Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доктар, які стаў «губэрнатарам»


Аляксандар Косінец
Аляксандар Косінец

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, адрозна ад іншых сваіх калегаў, якія кіруюць абласьцямі — не гаспадарнік з інжынэрнай альбо эканамічнай адукацыяй, а — урач, доктар мэдычных навук.

Як складвалася кар’ера цяперашняга віцебскага «губэрнатара».

Аляксандар Косінец — чалавек мясцовы, зь Віцебшчыны. Тут, у Аршанскім раёне, ён нарадзіўся ў 1959 годзе. Ад самага пачатку ягоная кар’ера зьвязаная з мэдыцынай —15 год працы ў Віцебскім мэдычным інстытуце. Затым — кіраваньне рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам «Навука і хірургія». У 1997 годзе — вяртаньне ў альма-матэр на пасаду рэктара.

У 2005 годзе Аляксандар Лукашэнка прызначае віцебскага рэктара намесьнікам прэм’ер-міністра. Косінец адказвае за сацыяльную сфэру: тая ж мэдыцына, адукацыя, культура... А ў сьнежні 2008 году становіцца старшынём Віцебскага аблвыканкаму.

Зьяўленьне прафэсійнага мэдыка на чале вобласьці кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка называе сымбалічным:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Гэта вельмі цікавы момант. Чаму? А таму, што самыя першыя вялікія эканамісты былі лекарамі. Напрыклад, Франсуа Кенэ, асабісты лекар мадам Пампадур, фаварыткі францускага караля Людовіка.

Эканамічную навуку першымі пачалі разьвіваць лекары. Яны шукалі падабенства эканомікі з жывым арганізмам — як адбываецца абмен рэчываў, як расьце арганізм, што служыць крывёю эканомікі... Таму я хацеў бы, каб нехта зь беларускіх лекараў вырас у эканаміста-клясыка, такога ўсясьветнага маштабу. Калі гэта, вядома, удасца».

Леанід Заіка, зрабіўшы гістарычны экскурс, вяртаецца ў сучаснасьць:

«А цяпер? Цяпер, вядома, лепей усё-ткі быць эканамістам. Богу — богава, а кесару — кесарава. Я думаю, што цяпер трэба, каб фізык займаўся фізыкай, лекар лячыў людзей, эканаміст распрацоўваў эканамічнае кіраваньне, філёзаф асэнсоўваў будучыню, а сантэхнік зрабіў бы, каб краны не працякалі. Бо, мабыць, нікому не прыходзіць у галаву думка паставіць эканаміста хірургам. Нікому! Інакш мы б усе абураліся. А доктар на чале вобласьці — усім падабаецца. Грамадзтва трэба лячыць!

Аляксандар Косінец і мітрапаліт Філярэт
Аляксандар Косінец і мітрапаліт Філярэт


Патрэбныя прафэсіяналы. Памылкі, якія адбываюцца апошнім часам, — гэта памылкі чыста эканамічна прафэсійныя. І дэвальвацыя 2011 году, і зараз крызіс перавытворчасьці. Гэта ўсё прафэсійныя макраэканамічныя памылкі. Ураду дастаткова 5–7 добрых эканамістаў. І тады ён будзе працаваць на нас, як гадзіньнік».

У нейкай ступені Косінцу пашанцавала. На іншай вобласьці яму было б працаваць цяжэй, — упэўнены кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук
«Аснову эканомікі Віцебскай вобласьці складае наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод, які дае ільвіную долю прыбыткаў гэтага рэгіёну. Тут, безумоўна, засяроджана шмат інтарэсаў нацыянальнага роўню. Таму я думаю, што Косінец, які пастаўлены на гэты рэгіён, як бы наглядае за гэтым бізнэсам».

Мяжа з Расеяй таксама накладае пэўную адметнасьць на Віцебшчыну. Найперш гэта бачна на вывазе тавараў і ад’езьдзе зь Віцебшчыны прадпрымальнікаў, працоўнай сілы, тлумачыць Яраслаў Раманчук:

«Гэта, безумоўна, чыньнік, які кажа ўладам, што няма патрэбы рэгуляваць кошты на тавары. Калі нізкія цэны на тавары ёсьць наступства добрай арганізацыі працы на прадпрыемствах, тады гэта добры чыньнік цэнавай канкурэнцыі. Калі ж гэта адміністратыўны індыкатар, то тады гэта падказка для ўлады — колькі б вы ні рэгулявалі цэны, людзі ўсё роўна будуць выкарыстоўваць гэта і караць вас. Так, як гэта робіцца на Гарадзеншчыне і Берасьцейшчыне з тытунём, алькаголем, палівам...

Гэты рэгіён таксама карыстаецца тым, што Беларусь — сябра Эўразійскай эканамічнай прасторы. Менавіта зь Віцебшчыны прадпрымальнікі ўцякаюць у Смаленск і іншыя расейскія гарады паблізу, каб адтуль працаваць на Беларусь. Так і зручней, і падаткаў менш плаціць».

Калі б віцебскія прадпрымальнікі не ўцякалі ў Расею, то іх грошы маглі б пайсьці на рэканструкцыю Віцебску і ператварэньне гораду ў паўночную і культурную сталіцу Беларусі. Менавіта пра такія пляны неаднойчы казаў «губэрнатар» Косінец.

Аляксандар Косінец і Валеры Лявонцьеў
Аляксандар Косінец і Валеры Лявонцьеў


Паняцьці «паўночная» і «культурная» сталіца ні ў якім выпадку нельга разглядаць супольна — на гэтым засяроджвае ўвагу спэцыяліст па Віцебскай мастацкай школе Віктар Марціновіч:

Віктар Марціновіч
Віктар Марціновіч
«Пра Беларусь кажуць. што гэта краіна без сталіцы. А пра Вільню, былую сталіцу Беларусі, кажуць, што гэта сталіца без краіны. У гэтым сэнсе ідэя Косінца падае на даволі небясьпечную глебу. Таму што адчуваньня культурнай сталіцы ў Менску цяпер няма. Няма такога адчуваньня цяпер і ў Віцебску. Аднак сэпаратызм, нават культурны, — гэта даволі небясьпечная зьява.

Што тычыцца гісторыі і культуры, то ў любым абласным цэнтры Беларусі іх канцэнтрацыя большая. Таму што ў нас чым болей прысутнасьці дзяржавы ў нейкім горадзе, тым меней застаецца гістарычнай забудовы. Віцебск — горад, які даў нам Шагала, віцебскую мастацкую школу. У ім працавалі Малевіч ды іншыя вядомыя мастакі. Таму Віцебск мае вялікі патэнцыял. Аднак выкарыстоўваць такія выразы, як „паўночная сталіца“ — гэта, мне падаецца, занадта. Калі б мы былі Расейскай Фэдэрацыяй зь яе памерамі, то гэта было б здаровай ідэяй. Але паколькі мы вельмі маленькая краіна, трэба казаць не пра культурную альбо паўночную сталіцу, а, напрыклад, пра тое, што Віцебск — культурны цэнтар. Але ніяк не сталіца. Інакш у нас зашмат сталіц тады будзе».

На жаданьне назваць Віцебск культурнай сталіцай Беларусі ўплывае найперш штогадовае правядзеньне тут знакамітага «Славянскага базару» — лічыць журналіст Зьміцер Падбярэскі:

Зьміцер Падбярэскі
Зьміцер Падбярэскі
«Існаваньне такога фэстывалю, як „Славянскі базар“, для любога „губэрнатара“, у дадзеным выпадку для віцебскага, вядома, гэта такая фішка. Абласны кіраўнік на гэтым шмат што атрымлівае. Гэта і аўтарытэт. А зь іншага боку, калі штогод на фэстываль прыяжджае столькі гасьцей, то варта разглядаць гэта і ў эканамічнай плоскасьці.

А вось што тычыцца, уласна кажучы, зьместу гэтага фэстывалю, то, я думаю, на гэта „губэрнатар“ зьвяртае няшмат увагі. Галоўнае, каб гэты фэстываль быў. І любы „губэрнатар“, які працаваў, працуе і будзе працаваць у Віцебску, усяляк будзе падтрымліваць гэтае мерапрыемства. І імкнуцца захаваць яго ў сябе».

У Аляксандра Косінца наагул ёсьць вялікая прыхільнасьць да гучных праектаў,— адзначае віцебскі лекар-дысыдэнт, як ён сябе называе, Ігар Пасноў:

«Яшчэ ў 2008 годзе, калі ён толькі стаў „губэрнатарам“ і сказаў, што будзе рабіць паўночную сталіцу, я прыйшоў да яго на прыём. Але ён мяне не прыняў. Тады я пайшоў да тагачаснага памочніка прэзыдэнта па Віцебскай вобласьці. І сказаў: якая ж мы паўночная сталіца, калі ў нас творыцца такое?! У маёй школе, дзе я тады працаваў, дзеці сьлепяцца на ўроках. Паглядзіце, у якім стане інфэкцыйная бальніца, іншыя...

У Віцебску пад Ленінскай вуліцай ужо трэці ці чацьвёрты год робяць падземны пераход, каб з амфітэатру можна было трапіць на „Маркет-сіці“. Косінцу казалі, што нельга гэта рабіць. Там пясчаная зона, там раней былі могілкі. Калі гэты праект пачынаўся, ён каштаваў 8 мільярдаў рублёў. Ужо ў яго ўклалі 80 мільярдаў. На гэтыя грошы можна было б усе бальніцы рэканструяваць. Ну, чаму такая паказуха? Чаму грошы расходуюцца так нерацыянальна нашым „губэрнатарам“? Вось жа ў чым парадокс».

З прыходам да ўлады Аляксандра Косінца на Віцебшчыне зьвязвалі надзеі на паляпшэньне становішча ў галіне аховы здароўя. Усё ж доктар, чалавек, для якога, здавалася, мэдычныя справы павінны быць на першым месцы. Аднак сытуацыя ня толькі не палепшылася, а нават пагоршылася, цьвердзіць Ігар Пасноў:

«З майго пункту гледжаньня, лекара з 20-гадовым стажам, сытуацыя ў вобласьці
За апошнія 4–5 год нічога новага, акрамя дзіцячай паліклінікі, не зьявілася
крытычная. База па-ранейшаму застаецца старой. За апошнія 4–5 год нічога новага, акрамя дзіцячай паліклінікі, не зьявілася. Сьвятая сьвятых — анкалёгія. Людзі ляжаць на калідорах, другі хірургічны комплекс ня могуць дабудаваць ужо 5 гадоў. Таму што пры Аляксандру Мікалаевічу, нашым доктару мэдычных навук, затармазілі будаўніцтва. У інфэкцыйнай ды іншых лякарнях хворыя ляжаць на дзіравых матрацах, крацістых ложках. Там такія страшэнныя ўмовы, што ў краінах Эўразьвязу такое ўтрыманьне ўжо даўно прыраўнялі б да катаваньняў.

З 2010 году ідуць рамонты. І дагэтуль нідзе ня скончаныя. Увялі толькі Шаркоўшчынскую бальніцу. Дый там дзяржкантроль знайшоў мільярдныя злоўжываньні і прыпіскі».

Як і Ігар Пасноў, ня здолеў трапіць на прыём да віцебскага «губэрнатара» кіраўнік абласной філіі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў. Ён адзначае закрытасьць кіраўніка аблвыканкаму:

Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў
«Усё закрыта, як у вайсковай частцы. Я і раней рабіў пэўныя захады, і цяпер раблю. Але дагрукацца да іх немагчыма. Сам старшыня аблвыканкаму, прызначэнец Лукашэнкі, закрыты. Зь ім вялікая ахова. Ён па вобласьці рэдка на машынах перасоўваецца. Ён больш на верталёце. Вось нядаўна два дні ляталі над Гарадком, усё выглядалі нешта. І сам „губэрнатар“ закрыты. І апарат кіраўніцтва таксама».

Са станоўчага Леанід Аўтухоў адзначае, што сам Косінец час ад часу карыстаецца беларускай мовай. І гэтаму ёсьць дакумэнтальныя пацьверджаньні. Напрыклад, на пасяджэньнях аблсавету ён можа палову часу прамаўляць па-беларуску, а палову — на расейскай мове. Таксама карыстаецца роднай мовай у даступных месцах — напрыклад, на плошчы, калі нейкае сьвяткаваньне адбываецца. Карыстаецца".

А вось агульны стан беларускай мовы на Віцебшчыне можна ацаніць вельмі па-рознаму,— адзначае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

Алег Трусаў
Алег Трусаў
«У самім Віцебску ён ня вельмі добры. А вось у Полацку і Наваполацку значна лепшы. Віцебшчына вялікая. Ёсьць раёны, дзе горш справы, ёсьць, дзе лепш. Яна — неаднолькавая.

Косінец добра ведае родную мову. Ён жа мэдык. А ў нас амаль усе мэдыкі добра ведаюць беларускую мову, пачынаючы са Скарыны. І каб Косінец пэрсанальна мове шкодзіў, то такога няма. Ён проста ўвагі на гэта не зьвяртае. І не падтрымлівае, і не забараняе. Як ідзе, так ідзе. Там былі іншыя чыноўнікі, прадстаўнікі пятай калёны, якія ўсё вынішчалі беларускае. Ну, некаторых зь іх, праўда, ужо паздымалі. Як кажуць, Бог іх пакараў рукамі самой улады.

Віцебшчыне, як і ўсёй Беларусі, патрэбна істотная перабудова. І тады яна магла б зазіхацець зусім іншымі фарбамі, — упэўнены Яраслаў Раманчук:

«Віцебшчына мае найвялікшы на Беларусі, але дагэтуль ня выкарыстаны рэсурс — яе славутыя азёры. Сюды можна сьмела запрашаць і турыстаў, і тых, хто сочыць за сваім здароўем, для прафіляктыкі. Калі б у Беларусі прайшлі рэформы, то мясцовыя азёры сталі б тым магнітам, які прыцягвае турыстаў ня толькі з нашай краіны і Расеі, але і зь іншых дзяржаў. І капіталізацыя гэтага рэгіёну была б значна-значна большая».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG