Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хто ўзарваў менскае мэтро?» Прэзэнтацыя кнігі ў Менску


3 чэрвеня а 18-й гадзіне ў офісе БНФ (вул.Чарнышэўскага,3) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі карэспандэнта Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча «Хто ўзарваў менскае мэтро?»

Кніга напісаная на падставе матэрыялаў судовага працэсу над Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым, якіх суд прызнаў вінаватымі ў тэракце 11 красавіка 2011 году, і асабістых назіраньняў аўтара.

Прэзэнтацыі кнігі будзе папярэднічаць круглы стол па праблемах асьвятленьня гучных судовых працэсаў, які правядуць сумесна БАЖ, карэспандэнты незалежных выданьняў і праваабаронцы. Заяўленая тэма дыскусіі — «Маўчаньне пра „гучныя працэсы“: палітыка ўладаў ці слабасьць журналістаў?»

  • Ці давяраюць людзі афіцыйнай інфармацыі пра гучныя справы?
  • Якая роля ў становішчы, якое склалася вакол такіх працэсаў, належыць уладам, а што на сумленьні журналістаў?
  • Што могуць зрабіць журналісты незалежных выданьняў, каб падвысіць аб’ектыўнасьць асьвятленьня гучных працэсаў?
  • Гучныя працэсы — міннае поле для журналіста, які на такіх працэсах працуе. Як яму берагчыся?


Гэтыя тэмы прапануюць арганізатары круглага стала для абмеркаваньня. Дыскусія пачнецца а 17-й гадзіне.

Быццам

Уступнае слова Аляксандра Лукашука


У тэракце ў менскім мэтро загінулі пятнаццаць чалавек.

Незваротная страта, непапраўнае гора, нязбыўны боль. Двух абвінавачаных расстралялі. Лягчэй нікому ня стала — грамадзтва раскалолася, як рака ў крыгаход.

Гэта быў самы адкрыты і самы падрабязны суд такога маштабу за ўсю гісторыю Беларусі, зь беспрэцэдэнтным удзелам пацярпелых, замежных і айчынных экспэртаў, апэратыўнымі рэпартажамі і такой колькасьцю камэнтароў у інтэрнэце, якая засьведчыла, што свабода грамадзкай думкі існуе, нягледзячы на ўсе забароны.

​Суду не паверылі, і гэта расплата за гады няспынных арыштаў грамадзянаў быццам за лаянку, быццам за супраціў, быццам за малую патрэбу, быццам за мітынг, быццам за падаткі, быццам за што заўгодна.

Калі няма даверу, нічога нельга выключыць. Калі нічога нельга выключыць, усё можна паставіць пад сумнеў. Калі ўсё можна паставіць пад сумнеў, няма мяжы паміж чорным і белым. Калі няма мяжы паміж чорным і белым, дабра не адрозьніць ад зла. Калі дабра не адрозьніць ад зла, зьнікае розьніца паміж законам і загадам. Калі зьнікае розьніца паміж законам і загадам, справядлівасьці не шукаюць у судзе. Калі справядлівасьці не шукаюць у судзе, узрываюць мэтро.

Не абавязкова ўзрываюць, не абавязкова мэтро — але вінаватых шукаюць заўсёды пад знакам «быццам».

Гэтая кніга — пра розьніцу паміж «быццам» і «насамрэч».

Бо розьніца ёсьць.


Пра аўтара


​Алег Грузьдзіловіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Маладэчне, вучыўся ў Берасьці, скончыў Белдзяржунівэрсытэт, жыве ў Менску.

У журналістыцы з 1980 году. З 1995-га — на Радыё Свабода.

У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности», ініцыяваў сход рэдакцыйнай калегіі, якая вырашыла не выконваць загаду ЦК КПБ аб перадрукоўцы з расейскай прэсы антыперабудовачнага артыкула «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як быў зьняты ягоны рэпартаж аб зьбіцьці ў парлямэнце дэпутатаў — сяброў апазыцыі БНФ, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму пра мову і дзяржаўную сымболіку.

На Радыё Свабода адказвае за асьвятленьне тэмы палітвязьняў, зьніклых дзеячаў апазыцыі. Вёў рэпартажы з судовых працэсаў над удзельнікамі акцыяў пратэсту, палітычнымі дзеячамі, вядомымі гаспадарнікамі, чыноўнікамі і інш.

Ня раз затрымліваўся супрацоўнікамі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў.

Пераможца конкурсу «Праваабарончага альянсу Беларусі» за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Жанаты, мае трох сыноў і двух ўнучак.


Раней разьдзелы кнігі публікаваліся на сайце Свабоды.

Бібліятэку Свабоды складаюць выбраныя перадачы Беларускай службы Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG