Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барозу знайшоў у Азэрбайджане прагрэс у параўнаньні з часамі СССР


На мінулым тыдні прэзыдэнт Азэрбайджану Ілхам Аліеў быў зь візытам у Брусэлі, дзе сустракаўся з кіраўніцтвам Эўразьвязу. Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу падчас сустрэчы з Аліевым заявіў, што краіна дасягнула вялікага прагрэсу ў параўнаньні з савецкімі часамі. Эўразьвяз зацікаўлены ў супольных з Азэрбайджанам энэргетычных праектах.

На прэсавай канфэрэнцыі па выніках візыту ў Брусэль Ільхам Аліеў абверг наяўнасьць палітычных зьняволеных у яго краіне. Наш карэспандэнт Рыкард Юзьвяк спытаў прэзыдэнта Азэрбайджану пра лёс аднаго зь лідэраў азэрбайджанскай апазыцыі Ільгара Мамедава, а таксама пра глушэньне замежных радыёстанцый і ціск на нацыянальныя СМІ.

Аліеў адказаў, што пытаньне заснаванае на «ілжывай інфармацыі»: «Перш за ўсё я хацеў бы сказаць, што ні адзін з маіх палітычных апанэнтаў не знаходзіцца ў турме. Гэта абсалютна няправільная інфармацыя. У той жа час, я хацеў бы сказаць вам, што няма ніякіх палітычных зьняволеных у Азербайджане. Сэсія Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў студзені гэтага году адхіліла даклад аб палітычных зьняволеных у Азэрбайджане. Думаю, што гэтае пытаньне закрытае».

Ільгар Мамедаў, лідэр руху Рэспубліканская альтэрнатыва быў абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў у горадзе Ismayili лютым мінулага году. Раней Мамедаў абвясьціў пра намер удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, якія адбудуцца ў кастрычніку сёлета.

Паводле праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch «з сакавіка 2012 году, улады арыштавалі або асудзілі прынамсі 22 палітычныя актывісты, журналісты, блогеры і праваабаронцы. Толькі сёлета 16 чалавек былі абвінавачаныя ці асуджаныя.»

Паводле азэрбайджанскай праваабаронцы Лейлы Юнусавай, «прыкладная лічба палітвязьняў, якая ўключае ў сябе і вязьняў сумленьня — гэта прынамсі 80 чалавек. Зь іх маюць статус вязьняў сумленьня, які дае Amnesty International — 7 журналістаў і блогераў, 4 праваабаронцы, 11 моладзевых актывістаў. Усе гэтыя людзі знаходзяцца за кратамі».

Аліеў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Брусэлі на мінулым тыдні адхіліў таксама абвінавачаньні на адрас азэрбайджанскіх уладаў у тым, што яны перашкаджаюць доступу да інфармацыі. «У нас ёсьць бясплатны інтэрнэт, а колькасьць інтэрнэт-карыстальнікаў у Азэрбайджане складае прынамсі 70%, і няма ніякай цэнзуры».

У мінулы чацьвер Радыё Свабода абвясьціла, што лічыць, што сыгнал яе спадарожнікавых праграм у Азэрбайджане неаднаразова парушаўся. Паводле радыёстанцыі, гэта можа сьведчыць пра новы ўзровень «наўмыснага ўмяшаньня» у датрыманьне міжнародных правілаў тэлекамунікацый.

Стоячы побач з Аліевым старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу адзначыў, што ў той час як сытуацыя з правамі чалавека ў Азербайджане, магчыма, не цалкам адпавядае эўрапейскім стандартам, гісторыю краіны неабходна браць пад увагу.

Барозу: Азэрбайджан быў часткай Савецкага Саюзу — таталітарнага рэжыму, дзе зусім не было свабоды. Таму калі параўнаць сёньняшнюю сытуацыю ў незалежным сувэрэнным Азэрбайджане, і сытуацыю, у якой Азэрбайджан некалі быў, то мы, калі быць сумленнымі, прызнаем наяўнасьць вялікага прагрэсу ў гэтай краіне. Гэта не азначае, што ўсе стандарты выконваюцца ў адпаведнасьці з нашым успрыманьнем і з нашым пунктам гледжаньня. Мы маем вельмі добры абмен думкамі з прэзыдэнтам Аліевым і з нашымі партнэрамі ў Азэрбайджане".

Супрацоўніцтва ў пытаньнях энэргетыкі была адной з ключавых тэм на сустрэчы Аліева з Барозу і на больш раньняй сустрэчы са старшынём Эўрапейскай Рады Хэрманам ван Ромпеем.

Аліеў і эўрапейскія чыноўнікі падкрэсьлівалі ролю Азэрбайджану ў гарантаваньні энэргетычнай бясьпекі Эўропы, паводле Барозу імпарт энэрганосьбітаў з Азэрбайджану можа ў канчатковым выніку скласьці прынамсі 10% агульнага спажываньня энэргіі ў Эўразьвязе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG