Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі перанесьлі марш


Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Марш пратэсту» прадпрымальнікаў, які плянавалася правесьці 15 ліпеня, перанесены на нявызначаны тэрмін.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў старшыня рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка.

«Праблема нікуды ня зьнікла, і яна рана ці позна ўсплыве. Іншая справа, што цяпер у нас ідзе канструктыўны дыялёг, уведзены мараторый і акцыю дзеля акцыі нам ладзіць няма сэнсу. На пэўным этапе мы нечага дасягнулі і будзем рухацца далей, вырашаць праблемы па меры іх паступленьня і нашых магчымасьцяў».

Карэспандэнт: «Улады ідуць на тое, каб выканаць вашыя патрабаваньні?»

Шумчанка: «Фактычна да 1 лістапада нам далі мараторый: то бок ніякіх праверак. Пасьля, як нас запэўніваюць, таксама ня будзе праверак, а толькі маніторынг. Нам будуць дапамагаць зарыентавацца ў гэтай сытуацыі і рыхтаваць да 1 ліпеня 2014 году. Ні пра якія канфіскацыі тавараў гаворка не вядзецца. Тут нельга казаць пра перамогу ці паражэньне, бо тут ужо ўсе прайгралі ад таго, што трапілі туды, куды трапілі. І цяпер усім трэба шукаць выйсьця. Страйк быў наступствам адсутнасьці дыялёгу і волі ўладаў для вырашэньня праблемы. Страйк сваю ролю выканаў. Цяпер тая воля і магчымасьць ёсьць. Таму і перанесьлі марш».
Страйк быў наступствам адсутнасьці дыялёгу і волі ўладаў для вырашэньня праблемы. Страйк сваю ролю выканаў

Карэспандэнт: «А што тычыцца збору подпісаў за выхад з Мытнага зьвязу?»

Шумчанка: «Гэтае пытаньне разглядаецца, але пакуль мы нічога рабіць ня будзем».

Карэспандэнт: «А чаму менавіта сёньня прынятае рашэньне пра перанос маршу?»

Шумчанка: «Сёньня была нарада ў Міністэрстве гандлю. Ім жа трэба было неяк падрыхтавацца да маршу прадпрымальнікаў. Вось яны і падрыхтаваліся. Гэта спрацавала. Хоць у цэлым гэта не вырашэньне праблемы. Засталося адкрытым пытаньне па суправаджальных дакумэнтах, і нам трэба яго вырашаць. Але яны сказалі, што гатовыя да прапановаў і разумеюць, што нешта трэба рабіць».

Раней прадпрымальнікі падалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне 15 ліпеня акцыі пратэсту супраць увядзеньня тэхрэглямэнту Мытнага зьвязу аб бясьпецы лёгкай прамысловасьці. Дагэтуль 27 чэрвеня ў Беларусі прайшоў аднадзённы страйк. Старшыню «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанку арыштавалі на 5 сутак за правядзеньне несанкцыянаванага сходу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG