Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры гісторыі пра маральны кодэкс сучасных беларусаў


Сявярын Квяткоўскі
Сявярын Квяткоўскі
На плошчы Свабоды ў Менску акурат між дзьвюма катэдрамі – праваслаўнай і каталіцкай – ёсьць кругласуткавы “цэнтар дасугу”: з гульнявымі аўтаматамі, з баксёрападобнымі ахоўнікамі, з барвовым аксамітам па сьценах, з паўаголенымі афіцыянткамі.

Аднойчы сустрэліся з прыяцельніцай юнацтва, якая даўно жыве ў адной з эўрапейскіх сталіц. Гэта было некалькі гадоў таму, і выбар у раёне плошчы Свабоды быў абмежаваны: нешматлікія кавярні працавалі альбо да 23-00, альбо былі цалкам запоўненыя. Зайшлі пасядзець-паразмаўляць у “цэнтар дасугу”. Прыяцельніца пераконвала, што добра ведае беларускія рэаліі.

Сама яна родам зь беларускай глушэчы, дзе ад савецкіх часоў і да цяперашняга часу нічога не зьмянілася. А ў Эўропе яна сталася самастойнай, досыць пасьпяховай кабетай. Таму тое, што адбылося далей, давялося асэнсоўваць постфактум, бо адразу яна па-просту не зразумела.

Наведнікаў амаль не было. На гадзіньніку – 00-21. Мы сабраліся сыходзіць, і ўжо ў вітальні пабачылі дзьвюх маладых стыльных дзяўчат. Далей даслоўна.

Ахоўнік:

– Девушки, мест нет!

Мая прыяцельніца зьдзіўлена глядзіць у пустую залю, якую мы толькі што пакінулі.

Дзяўчаты між сабою па-беларуску:

– Божачкі, што ж рабіць, што ж рабіць?! Сапраўды няма месцаў?! Але ж нам трэба штосьці прыдумаць!..

Ахоўнік імгненна:

– Девушки, заходите, есть места.

Дзяўчаты дастаюць мабільнікі, і пачынаюць актыўна гаманіць па-ангельску. Праз хвіліну зьяўляецца рознанацыянальная тусоўка. Высьветлілася, што дзяўчаты суправаджалі групу замежнікаў, што прыехалі на нейкую канфэрэнцыю.

– Разумееш, тлумачыў я пасьля сваёй эўрапейскай прыяцельніцы, – калі б ты ў такі час зайшла без мужчыны, цябе б таксама не пусьцілі – аўтаматычна прынялі б за прастытутку.

Ролю беларускай мовы ў жыцьці самастойнай кабеты ў начным Менску мы ўжо й не абмяркоўвалі :)

***

Карыстальніца сацыяльнай сеткі Livejournal пад нікам bielameta:

– Бацька выправіў маці адпачываць на Нарач у санаторый. Там сонца ўдзень прыпякае, дык адключаюць ацяпленьне. А нумар у маці на паўночным баку. Прыходзіць яна да доктаркі і скардзіцца, што даводзіцца спаць пад трыма коўдрамі, бо ацяпленьня няма – холадна.

Рэакцыя доктаркі:

– Дык а чаму ж вы сьпіце адна?

***

Карыстальнцік сацыяльнай сеткі Livejournal пад нікам browar_dryhvy:

– У Менску ёсьць крама “Чарадзей”, якой належыць віна-гарэлачны аддзел. Кропка на раёне адна, і, зразумела, бухло можна купіць толькі там. Таму ўсе прадаўшчыцы карыстаюцца павагаю мясцовых мужыкоў.

Стаю на прыпынку, падыходзіць аўтобус. Народу шмат, усім месца ня хопіць. Людзі спаборнічаюць – хто спрытнейшы – каб патрапіць у салён. Я разумею, што лепш пайсьці пешкі. І тут з боку мэтро ляціць галасістая баба з крыкамі: “Пусьціце мяне! Пусьціце мяне! Я спазьняюся на працу!”. Натуральна, яе не пушчаюць, маўляў, усе тут на працу.

– Вы не разумееце! У мяне ключы ад “Чарадзея”!

Умомант мужыкі расступіліся, сказалі “прабачце-калі ласка” і прапусьцілі кабету ў аўтобус.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG