Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму палітыкі перасталі гаварыць пра вялікі падман пачатку 90-х гадоў…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
Значная частка лістоў і тэлефанаваньняў, якія мы атрымліваем ад нашых слухачоў, — пра эканамічныя праблемы апошняга часу, пра тое, як няпроста выжываць у гэтых умовах пэнсіянэрам. Многія людзі сталага веку пры гэтым згадваюць, як у той час, калі былі маладыя і здаровыя, задумваліся пра будучую старасьць, зьбіралі капейку да капейкі і несьлі на рахунак у ашчадную касу. Але дзе цяпер тыя ашчаджэньні?

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну піша:

«Дзіўна, што палітыкі (у тым ліку апазыцыйныя) неяк пакрысе перасталі нагадваць пра вялікі падман пачатку 90-х гадоў, калі камуністычныя ўлады абясцэнілі нашы грашовыя ўклады ў Ашчадным банку. Калі нам іх вернуць? Цяпер улада ўжо нават ня згадвае пра гэта і нічога не абяцае. А гэта ж — вялікія грошы. Я разам з маці меў на рахунках каля 20 тысяч рублёў. Трымаў, як і многія, на чорны дзень, калі ўжо ня здолею зарабіць самастойна. Дык усе мае надзеі рухнулі, лопнулі, як мыльная бурбалка…

Лукашэнка, відавочна, нікому ўладу аддаваць не зьбіраецца — ні праз выбары, ні добраахвотна. Напэўна, трэба абвяшчаць яго каралём. Можна і карону вырабіць у нацыянальных традыцыях — сплесьці з саломы… Бо шапку Манамаха яму наўрад ці дадуць: у Крамлі за яе моцна трымаюцца.

Увогуле, ня хочацца, каб Расея вырашала за нас — як жыць, што рабіць… Досыць, пры Саюзе нацярпеліся ейнага дыктату. Хоць бы цяпер надыхацца свабодай. Ды толькі дзе яна, тая свабода? Гляджу на моладзь — і рукі апускаюцца. Такое ўражаньне, што ёй усё роўна: ці ў плуг яе ўпрагаюць, ці ярмо на шыю надзяваюць… А мы ж, старэйшыя, лепш ведаем, што такое няволя. Мы чулі плач дзяцей, калі з двара забіралі апошніх курэй, калі масла вымалі з маслабойкі, калі зерне зь печы выгортвалі… Хопіць нам таго Саюзу — ня дай Бог, каб нешта падобнае зноў паўтарылася… Эх, болей было б у нас адважных, разумных, сьвядомых і цьвярозых людзей — іншым было б жыцьцё. І барацьба вельмі хутка скончылася б перамогай».

Сапраўды, кіраўніцтва Беларусі практычна перастала згадваць пра падманутых укладчыкаў савецкага Ашчаднага банку. На ўсе падобныя пытаньні звычайна гучыць дзяжурны адказ: грошай на гэта пакуль што няма. Магчыма, потым, у няпэўнай пэрспэктыве, зьявяцца. Разьлік яўна на тое, што пакрысе праблема адпадзе сама сабой: укладчыкі проста паўміраюць, і ніхто тых грошай патрабаваць болей ня будзе.

Заўважу, што многія былыя савецкія рэспублікі — у тым ліку суседнія Літва і Ўкраіна — кампэнсацыі пацярпелым укладчыкам даўно выплацілі. Стаўленьне да гэтай праблемы даволі паказальнае, бо выразна сьведчыць пра ступень маральнасьці кіроўных рэжымаў, іхнай адказнасьці перад уласнымі грамадзянамі. Беларуская ўлада ўсяляк падкрэсьлівае сваю сувязь з савецкім мінулым, пераемнасьць традыцыяў і парадкаў з колішняй БССР. Пазычыла там і герб, і сьцяг, і пампэзныя парады, і аўтарытарную сыстэму… Вось толькі пакрыўджаных і зьняважаных той сыстэмай старых чамусьці заўважаць упарта не жадае.

✉ ✉ ✉

Барыс Руцько зь Менску заклапочаны пытаньнем пра тое, ці гатовая дэмакратычная апазыцыя да наступных прэзыдэнцкіх выбараў, якія павінны адбыцца ў Беларусі ў 2015 годзе:

«Адказ на гэтае пытаньне відавочны: не гатовая. Надта шмат у апазыцыйным асяродзьдзі разброду, расколу і недальнабачнасьці. А да ўсяго — замінаюць дамаўляцца непамерныя амбіцыі лідэраў. Падазраю, што значная частка сярод іх — завэрбаваныя спэцслужбамі агенты.

А самае страшнае — тое, што многія цяперашнія так званыя „актывісты“ робяць на палітыцы ўласны бізнэс.

Усё гэта разам узятае стварае глебу для чарговай паразы на наступных прэзыдэнцкіх выбарах. Што рабіць, каб паразы не было?
У праграме павінен быць адзін вырашальны пункт наступнага зьместу: „Апазыцыя выступае за аб’яднаньне Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй у адзіную дзяржаву на прынцыпах канфэдэрацыяй“

Найперш — дамагчыся, каб у Беларусі засталася толькі адна, але згуртаваная, магутная апазыцыйная сіла. І яна павінна вылучыць адзінага яркага і ўплывовага кандыдата ў прэзыдэнты.

Патрэбна іншая тактыка агітацыі, іншая праграма — альтэрнатыўная і звыклым заклікам дэмакратаў, і надакучліваму курсу Лукашэнкі. Увогуле, у праграме павінен быць адзін вырашальны пункт наступнага зьместу: „Апазыцыя выступае за аб’яднаньне Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй у адзіную дзяржаву на прынцыпах канфэдэрацыі. За адзіную валюту — расейскі рубель — на тэрыторыі Беларусі“. Гэтым можна выбіць крэсла з-пад Лукашэнкі, які на словах выступае за так званую „саюзную дзяржаву“, але на справе нічога дзеля гэтага ня робіць і ні да якага аб’яднаньня не вядзе».

Вы, спадар Барыс, усур’ёз лічыце, што ідэя зьнішчэньня незалежнасьці ўласнай дзяржавы можа стаць падмуркам для аб’яднаньня ўсіх дэмакратычных сілаў і згуртаваньня грамадзтва? Пад лёзунгамі далучэньня да Расеі ўжо, здаецца, нават самыя адыёзныя артадаксальныя камуністы не выступаюць: пераканаліся, што гэтая ідэя імкліва страчвае прывабнасьць у грамадзтве і асаблівых дывідэндаў на ёй не заробіш. Ну, а сярод дэмакратычных сілаў падобнае ўвогуле немагчыма ўявіць…

Што да неабходнасьці адзінства і згуртаванасьці апазыцыі… Практыка мінулых дваццаці год сьведчыць пра тое, што, нягледзячы на ўсе высілкі, яшчэ ні разу падчас шматлікіх выбарчых кампаніяў дасягнуць поўнага адзінства не ўдавалася. І наўрад ці будзе па-іншаму ў 2015 годзе…

✉ ✉ ✉

Пра тое, як мясцовая ўлада спрабуе змагацца з масавым п’янствам у вёсцы, распавядае наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў:

«У дачны пасёлак, дзе я жыву ўлетку, прыехала аўталаўка. Сабралася чарга. Кіроўца, ён жа гандляр, адчыніў дзьверы фургона, і ўсе ўбачылі на іх аркуш паперы, на якім буйнымі літарамі было напісана, што ў сувязі зь сельскагаспадарчымі работамі гандаль пладова-ягаднымі сьпіртаўтрымліваючымі напоямі на пэрыяд да 30 чэрвеня забаронены загадам райвыканкаму.

Я паспрабаваў уявіць: а што было б, каб такі загад быў выдадзены ў якой-небудзь акрузе, напрыклад, штату Каліфорнія, ЗША, у сувязі са зборам бавоўны, апэльсінаў, трускалак або артышокаў? Але, акрамя карэты „хуткай псыхіятрычнай дапамогі“ і мажных санітараў, якія заподручкі выводзяць з будынка адміністрацыі акругі яе кіраўніцтва ва ўтаймавальных кашулях, мне чамусьці нічога іншага не ўявілася.

Дзіўныя справы твае, Госпадзе! Што ў нас — норма, там — вар’яцтва!»

Насамрэч кіраўнікоў раёну зразумець можна, спадар Кастусь. Трава перастойвае — самы час касіць, кармы нарыхтоўваць — а амаль усе трактарысты ўжо з раніцы ля крамы аціраюцца. Танныя «чарніла» і гарэлка падкасілі беларускую вёску ня меней, чым у свой час калектывізацыя. У сёньняшніх калгасах непітушчы працавіты мужык — гэта хутчэй выключэньне, чым правіла. Тыя кіраўнікі, якім штодня даводзіцца сутыкацца з гэтай праблемай, гатовыя хоць заўтра сухі закон увесьці — настолькі відавочныя наступствы татальнага п’янства ў вёсцы. Але цэнтральная ўлада па-ранейшаму абмяжоўваецца паўмерамі.

✉ ✉ ✉

Мікола Валошчык зь Белаазёрску Бярозаўскага раёну адклікнуўся на адно з тэлефанаваньняў, якое прагучала ў эфіры Свабоды. У ім слухачка выказвалася ў падтрымку палітыкі русыфікацыі, якая праводзіцца ў Беларусі. Спадар Мікола піша:

«Мяне глыбока абурыла сьцьвярджэньне гэтай жанчыны, што беларуская мова, маўляў, — гэта сумесь моў суседніх народаў і што дзяцей трэба вучыць толькі расейскай мове, бо яна мае перавагі.

А што, расейская мова не ўвабрала ў сябе запазычаньняў ад суседзяў, у тым ліку і ад беларусаў-літвінаў, якія ў сярэднявеччы мелі значна больш перадавую дзяржаву, чым расейцы-маскоўцы?
Наша мова — гэта Божы дар. І ніхто ня мае права пасягаць на яго, зьнішчаць шляхам русыфікацыі
Наша мова — гэта Божы дар. І ніхто ня мае права пасягаць на яго, зьнішчаць шляхам русыфікацыі. Тое, што робіць цяпер улада ў моўным пытаньні, — абуральна. Нацыю вядуць да асыміляцыі. А мова ж — гэта сувязь паміж пакаленьнямі, гэта апошняе апірышча народу. Для мяне беларуская мова — гэта Боская бела-чырвоная кветка на нашай плянэце, самая мілагучная з усіх славянскіх моў. І тым, хто гэтую кветку не шануе, Бог не даруе — незалежна ад таго, хто гэта: заежджы расеец, чыноўнік-манкурт ці абыякавы селянін беларускай вёскі.

Сумна, што Расея ніяк ня можа пазбавіцца ад сваіх імпэрскіх амбіцыяў. Навошта ім наша мова, наша незалежнасьць? Столькі неасвоеных прастораў у расейцаў — няхай абжываюць, уладкоўваюць, наладжваюць гаспадарку там — у Нечарназем’і, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе… Мне неабыякавы лёс Расеі: там жывуць мае родныя, мае ўнукі. Але ж найперш я думаю пра будучыню сваёй радзімы — Беларусі».

Наўрад ці Масква наўпрост патрабуе ад Беларусі русыфікацыі і зьнішчэньня беларускай мовы. Гэта, хутчэй, ініцыятыва цяперашніх беларускіх уладаў: жаданьне прадэманстраваць, што адданы саюзьнік дбае пра ўсё расейскае нават болей, чым самі расейцы. Хоць насамрэч для палітыкаў, якія стратэгічна мысьляць пра будучыню і пра нацыянальную бясьпеку сваёй дзяржавы, відавочна: нацыянальная мова — адзін з найважнейшых фактараў, які згуртоўвае нацыю і ўмацоўвае гэтую бясьпеку. Зрусыфікаваная Беларусь — гэта краіна значна больш слабая і ўражлівая на магчымыя пагрозы з Усходу, чым Беларусь, якая б будавалася на ўласных нацыянальных каштоўнасьцях.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG