Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэнік Лойка працягвае змагацца за мову


Гэнік Лойка
Гэнік Лойка

Скульптар Гэнік Лойка, засуджаны на 5 сутак за пікет у абарону беларускай мовы, рыхтуе скаргі ў Вярхоўны суд і Мін’юст на судзьдзяў Фрунзэнскага раённага і Менскага гарадзкога судоў.

Гэнік Лойка ня хоча абскарджваць свой прысуд, які ён ужо адбыў, а патрабаваць адказнасьці судзьдзяў за парушэньні артыкулаў 4 і 6 Закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» за стварэньне судзьдзямі Людмілай Лапо і Аляксеем Бычко перашкодаў ва ўжываньні дзяржаўнай беларускай мовы ў ягоных судовых працэсах.

«Я даўно вяду маніторынг і магу сказаць, што гэтыя артыкулы не выконваюцца ва ўсёй краіне, я хачу знайсьці каго-небудзь крайняга і засудзіць. І вось я цяпер натрапіў на раённага і гарадзкога судзьдзяў. Буду патрабаваць іх пакараньня. У мяне намер дайсьці да самай Жэнэвы, да ААН, весьці гэтую справу... Такім чынам я буду працягваць змагацца за беларускую мову, і хай мяне судзяць па-беларуску».

Гэнік Лойка перакананы, што судзьдзяў Лапо і Бычко павінны пакараць паводле артыкула 9.22 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэньнях:

«Парушэньне заканадаўства аб мовах.

Публічная зьнявага, ганьбаваньне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэньне перашкод і абмежаваньняў у карыстаньні імі, пропаведзь варожасьці на моўнай глебе

цягнуць накладаньне штрафу ў памеры ад чатырох да дзесяці базавых велічынь».



Яшчэ адным парушэньнем сваіх правоў — права на выказваньне думкі — Гэнік Лойка называе саму справу за пікет, які ён правёў 21 лютага каля менскай гімназіі № 4. Спадар Лойка ўдзячны ўсім тым, хто яго падтрымліваў і падтрымлівае цяпер у змаганьні за мову, а такіх шмат, кажа ён:

«Я аптымістычна настроены, мы пераможам! Іншых думак я не дапускаю. Адзінае, што гэта доўгі працэс. Моўныя працэсы — інэртныя, яны цягнуцца вельмі павольна, пакуль людзі ўсьвядомяць».

За акцыю ў дзень абароны роднай мовы 21 лютага каля менскай гімназіі № 4 Лойка быў пакараны 5 суткамі адміністрацыйнага арышту. Падставай да судовага перасьледу стаў плякат, які Лойка разгарнуў каля навучальнай установы, наступнага зьместу: «Віншуем з Міжнародным днём абароны роднай мовы! Гімназія № 4 была апошняй беларускамоўнай школай».

Прысуд судзьдзі Фрунзэнскага раёна Менска Людмілы Лапо судзьдзя Менскага гарадзкога Аляксей Бычко пакінуў без зьменаў. Абодва судзьдзі адмовіліся весьці працэс па-беларуску, як таго патрабавалі Гэнік Лойка і ягоны адвакат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG