Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хмельная традыцыя


3 ліпеня Гомель, як і іншыя гарады і вёскі Беларусі, сьвяткаваў Дзень Рэспублікі. Ад ранку ўсе крамы гораду прадавалі сьпіртныя напоі, часова спынілі гандаль толькі каля паўня ў цэнтры гораду.

Пасівелы вэтэран вайны ў ваеннай форме пры мэдалях і пагонах капітана вяртаўся зь сьвяточнага шэсьця дамоў пешшу. На плошчу Працы яго прывезьлі ў сьтвяточнай калёне на машыне, а назад ён клыпаў з кіёчкам сам. Сказаў, што яго чакае застольле:

«Абавязкова вып’ем салдацкія сто грамаў. Памянём тых, хто не вярнуўся, пажадаем добрага здароўя тым, хто застаўся».

Да ўжываньня алькаголю вэтэран ставіцца нэгатыўна: «Я не прыхільнік таго, каб людзі пілі — гэта ўсё-ткі яд. Алькаголь несумяшчальны з нармальным жыцьцём».

У мікрараёнах «Гомсельмаш», зоне адпачынку «Сажалкі» ў Навабеліцкім раёне ды іншых месцах разгарнуўся выязны гандаль, дзе было што выпіць і закусіць.
Апоўдні на вуліцы Перамогі
Апоўдні на вуліцы Перамогі

Прадавачка сьпіртных напояў адной з крамаў на вуліцы Перамогі: «Больш бяруць у сьвяты — і гарэлкі, і віна добрага. І звычайнае віно бяруць — гомельскае нашае».

Чарговы пакупнік набыў таннага віна: «Для весялосьці! І паправіць здароўе! Ад чаго захварэў, трэба тым і лекавацца».

Недзе каля адзінаццатай гадзіны крамы ў цэнтры гораду сталі сьпешна занавешваць віна-гарэлачныя аддзелы абгортачнай паперай, поліэтыленавымі пакетамі й прыклейваць абвесткі: «Продаж сьпіртных напояў забаронены».

Прадавачка крамы «Асарці» тлумачыць: «Можа, што мы блізка ад плошчы, у цэнтры, дзе мерапрыемствы розныя, таму й забаранілі. Трэба, каб усюды ў горадзе забаранілі. Ня проста ў адным месцы, а каб усюды ў горадзе. Сёньня хоць паходзяць культурна, адпачнуць, як людзі. А то прыдуць п’яныя на прадстаўленьне — хіба ж гэта цікава?»

Пра рэалізацыю напояў гандляркі асабліва не турбуюцца:

«Адзін дзень — нічога страшнага. Заўтра нагонім».

Любое масавае сьвята — ці то Дзень рэспублікі, ці то «Дажынкі», ці Дзень гораду — гэта мора алькаголю. Буднія дні — не выключэньне. Нарколягі б’юць трывогу: аб’ём спажываньня сьпіртных напояў на душу насельніцтва, то бок і старога, і малога, з 1995 году па 2012 год павялічыўся ў краіне амаль у два разы — з 6,7 да 11,97 літра абсалютнага алькаголю. А ўжо з 8 літраў на душу, як сьцьвярджаюць навукоўцы, пачынаецца дэградацыя любой нацыі.
Сьвяточнае застольле ў Любенскім мікрараёне Гомелю
Сьвяточнае застольле ў Любенскім мікрараёне Гомелю

Гомельскі нарколяг, які не пажадаў афішаваць сваё імя, кажа, што алькагалізм — гэта комплекснае захворваньне:

«Яно мае бія-, псыха-, сацыльнае паходжаньне. Бія — таму, што ўстаноўлены на малекулярным узроўні сьцігматы залежнасьць, як мініюм, схільнасьці. Псыха — ёсьць спэцыфічныя склады чалавечага характару, якія маюць схільнасьці і пры іншых абставінах — гэта слабыя зьвёны. Ну, і сацыяльныя прычыны — гэта тое, што наша грамадзтва стварае ўмовы для разьвіцьця падобных праблемаў: крызісныя пэрыяды, непрадуманасьць алькагольнай палітыкі, неўрэгуляванасьць попыту й прапаноў, эканамічныя праблемы — мноства ўсякіх момантаў».

Паводле Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, на 1 ліпеня 2013 году агульная колькасьць дыспансэрных хворых на алькаголь — блізу 180 тысяч. Зь іх — каля 40 тысяч жанчын. 4 тысячы чалавек мелі алькагольныя псыхозы. Дзьве траціны разводаў адбываецца з прычыны злоўжываньня алькаголем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG