Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТ ВЯРХОЎНАГА САВЕТУ ЗЬ ПЕТРЫКАВА ВЯЧАСЛАЎ ГЕРАСІМЕНКА ДАМОГСЯ ПАКАРАНЬНЯ МІЛІЦЫЯНТАЎ


Уладзімер Глод, Менск

Гэтая гісторыя цягнулася больш як год. Летась напрыканцы траўня дэпутата Герасіменку, які стала жыве ў Петрыкаве, выклікалі ў райвыканкам і паказалі тры пратаколы. Паводле іх, Герасіменка тры дні раскідаў сьмецьце ў адным і тым жа месцы Менску — на бульвары Талбухіна. Гэта пацьвярджалася подпісам міліцыянта Плоткіна, а таксама сьведкі зь неразборлівым подпісам.

Дэпутата абурылі гэтыя недарэчныя абвінавачаньні. Ён напісаў скаргу ў пракуратуру Беларусі. І толькі праз 9 месяцаў атрымаў адтуль адказ — фактычна адпіску. Тады дэпутат зноў напісаў скаргу, а копію даслаў у Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ. Як лічыць сам дэпутат, менавіта гэта вырашыла справу.

У новым лісьце, што падпісаў паркурор Першамайскага раёну Менску Ўладзімер Раманоўскі, зафіксавана што "за грубае парушэньне Адміністрацыйнага заканадаўства, што выявілася ў неабгрунтаваным складаньні ў адносінах да Вас адміністрацыйных пратаколаў, загадам па Ўправе ўнутраных справаў Першамайскага раёну… Плоткін папярэджаны пра няпоўную службовую адпаведнасьць, а Буневічу загадам аб'яўленая строгая вымова".

Тут трэба дадаць, што лейтэнант Буневіч і ёсьць тым сьведкам, што падпісваў фіктыўныя пратаколы.

На фоне пасыўнасьці пракуратуры ў палітычных пытаньнях (а дэпутат лічыць сваю справу менавіта палітычнай) такая рашучасьць раённай пракуратуры ня можа не зьдзіўляць. На гэты конт у пракурора Раманоўскага такая думка:

(Раманоўскі: ) "Гэта — звычайная справа. Мы — нэўтральная арганізацыя і ніякіх адносінаў да палітыкі ня маем".

А як ацэньвае гэтую гісторыю Вячаслаў Герасіменка?

(Герасіменка: ) "З аднаго боку, я задаволены, што атрымаў адказ праз тры месяцы. А першы быў толькі празь дзевяць. З другога боку, я не атрымаў адказаў на тыя пытаньні, якія паставіў. Хто даваў каманду? Чаму менавіта мяне? Урэшце, якая галоўная мэта была? Самае галоўнае — мэта, што яны мелі на ўвазе?

Мяне спачатку вельмі цікавіла, дзе яны ўзялі мае пашпартныя зьвесткі. А потым падумаў — мабыць, узялі з кампутара. Усё роўна выходзіць, што спэцыяльна была замова на мяне".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG