Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусі давядзецца перагледзець месца пабудовы АЭС?


Плякат з выявай раёну забудовы Астравецкай АЭС у Інфармацыйным цэнтры будаўніцтва станцыі
Плякат з выявай раёну забудовы Астравецкай АЭС у Інфармацыйным цэнтры будаўніцтва станцыі

Камітэт па рэалізацыі канвэнцыі Эспа прызнаў, што заўвагі Літвы з нагоды будаўніцтва Астравецкай АЭС у Беларусі — абгрунтаваныя, паведамляецца ў прэс-рэлізе міністэрства навакольнага асяродзьдзя Літвы.

«У высновах камітэту сказана, што Беларусь парушыла патрабаваньні канвэнцыі Эспа аб інфармаваньні грамадзкасьці суседняй краіны, перадачы дакумэнтаў іншай краіне для атрыманьня высноваў аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, па зьмесьце дакумэнта, па разглядзе альтэрнатываў гаспадарчай дзейнасьці і канчатковага рашэньня аб дапушчальнасьці дзейнасьці», — сьцьвярджае міністар Валянцінас Мазуроніс.

Паводле яго, Беларусь абавязаная працягваць працэдуру ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе згодна з патрабаваньнямі канвэнцыі Эспа, каб былі дадзеныя адказы на ўсе зададзеныя Літвой пытаньні, прааналізаваны ўсе камэнтары.

«Беларусь таксама павінна прыняць канчатковае рашэньне наконт месца будаўніцтва АЭС, прытрымваючыся патрабаваньняў канвэнцыі Эспа, г.зн. рашэньне павінна быць падмацавана высновамі дакумэнтаў аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе, вынікамі двухбаковых кансультацый », - падкрэсьлівае В.Мазуроніс.

Літва з 2008 году ўдзельнічае ў двухбаковым міждзяржаўным працэсе ацэнкі ўзьдзеяньня Астравецкай АЭС на навакольнае асяродзьдзе. Як цьвердзіць міністар, нягледзячы на ​шматлікія просьбы Літвы, пытаньні наконт стандартаў ядзернай бясьпекі і адпаведнасьці патрабаваньням аховы навакольнага асяродзьдзя пры рэалізацыі гэтага праекту застаюцца без адказу.

Скаргу камітэту па рэалізацыі канвэнцыі Эспа і сакратарыяту Эспа з нагоды дзеяньняў Беларусі ў сувязі з магчымымі парушэньнямі канвэнцыі Літва падала ў чэрвені 2011 году. У сакавіку сёлета камітэт скончыў разгляд скаргі і падрыхтаваў канчатковыя высновы. Яны павінны быць зацьверджаныя на сустрэчы краін канвэнцыі Эспа ў чэрвені наступнага года.

Астравецкая АЭС будуецца прыкладна за 50 кілямэтраў ад Вільні.

***

Канвэнцыя аб ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе ў трансгранічным кантэксьце (Канвэнцыя Эспа) — міжнароднае пагадненьне, ініцыяванае Эўрапейскай эканамічнай камісіяй ААН, і падпісанае ў Эспа, Фінляндыя, у 1991 годзе, якое ўступіла ў сілу ў 1997 годзе. Згодна з канвэнцыяй, працэдура ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (якая ўключае публічныя абмеркаваньні) патэнцыйна небясьпечных праектаў павінна праводзіцца ня толькі ўнутры краіны, але і ў сумежных краінах, якія могуць быць закранутыя узьдзеяньнем гэтых аб’ектаў. У адпаведнасьці з Канвэнцыяй, працэдура ацэнкі павінна праводзіцца на раньніх стадыях плянаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG