Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгоннае права ў ХХІ стагодзьдзі

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 9 «Аб дадатковых мерах на разьвіцьцё дрэваапрацоўчай прамысловасьці».

Згодна з дакумэнтам, работнікі галіновых прадпрыемстваў, якім аказваецца дзяржаўная падтрымка ў мадэрнізацыі вытворчасьцяў, будуць пераведзеныя на кантрактную форму найму.

Датэрміновае скасаваньне кантрактаў на час рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў зь ініцыятывы супрацоўнікаў дапускаецца толькі са згоды наймальніка. Адмова наймальніка можа быць абскарджаная ў старшыні Менскага абласнога ці гарадзкога выканаўчага камітэту.З аднаго боку, прыбыткі ў дзяржаўным сэктары настолькі нізкія, што ўлады самі ж не пакідаюць іншага выйсьця, як шукаць шчасьця за мяжой. Зь іншага боку, цяперашняе заканадаўства не прадугледжвае ўвядзеньня «прыгоннага права», якім можна ўтрымліваць людзей на правах нявольнікаў.

Наведваючы пры канцы мінулага тыдня дрэваапрацоўчае прадпрыемства «Барысаўдрэў», Аляксандар Лукашэнка зрабіў гучную заяву. Ён распарадзіўся падрыхтаваць дэкрэт, згодна зь якім з прадпрыемстваў, якія мадэрнізуюцца за дзяржаўны кошт, звальняцца забараняецца. На думку Лукашэнкі, такі крок выгадны найперш самім працаўнікам, якія пасьля мадэрнізацыі заводаў у 2015 годзе пачнуць зарабляць «па тысячы даляраў»:

«Падрыхтуйце дэкрэт: да канчатковай мадэрнізацыі і рэканструкцыі гэтых прадпрыемстваў забараняецца звальненьне работнікаў. Работнік ня можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу і ўзгадненьня кіраўніка прадпрыемства. Адпусьціць — хай сыходзіць, не адпусьціць — павінен працаваць. За парушэньне — на прымусовыя працы. Тычыцца ўсіх: рабочы, спэцыяліст, кіраўнік. А то мы дажартуемся да таго, што заўтра пачнуць хадзіць па Барысаве і па Менску зь віламі і адзін аднаго калоць — замест таго каб запусьціць вытворчасьць і атрымліваць тысячу даляраў у 2015 годзе. Таму катэгарычна забараніць усялякія звальненьні ад 1 сьнежня. Скарга — калі ласка. Скаргі ў дэкрэце прадугледзьце — асабіста губэрнатар разглядае».

Згодна з прэзыдэнцкім дэкрэтам, у выпадку парушэньня работнікамі працоўных абавязаньняў і звальненьня, сума атрыманых імі грашовых выплат падлягае вяртаньню за ўвесь пэрыяд працы.

Камэнтуе старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук:

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук
«Калі наша ўлада яшчэ больш хоча сябе дыскрэдытаваць і выклікаць абурэньне (дарэчы, справядлівае), то хай робіць такія захады. З майго пункту гледжаньня, улада першая расьпісалася ў няздольнасьці рэалізаваць годную эканамічную палітыку, што і прывяло да таго, што людзі вымушаныя зьяжджаць — калі гаварыць пра працоўную міграцыю. І калі яны, скажам, працаўладкаваліся ў Расеі з заробкам у некалькі разоў большым, то гэта адбылося не таму, што ім вельмі так карцела. Яны проста вымушаныя так рабіць, бо дзяржава не пакінула выбару. І пры гэтым ім яшчэ, напэўна, трэба сказаць дзякуй, бо тым самым яны зьнялі пэўныя праблемы і зь недарэчнай палітыкі ўладаў. Яны зарабляюць грошы, яны ўтрымліваюць свае сем’і, і любыя захады, каб нейкім чынам пакараць іх, у тым ліку што тычыцца абяцаньня 100-працэнтнага спагнаньня камунальных плацяжоў, я лічу, вядома ж, недапушчальнымі. Пра гэта і размовы быць ня можа».

Сытуацыя на прадпрыемствах і дрэваапрацоўчай галіны, і бальшыні іншых, падкантрольных дзяржаве, амаль што крытычная. З маральна састарэлых канвэераў выходзіць нікому не патрэбная прадукцыя, якая ў лепшым выпадку рэалізуецца на ўнутраным рынку.

У адсутнасьць экспартных паставак і, як вынік, валюты на рахунках абяцаньні выхаду на тысячу даляраў заробку выглядаюць утапічнымі. Супрацоўнікі таго ж «Барысаўдрэва» не хаваюць, што выжываюць на 150 даляраў у месяц, што на парадак меней, чым сярэдняя пэнсія. У падвышэньне ў 6–7 разоў ня верыць практычна ніхто. Таму і лягічная тэндэнцыя: пабыўшы ў скуры жабракоў, масава зьяжджаюць на заробкі. Перадусім — у Расею, дзе такая ж праца ацэньваецца разоў у 10 вышэй.

Былы галоўны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак», амэрыканскі бізнэсовец Марат Новікаў страціў свой «стратэгічны» статус у Беларусі сёлета ў кастрычніку. Без аніякіх дэкрэтаў Лукашэнка загадаў разагнаць назіральныя рады акцыянэраў у Менску і Гомелі, звольніў генэральных дырэктараў і вярнуў большую частку новікаўскіх акцый дзяржаве. На яго думку, несыстэмныя і часта не адпаведныя законам захады вышэйшага кіраўніцтва краіны могуць скончыцца гэткім жа непрагназаваным адказам тых, супраць каго яны робяцца:

Марат Новікаў
Марат Новікаў
«Вы ж разумееце: калі сёньня акцыянэры ці простыя працаўнікі зь якіхсьці прычын не выступаюць на фабрыках, на сходах, не выступаюць яшчэ дзесьці, то гэта не азначае, што ім усё роўна. Не. Бо яны ўсё сваё незадавальненьне трымаюць за пазухай. Ну хто будзе задаволены, калі ў яго забралі палову акцыяў? Значыць, у яго забралі палову ягонага сямейнага дастатку. Не асабістага, падкрэсьліваю, а сямейнага. Згодныя са мной? Хто будзе задаволены, што яго трымаюць у рабстве? Ніхто. Не, дзяржаве трэба абавязкова наламаць дроў, настроіць супраць сябе людзей. Вядома, яны сёньня, як кажа Лукашэнка, ня ляпаюць і ня тупаюць. Але ж заўтра яны могуць ляпнуць і тупнуць. Таму што яны незадаволеныя. А калі яшчэ дрэнна справы пойдуць на фабрыках... Ня дай божа, мы не жадаем дрэннага, хай працуюць, і працуюць добра. Але калі раптам! Гэта ж вялізная рызыка для дзяржавы — столькі людзей супраць сябе настройваць! У кожнага ж ёсьць сястра, брат. Яны ж як ідэолягі ўжо выступаюць».

На думку кансультанта ў падборы кадраў Кацярыны Гаранінай, наўрад ці кіраўніцтву краіны ўдасца загнаць грамадзтва ў савецкія часы, калі працаўнікоў штучна прывязвалі да аднаго працоўнага месца бясплатнай кватэрай ці сьціплым сацыяльным пакетам:

«Проста раней, калі ўвогуле зыходзіць з арганізацыі жыцьця і магчымасьці зарабляць на хлеб надзённы, усё было крыху інакш. Уладкаваўшыся на фабрыку, ты працаваў, бо гэта была магчымасьць закрыць свае базавыя патрэбы. За доўгія гады савецкі лад, савецкі ўклад жыцьця зрабілі вельмі шмат, каб сыстэма прапіскі, сыстэма фіксаваньня чалавека ў працэсе празрыстасьці яго перасоўваньня выліліся ў тое, што чалавек захоўваў адзінае працоўнае месца. З дапамогай сыстэмы прэміраваньня, стымуляваньня за савецкім часам рабілася шмат дзеля таго, каб утрымаць чалавека на адным месцы. Але час зьмяняецца, ён ужо зусім іншы. Таму тое, што людзі зьяжджаюць, — гэта канстатацыя факту. І гэта трэба прыняць. Як мне падаецца, да гэтага трэба ставіцца нашмат спакайней і прасьцей. Бо калі ты ведаеш, што такая тэндэнцыя мае месца, з гэтым ужо лягчэй жыць».

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь прафэсар Валер Фадзееў кажа, што дэкрэт № 9 супярэчыць і міжнародным прававым нормам, і працоўнаму кодэксу Беларусі:

«Ёсьць міжнародныя канвэнцыі, ёсьць Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека, якія кажуць пра свабоду волевыяўленьня, у тым ліку пра права на выбар месца працы. Калі дэкрэтам прэзыдэнта ўзаконена прымусовая праца, то гэта супярэчыць і міжнародным канвэнцыям, да якіх далучылася Беларусь, і нашаму Працоўнаму кодэксу, дзе прапісана звальненьне па ўзгадненьні бакоў, прычыны, зьвязаныя са здароўем, зь пераездам у іншую мясцовасьць і гэтак далей. Дый увогуле, чалавек можа звольніцца без тлумачэньня прычынаў, папярэдзіўшы за месяц свайго наймальніка. Так што, я думаю, гэты дэкрэт абмяжоўвае правы грамадзянаў».

Беларусь у адпаведнасьці з Канстытуцыяй зьяўляецца дэмакратычнай, прававой, сацыяльнай дзяржавай. Дзяржава, дзе няма вяршэнства закону, ня можа быць прававой, кажа юрыст Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі Алена Яськова. На яе думку, гэты дэкрэт нічога агульнага з працоўным правам ня мае:

«У нас і так кантрактная база рэгулюецца цалкам па-за працоўным кодэксам. Вось гэты дакумэнт на 100% выглядае як форма прымусовай працы, што забаронена міжнароднымі нормамі — Канвэнцыямі № 105 і 122 Міжнароднай арганізацыі працы, якія ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Гэта парушэньне правоў чалавека, гэта забарона на свабоду выбару заняткаў і прымусовая праца. Прымусовую працу наагул забаронена выкарыстоўваць у эканамічных да іншых інтарэсах.

Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя».

Адмыслоўцы лічаць, што ўсё складаней утрымаць людзей на дзяржаўных прадпрыемствах нават абяцаньнямі заробку ў 500 даляраў, ня кажучы пра цяперашнія сярэднія 300. У беларускіх суседзяў прыбыткі ўжо даўно істотна перавышаюць гэты паказьнік — пры тым, што цэны на харчаваньне і асноўныя прадметы ўжытку як мінімум аналягічныя.

Калі ж разглядаць асобна дрэваапрацоўчую галіну, прасьвету і пагатоў не відаць. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сёлета за 10 месяцаў адбылося зьніжэньне аб’ёму вытворчасьці па ўсіх асноўных таварных пазыцыях — пілаваных лесаматэрыялах, драўнянавалакністых плітах, шпоне і г.д. Растуць запасы гатовай прадукцыі: у цэлым па галіне — 64% сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасьці, а па асобных пазыцыях лічбы ўвогуле зашкальваюць. Так, запасы паркету перавышаюць 600% (!) сярэднемесячнага аб’ёму.

Не дадае падставаў да аптымізму і празьмерная закрэдытаванасьць прадпрыемстваў галіны: паводле дадзеных на 1 кастрычніка, крэдыторская запазычанасьць вырасла ад пачатку году амаль на 15%, дасягнуўшы 1 трыльёна рублёў. А запазычанасьць па крэдытах і пазыках інвэстыцыйнай накіраванасьці склала 3 трыльёны 300 мільярдаў рублёў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG