Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лойка ўзяўся за непісьменных чыноўнікаў


Гэнік Лойка
Гэнік Лойка

Вядомы абаронца роднай мовы скульптар Гэнік Лойка зьвярнуўся з адкрытым лістом да кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску Барыса Васільева.

Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасьці чыноўніц аддзелу адукацыі, якія не жадаюць размаўляць па-беларуску, спасылаючыся на афіцыйнае дзьвюхмоўе. У лютым Гэнік Лойка быў пакараны 5 суткамі арышту за тое, што выйшаў зь пікетам у абарону роднай мовы да менскай гімназіі № 4, дзе вучацца ягоныя дзеці.

«Мяне, грамадзяніна Беларусі, надзвычай хвалюе лёс першай дзяржаўнай беларускай мовы. Маёй мове не даюць жыцьця канкрэтныя прадстаўнікі ўладных структур. У прыватнасьці, супрацоўнікі вашага ведамства — начальніца аддзелу адукацыі Ірына Чарняўская і намесьніца кіраўніка адміністрацыі Натальля Праскурава», — піша ў лісьце Гэнік Лойка.

Паводле Лойкі, ён быў на прыёме ў спадарыні Чарняўскай, але так і не дамогся ад яе адказу на зразумелай яму мове. Празь некаторы час ён пайшоў скардзіцца на расейскамоўную чыноўніцу яе непасрэднай начальніцы — Праскуравай. Тая сказала, што размову запісвае на дыктафон. Такім чынам, піша Лойка кіраўніку адміністрацыі, можна праслухаць размову і пераканацца, як ён упрошваў, прыніжаўся дзеля таго, каб суразмоўніцы элемэнтарна выканалі свой абавязак:

«Калі я прыйшоў на прыём да Натальлі Праскуравай, якраз у кабінэце была і Ірына Чарняўская. Яны ўдзьвюх пачалі са мной размаўляць. Уключылі дыктафон, папярэдзілі, што размова запісваецца. Там размова была ў асноўным з боку Натальлі Варленаўны, але колькі я яе ні спрабаваў пераключыць, яна даставала нейкія аргумэнты і гаварыць па-беларуску не хацела. Ну і ўсё. Я напісаў заяву галаве адміністрацыі і занёс копію Ірыне Аляксандраўне, бо быў запісаны да яе зноў, каб яна падрыхтавалася. І што?

Яна сапраўды падрыхтавалася. Запрасіла перакладчыцу, хоць перакладчыцы працы амаль не было — Чарняўская сама справілася зь беларускай мовай, пару памылак толькі. Але, зноў жа, уся размова скацілася да лірыкі. Пра тое, як трэба быць чулымі людзьмі, галоўнае ня мова, а што ўнутры ў чалавеку. Урэшце Чарняўская кажа: „Ня ведаю, як тут што зрабіць“. А я, кажу, ведаю — трэба скласьці пратакол». «Ну вот, вы меня опять не поняли». Аказваецца, я павінен быў «понять» яе, што мне трэба было неяк скасаваць той пратакол».

«Я наткнуўся на сьцяну абсалютна неабгрунтаванай упартасьці дзяржаўных служак, — напісаў у скарзе на імя кіраўніка адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску Барыса Васільева скульптар Лойка. — Не магу зразумець, якая сіла прымушае іх ісьці на злачынства — парушаць Канстытуцыю краіны, дзяржаўныя законы? Паводле артыкула 50 Канстытуцыі, я выбраў мову зносін — беларускую. Чаму ж тады такая зьнявага да майго выбару з боку прадстаўнікоў улады, якія абавязаныя валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі (артыкул 4 Закону аб мовах)?» На гэтай падставе Лойка патрабуе:

— скласьці пратакол па факце парушэньня дзяржаўнага Закону аб мовах (артыкул 6): стварэньне перашкодаў і абмежаваньняў у карыстаньні дзяржаўнай беларускай мовай Генадзю Лойку прадстаўнікамі дзяржаўнай улады Ірынай Чарняўскай і Натальляй Праскуравай;

— пакараць вышэйзгаданых парушальнікаў дзяржаўнага заканадаўства (мера пакараньня прадугледжана арт. 9.22 ПВКаАП);

— забясьпечыць у далейшым усебаковае разьвіцьцё і функцыянаваньне беларускай мовы ў любых кабінэтах і калідорах ведамства.


Гэнік Лойка кажа, што тэма пытаньняў, якія ён зьбіраўся абмеркаваць у аддзеле адукацыі, наўпрост тычыцца беларускай мовы. Але абмяркоўваць моўныя пытаньні зь людзьмі, якія заведама непрыхільна ставяцца да беларускай мовы, няма сэнсу: «Праблемы беларускамоўнай адукацыі мы будзем абмяркоўваць з чыноўнікамі, якія паважаюць ці, прынамсі, выказваюць павагу да беларускай мовы», — канстатуе Гэнік Лойка.

У звароце на імя кіраўніка раённай адміністрацыі спадар Лойка піша, што роднай мове яго навучылі маці і бацька. Але савецкая дзяржава, працягваючы традыцыі царскай імпэрыі, прымушала беларусаў забыцца на сваю мову: «На месца беларускай мовы бальшавікі насаджалі чужую, расейскую мову. Пасьля вучобы я яе выкінуў з памяці. Цяпер я не разумею яе, як і ангельскую, хоць і вучыў 10 гадоў. Я не магу падтрымліваць дыялёг, калі не магу ўцяміць сэнс чужой мовы. Я — беларус! У мяне ёсьць свая, родная мова! Яна — дзяржаўная! Я гэтым ганаруся!», — падсумоўвае Гэнік Лойка.

За актыўную пазыцыю ў моўным пытаньні Гэнік Лойка ўжо пацярпеў. У Міжнародны дзень абароны роднай мовы 21 лютага ён быў затрыманы каля сталічнай гімназіі № 4 і абвінавачаны ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Судзьдзя Фрунзенскага раённага суду Людміла Лапо асудзіла Лойку на 5 сутак адміністрацыйнага арышту, катэгарычна адмаўляючыся весьці справу па-беларуску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG