Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкавіцкаму актывісту адмянілі мільённы штраф


Рабянок
Рабянок

Гомельскі абласны суд адмяніў мільённы штраф сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі Дзянісу Рабянку з Калінкавічаў.

Адміністрацыйная справа пра нанясеньне актывістам лёгкіх цялесных пашкоджаньняў прадпрымальніку Ўладзімеру Жыгару накіравана на новы разгляд у Калінкавіцкі раённы суд.

Рабянок: «Пацярпелы ў гэтай справе насамрэч ня Жыгар, а я сам. Ён пырснуў мне ў вочы сьлезацечным газам. Міліцыя аднабока падала гэты інцыдэнт у суд, і я застаўся вінаватым».

Канфлікт здарыўся яшчэ ў красавіку. Дзяніс Рабянок выйшаў на свой уласны суботнік — прыбраць клюмбу насупраць балькона ў шматкватэрным доме. Такая ініцыятыва зь нейкай прычыны прыйшлася не даспадобы суседу Ўладзімеру Жыгару, які ня раз чапляўся да апазыцыйнага актывіста. Гэтым разам за тое, што ён нібыта перашкаджае адпачываць: «Праклятыя апазыцыянэры, вас забіваць трэба, высяляць трэба, як кажа наш прэзыдэнт». Рабянок яму ў адказ: «Супакойся ды ідзі палячыся, калі ў цябе нэрвы».

Калі Дзяніс скончыў працу і вяртаўся дадому, яго ў двары заўважыў Уладзімер Жыгар. Ён выскачыў з машыны, падбег да Рабянка й пырснуў яму ў вочы газам з балёнчыка.

Напад бачыла Дзянісава маці — яна выклікала сыну хуткую дапамогу й паведаміла пра інцыдэнт у міліцыю. Мэдыкі забралі Дзяніса ў шпіталь, аказалі першую дапамогу. Ён мусіў яшчэ тыдзень лекавацца ў афтальмоляга з прычыны хімічнага апёку вачэй.

Дзяніс Рабянок падаў у міліцыю заяву на прыцягненьне нападніка да адказнасьці.

Аднак праз два тыдні атрымаў копію пастановы за подпісам намесьніка начальніка Калінкавіцкага райаддзелу міліцыі Станіслава Расошкі і ўчастковага інспэктара Ўладзімера Паўловіча. Дзяніса Рабянка абвінавацілі ў разьвязваньні бойкі, нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў Уладзімеру Жыгару. Апошні праз два дні пасьля інцыдэнту прадставіў даведку судмэдэкспэрта, што ў яго пашкоджана губа й ёсьць сінякі на плячы й сьцягне.

Скарга Дзяніса Рабянка ў пракуратуру выніку ня мела. Участковага інспэктара Паўловіча ў судзе не было. Патлумачыць, чаму Дзяніса не накіравалі на судмэдэкспэртызу падчас падачы заявы ў міліцыю, не было каму. Участковы Паўловіч наагул склаў пратакол у дачыненьні да апазыцыянэра, не апытаўшы нават усіх сьведак.

Судзьдзя Калінкавіцкага раённага суду Ўладзімер Міцуля, які разглядаў дасланую ў суд пастанову зь міліцыі, асабліва не паглыбляўся ў сутнасьць канфлікту. 7 чэрвеня ён прызнаў апазыцыйнага актывіста вінаватым у нанясеньні цялесных пашкоджаньняў Уладзімеру Жыгару і аштрафаваў на 1 мільён рублёў. Пастанову раённага судзьдзі Міцулі і адмяніў абласны суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG