівая», «самая спачувальная») апытаныя, як правіла, называлі ўласную краіну.

Усё гэта ня так ужо дзіўна. Нават дзіўныя адносіны палякаў да Нямеччыны тлумачацца лёгка. Прыкладна па 35% грамадзян гэтай краіны галасуюць за кіроўную «Грамадзянскую плятформу», праэўрапейскую і тым самым адносна пранямецкую, і за апазыцыйную партыю «Права і справядлівасьць», чый нацыяналізм і ваяўнічы каталіцызм замяшаныя на антынямецкіх (і антырасейскіх) настроях. Так што адны думаюць адно, іншыя — наўпрост супрацьлеглае, і агульнай несупярэчлівай карціны не складаецца. Іншая справа, што не складаецца і агульнаэўрапейскага парадку дня. Як заўважыў былы міністар фінансаў Вялікабрытаніі Найджэл Лоўсан, «на кантынэнце заўсёды разумелі, што мэты эўрапейскай інтэграцыі — палітычныя, і эканамічнае збліжэньне — толькі сродак дасягненьня палітычных мэтаў».

Гэта відавочнае перабольшваньне, паколькі калі б «заўсёды разумелі», напэўна, не было б і сёньняшняга расколу ў меркаваньнях наконт шляхоў выхаду з крызісу.


Тым ня менш гэта пакуль наўрад ці пагражае паўнамаштабным сацыяльным выбухам. Пласт «падскурнага тлушчу», назапашанага Эўропай за больш чым паўстагодзьдзя мірнага і пасьпяховага разьвіцьця, досыць вялікі, а карані дэмакратыі і праўнага парадку трывалыя, прынамсі ў Заходняй Эўропе (адносна Ўсходняй на гэты конт зьяўляюцца пэўныя засьцярогі). Нямецкі філёзаф і сацыёляг Юрген Хабэрмас бачыць галоўную небясьпеку для будучыні Эўразьвязу не ў паўтарэньні чагосьці падобнага на беспарадкі ў Каіры або Стамбуле, а ў недахопе салідарнасьці, у негатовасьці многіх эўрапейцаў — у тым ліку і грамадзян самай багатай і стабільнай краіны ЭЗ, Нямеччыны — ўспрымаць цяперашнія праблемы як агульныя, а не як вынік інтрыг «падступнага» Брусэлю або «бязьлітаснага» Бэрліну. На думку Хабэрмаса, «калі мы хочам захаваць саюз, недастаткова, улічваючы дысбалянс паміж нацыянальнымі эканомікамі, даваць пазыкі краінам з празьмернай запазычанасьцю так, каб кожная краіна самастойна павялічвала сваю канкурэнтаздольнасьць. Замест гэтага патрабуецца салідарнасьць, сумесныя намаганьні, зробленыя сыходзячы з агульнай палітычнай пэрспэктывы» .

Такія праблемы наўрад ці вырашаюцца на плошчах. Але іх ужо нельга вырашаць і толькі ў кабінэтах палітыкаў і чыноўнікаў, на закрытых сустрэчах і перамовах. Магчыма, Фрэнсіс Фукуяма і на гэты раз пасьпяшаўся з прагнозам, абвясьціўшы аб «рэвалюцыі сярэдняй клясы». Але тое, што барацьба з адчужэньнем грамадзтва ад улады робіцца праблемай ня толькі краін разьвіцьця, ўжо зусім ясна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG