Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Родзіна ілі сьмерць


У гэты сонечны студзеньскі дзень, калі так прыемна сагрэць сябе якім-небудзь марш-кідком, поўзаньнем па-пластунску або чысткаю новых кірзавых ботаў, сваё сьвята адзначаюць ваенрукі і іншыя сэнсэі дапрызыўной падрыхтоўкі. Бо менавіта 29 студзеня 1926 году ў савецкіх школах было ўведзенае абавязковае вайсковае навучаньне. Прадмет, які пасьпяхова перажыў усе забурэньні, зьмены ўлады і рэформы ў СССР, а потым і сам СССР, бо дайшоў да нашых дзён у амаль некранутым выглядзе. Прадмет, безь якога цяжка ўявіць сабе любое пакаленьне беларусаў, што нарадзіліся ў дваццатым стагодзьдзі — якое ні вазьмі.

А як інакш, калі дзяржава з маленства вучыць, што мужчына ёсьць найперш гарматным мясам, а жанчына — машынай для ўзнаўленьня ягоных запасаў? Прыгожанькія эўфэмізмы кшталту «зашчытнік родзіны» і «будушчая маць» усё яшчэ ва ўжытку — і карыстаюцца попытам ня толькі сярод прапагандыстаў, але і сярод саміх «зашчытнікаў» і «мацерэй». Паміраць і забіваць. Не валодаючы гэтымі ўменьнямі, ты заўжды будзеш у вачах грамадзтва «какой-та падазрыцельны». Ды і сам сьвет, калі на яго не глядзіш праз аптычны прыцэл, выглядае ня менш падазрона.

Там, у іншым сьвеце, людзі дзіўным чынам належаць або да Мэ, або да Жо... Які дурны пацыфізм! У краіне ваенрукоў палоў тры. Салдат, санітарка і дэзэртыр. Усе астатнія — шпіёны і мішэні. Хаваюцца ў сваіх амбасадах, займаючыся наркаманіяй, пэдафіліяй і постмадэрнізмам. Хаця, здавалася б, адна граната — і парадак.

А як інакш, калі вакол адны ворагі? З 1926 году нічога не зьмянілася, як і раней, мы ў акружэньні, патроны канчаюцца, і нам няма адкуль чакаць падмогі. Таму: кожнаму салдату па санітарцы, кожнаму дэзэртыру па сарціру. Беларусь на маршы, падмацаваньне ўжо ідзе — з радзільняў і дзіцячых садкоў, са школаў і вайсковых катэдраў. Родзіна ілі сьмерць. Гэта, заўважым, кажа ня сьмерць, гэта кажа родзіна. Якую некаторыя блытаюць з Радзімай. І гэтая родзіна безупынна знаходзіцца «ў палажэніі». Ваенным. Беларускам загадана нараджаць. Ня менш за трох дзяцей. Бо іначай: хто будзе адбівацца?

Я цэліўся з рагаткі ў варону,
А трапіў у міністра абароны.
Варонаў шмат, міністраў мала,
Даўно мне так не шанцавала...

Так гучыць знакаміты верш Віктара Жыбуля, які, можа, і не прыдаўся б у якасьці гімну беларускіх зялёных, але цалкам мог бы стаць песьняй беларускага дэзэртыра. Якому ўсё яшчэ пагражае крымінальная адказнасьць за тое, што ён не салдат і не санітарка. А, напрыклад, мужчына або жанчына. Вечныя мішэні звар’яцелага ваенрука.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG