Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Парад — змарнаваныя грошы. Лепш бы аддалі іх на мэдыцыну альбо на пэнсіі…»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
На што найчасьцей наракаюць і скардзяцца аўтары допісаў на Свабоду? На сацыяльную несправядлівасьць, самаўпраўства чыноўнікаў, на іхную бескантрольнасьць і адарванасьць ад патрэбаў шараговых грамадзянаў. Пра гэта — значная частка нашай пошты.

Ігар Пасноў, зь ліста якога пачну сёньняшнюю размову, — былы дзіцячы доктар зь Віцебску, які страціў працу пасьля таго, як стаў востра крытыкаваць абласное начальства за разваленыя і занядбаныя шпіталі і паліклінікі. У сваім новым допісе на Свабоду спадар Ігар піша:

«Тарыфны аклад урача сёньня — 1 мільён 50 тысяч рублёў (гэта я з уласнага досьведу ведаю). З надбаўкамі за пасаду — 2 мільёны. Так, людзі бяруць дадатковую нагрузку, працуюць на 2–3 участках, дзяжураць у выходныя — каб выжыць. Ці сыходзяць… Сындром прафэсійнага выгараньня, стомленасьці ад такога існаваньня.

Асабіста я дагэтуль у шоку ад трагічнай гібелі полацкіх урачоў, якіх выправілі на канфэрэнцыю ў Менск на няспраўнай, „разьдзяўбанай“ машыне хуткай дапамогі… Аварыя, сьмерць — гэта апошні званок па нашай раённай мэдыцыне. Амаль ва ўсіх раёнах Віцебшчыны мэдыкі езьдзяць на выклікі на такіх жа развалюхах. Шпіталі ляжаць у руінах, капітальныя рамонты цягнуцца гадамі. У шпіталях хворыя з сардэчным прыступам і інсультам ляжаць на старых зламаных ложках з панцырнымі сеткамі. Няма прыстасаваных для хворых туалетаў… А ў гэты час у абласным цэнтры знаходзяць грошы на дарагі падземны пераход пад вуліцай Леніна, ля фэстывальнага амфітэатра. Вядзецца рэканструкцыя музэю прыватных калекцый пад чыюсьці сядзібу. (Напэўна, кагосьці з высокапастаўленых чыноўнікаў). Сьлёзы крыўды і роспачы ад усяго гэтага… На дарагія забавы грошы ёсьць, а на дыхальна-наркозныя апараты для анкабальніцы — няма…
На дарагія забавы грошы ёсьць, а на дыхальна-наркозныя апараты для анкабальніцы — няма
Здароўе — гэта самае галоўнае. Таму, на маю думку, улады павінны прызнаць, што сыстэма аховы здароўя ў краіне апынулася ў надзвычайным становішчы і мае патрэбу ў неадкладным дадатковым фінансаваньні. Няхай выдаткуюць грошы хоць бы і з рэзэрву, што ёсьць на выпадак надзвычайных сытуацый. Бо што гэта, калі не надзвычайная сытуацыя? Таксама неабходна неадкладна забараніць закопваць у зямлю народныя мільярды. (Зрэшты, можа, гэта камусьці выгадна — такія дарагія і непатрэбныя будоўлі)?».

Кантроль за будаўніцтвам за дзяржаўны кошт дарагіх і прэстыжных аб’ектаў — гэта найбольш ласы кавалак для прагных да хабару чыноўнікаў. Выдзяленьне зямлі ў цэнтры гораду, дазвол на будаўніцтва, тэндэры на пастаўку абсталяваньня і будматэрыялаў — усё гэта мала чым абмежаваныя магчымасьці для атрыманьня шматмільённых «адкатаў» ад камэрсантаў, якія змагаюцца за права доступу да выгаднага дзяржаўнага падраду. Як кажуць дасьведчаныя людзі, сума адкатаў у выглядзе напакаваных валютай чамаданчыкаў, што перадаюцца чыноўнікам-хабарнікам, даходзіць да 20 працэнтаў ад кошту аб’екту. Гэта — дзесяткі і сотні мільёнаў даляраў. Таму мала дзіўнага ў тым, што ў сталіцы ды абласных цэнтрах так шпарка ўзводзяцца рознага кшталту палацы ды арэны і ў такім занядбаным стане застаецца дзяржаўная мэдыцына. Ня так даўно факт надзвычай высокай карумпаванасьці будаўнічай галіны і зьвязаных зь ёй чыноўнікаў прызнаў і Аляксандар Лукашэнка, назваўшы карупцыянэрамі ледзь ня ўсё кіраўніцтва Менгарвыканкаму. Але хто, калі ня ён, гэтае кіраўніцтва прызначае?

✉ ✉ ✉

3 ліпеня — гадавіна вызваленьня Менску ад нацысцкай акупацыі — у Беларусі пры Лукашэнку стала галоўным дзяржаўным сьвятам і адзначаецца пампэзнымі ўрачыстасьцямі зь вялікім вайсковым парадам. Кароткі камэнтар да гэтай падзеі даслаў нам Мікалай Сваяк зь Менску. Ён піша:

«Каторы дзень вядзецца падрыхтоўка да гэтага параду. Колькі асфальту ўжо сапсавалі, колькі бэнзіну спалілі, колькі нязручнасьці людзям даставілі паралізаваным рухам на вуліцах… І дзеля чаго ўсё гэта? Каго мы хочам напалохаць старымі танкамі і гарматамі? Лепш бы аддалі гэтыя змарнаваныя мільярды рублёў на мэдыцыну альбо на пэнсіі старым…».

Мяркую, спадар Мікалай, шмат што тут тлумачыцца асабістымі якасьцямі і амбіцыямі цяперашняга аўтарытарнага лідэра Беларусі. Ён, галоўнакамандуючы, у маршальскім мундзіры, на трыбуне прымае велічны парад. Грае аркестар, бразгаюць танкавыя гусеніцы, шчасьлівы народ на плошчы крычыць «Ура»… Магчыма, гэта і ёсьць найбольш шчасьлівыя імгненьні для чалавека, для якога такую вялікую каштоўнасьць уяўляе аднаасобная ўлада ў дзяржаве…

✉ ✉ ✉

Пра тое, чаму ў Беларусі людзі рэдка наважваюцца адкрыта і згуртавана адстойваць свае грамадзянскія правы, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Данута Крупіца зь Ліды. Слухачка піша:

«На жаль, людзі хутка забываюць абяцаньні, якія шмат гадоў таму давалі ім палітыкі. Успомніце пачатак 90-х гадоў. Хто абяцаў нам вярнуць савецкія ўклады і запусьціць заводы? І дзе тыя грошы? І дзе запушчаныя заводы?
А што зрабілі з прыватызацыяй! Вось, напрыклад, я маю 102 акцыі Лідзкага малочнага камбінату. За прамінулы з 2004 году час дывідэнды выплацілі двойчы: першы раз 128 тысяч беларускіх рублёў, другі — у 2012-м годзе — 28 тысяч. Спрабавала высьветліць — чаму на працягу многіх гадоў нічога ня плацяць акцыянэрам. Аказалася, увесь прыбытак камбінат пакідае на ўласныя патрэбы, на вытворчасьць. І што мне тады з таго акцыянэрства? Я б ужо і пазбавілася ад гэтых акцыяў, але як і каму іх прадаць?
Беднаму чалавеку даводзіцца, па сутнасьці, галадаць — іншага выйсьця няма
Людзі нашы запалоханыя, абыякавыя. Глядзіш, як у іншых краінах працоўныя абараняюць свае правы, — і толькі зайздросьціш. Вунь як масквічы змагаліся супраць высечкі свайго Хімкінскага лесу — і адстаялі яго. А ў нас сякуць усюды — толькі трэскі ляцяць. І ўсе маўчаць.

Цэны як з ланцуга сарваліся. А ўлада хваліцца, што інфляцыя нізкая. Якая ж яна нізкая, калі ўсё даражэе ледзь ня штодня? Можа, у таго, хто лічыць, калькулятар сапсаваўся? Багатыя знаходзяць выйсьце, як у гэтай сытуацыі нічога ня страціць і нават зарабіць. А вось беднаму чалавеку даводзіцца, па сутнасьці, галадаць — іншага выйсьця няма».

Так, спадарыня Данута, улада чуйна прыслухоўваецца да грамадзкай думкі там, дзе грамадзяне сваю пазыцыю здольныя ў выпадку патрэбы абараняць. Тады і абяцаньняў не забываюць, і ад сумнеўных праектаў дзеля інтарэсаў грамадзтва ахвотна адмаўляюцца. Вельмі выразна гэта было відаць на працягу мінулых некалькіх тыдняў на прыкладзе Турэччыны. Сотні тысяч людзей у розных гарадах краіны выйшлі на вуліцы пасьля таго, як улады вырашылі высекчы парк у цэнтры Стамбула — каб пабудаваць на гэтым месцы чарговы гандлёвы цэнтар. Паступова маніфэстанты пачалі патрабаваць ня толькі адмены будоўлі, але і адстаўкі ўраду, які многія абвінавачваюць у ісламізацыі краіны.

І хоць першапачаткова ўлада не зьбіралася саступаць — а ўрэшце давялося. Прэм’ер-міністар Эрдаган нават сустрэўся з маніфэстантамі і паабяцаў пакараць супрацоўнікаў паліцыі за празьмернае ўжываньне сілы.

✉ ✉ ✉

Алесь Дзіўны з Горадні — даўні і пасьлядоўны крытык дэмакратычнай сыстэмы кіраваньня і свабоднага рынку ў эканоміцы. У сваім новым лісьце на Свабоду слухач піша:

«Нягледзячы на тое, што ўлады Беларусі часта і ахвотна крытыкуюць імпэрыялістычныя парадкі на Захадзе, насамрэч яны вядуць нашу краіну ў тым жа напрамку, дзе вышэй за ўсе не маральныя каштоўнасьці — грошы і толькі грошы. Паглядзіце, як імкліва ў нас ствараецца інфраструктура, так бы мовіць, „свабоды і дэмакратыі“. Пра гадзюшнікі-казіно і начныя клюбы, якія запаланілі цэнтры гарадоў, вы ўжо ведаеце. Заўважылі, якую культуру яны нам нясуць?

Шпаркімі тэмпамі праведзена і працягвае праводзіцца пагалоўная аўтамабілізацыя. Там, дзе былі дрэвы, кусты, кветкі — цяпер асфальт, бэтон, сьмярдзючыя паркоўкі і бэнзазапраўкі. Галоўны прынцып новай забудовы — ушчыльненьне. Дзеля гэтага ідуць пад знос дзіцячыя пляцоўкі, сквэры, паркі, іншыя зялёныя насаджэньні. Галоўнае — уторкнуць як мага больш вышынных будынкаў, зь якіх можна атрымаць звышпрыбытак.
І не заўважым, як зь перамогай якой-небудзь буржуазнай партыі ў нас зьявяцца і свае алігархі-крывасмокі
У кінатэатрах — амэрыканскія баевікі і фільмы жахаў з разгулам гвалту, з крывёю і нянавісьцю. На экранах тэлевізараў — поўна рэклямы: нахабнай, цынічнай, бессаромнай, як і сама сыстэма імпэрыялізму…

З усяго гэтага я раблю выснову, што наша дыктатура зусім ня вечная. Яна амаль цалкам падрыхтавала краіну да так званай „дэмакратыі“. І не заўважым, як зь перамогай якой-небудзь буржуазнай партыі ў нас зьявяцца і свае алігархі-крывасмокі, і браніраваныя „мэрсы“ з аховай. Зьнішчаць прыроду пачнуць яшчэ хутчэй, а казіно і гульнявыя аўтаматы канчаткова запануюць у нашых гарадах… Вядома, гэта ж не змагацца зь беспрацоўем. Дый навошта, калі сярод правячай клясы і топ-мэнэджэраў беспрацоўных няма».

Вы, спадар Алесь, атаясамліваеце дэмакратыю зь бескантрольнасьцю і стыхіяй рынку, так званым «дзікім капіталізмам». Гэта — распаўсюджаная памылка. Цывілізаваны сьвет даўно навучыўся ўтаймоўваць празьмерную прагавітасьць прыватнага капіталу. Прымусіў яго ўлічваць і экалягічныя, і сацыяльныя патрэбы грамадзтва. Гэта датычыць, у прыватнасьці, і гульнёвага бізнэсу, які пачуваецца ў Беларусі надзвычай прывольна практычна ў любым горадзе. А вось калі б вы жылі, напрыклад, у Нью-Ёрку і захацелі наведаць казіно, то дзеля гэтага давялося б пераадолець некалькі тысяч кілямэтраў: бліжэй, чым у Лас-Вегасе, пагуляць у рулетку ня ўдасца. Амэрыканскі закон дазволіў працу казіно толькі там, у пустэльні Нэвада…

У краінах Захаду дзейнічае і жорсткае экалягічнае заканадаўства. Да таго ж у гэтай справе там існуе грамадзкі кантроль, мноства адпаведных суполак і палітычных партыяў «зялёных». Чыноўнік, які б наважыўся даць дазвол на высечку парку дзеля пабудовы з парушэньнем нормаў і без уліку грамадзкай думкі якога-небудзь камэрцыйнага аб’екта, вельмі хутка страціў бы ня толькі пасаду, але, зусім магчыма, і асабістую свабоду.

✉ ✉ ✉

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG