Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магілёўдрэў»: Прыляціць Лукашэнка на сваім верталёце


Выказваньне Аляксандра Лукашэнкі пра мадэрнізацыю прадпрыемстваў і забарону звальняцца адтуль работнікам, пакуль ня будуць вернутыя сродкі, вытрачаныя на яе, выклікала ў грамадзтве неадназначную рэакцыю.

Сёньня раніцай я наведаўся ў адну з прамысловых зон Магілёва, што ў завулку Гаражным. Тут разьмешчана акцыянэрнае таварыства «Магілёўдрэў». У горадзе ведаюць, што неўзабаве гэтае прадпрыемства наведае Аляксандар Лукашэнка. На некаторых гарадзкіх сайтах зьявіліся фота, як нібыта рыхтуюць «Магілёўдрэў» да візыту. На іх людзі ў памаранчавых камізэльках асфальтуюць пляцоўку паўзьверх бруду.

Рабочыя не задаволеныя умовамі працы і заробкамі:

«Калі шчыра, то тут кепскія заробкі. У мяне заробак два мільёны. Калі б прэмія была, то мо й больш быў бы, але прэміі сёлета не атрымлівалі, бо плян не выконваем. Сюды зьбіраецца Лукашэнка. Ужо шмон наводзяць на заводзе. Пляцоўку рыхтуюць для гелікоптэра, каб ён на яе сеў. Сёньня нібыта будзе пробная пасадка гелікоптэра. Карацей, цяпер жывём у няведаньні», — выказваецца працаўнік «Магілёўдрэва», пераняты непадалёк ад прахадной.

Пра выказваньне Лукашэнкі працаўнік чуў, але разважае пра яго блытана:

«Ну, слушна. Такія ж мільярды вытрачаныя на мадэрнізацыю. Але калі чалавек ня можа на такі заробак існаваць, то яго павінны звольніць. Не павінны трымаць», — мяркуе работнік.

Яшчэ адзін работнік выказваньня кіраўніка дзяржавы ня чуў. Сваю пазыцыю тлумачыць наступным чынам:

«Гэта ўжо сваволя. Чалавека ж жыць за нешта трэба. А што ён будзе сядзець за гэтыя капейкі? Кожны чалавек мае права сам вырашаць, што яму рабіць. Калі ўкладалі ў нешта грошы, то трэба глядзець, куды ўкладаеце. Калі ўклаў некуды грошы, то павінен атрымаць прыбытак, а калі яго няма, то ўклалі ў абы-што».

Іншы рабочы скардзіцца на кепскі заробак:

«Вядома, мала плацяць. Станочнікі — паўтара мільёна. Хіба гэта заробак цяпер? Гэта ж ня грошы. Слушна. Трэба навесьці парадкі паўсюль. Усё ў нас закінута. Правільна робіць. Новыя прадпрыемствы яму паказалі, а старыя ж не паказваюць. Старыя закідваюць, а можна ж аднавіць і працаваць далей».

Непадалёк ад прадпрыемства гутару з былым вайскоўцам. Заяву Лукашэнкі адстаўны маёр камэнтуе гэтак:

«Гэта, канечне, з аднаго боку гвалт, а з другога боку — кожны чалавек заключае кантракт, які ён ня мае права касаваць. Калі вэрхал такі, то трэба сабрацца і прынамсі прыбраць гэты вэрхал. Ён жа вырашыў гэтую галіну перагледзець. Вы ж паглядзіце, што робіцца вакол лецішчаў. Паўсюль высечка ідзе. Нашы лесарэсурсы зьнікаюць, і найчасьцей за мяжою».

Да гутаркі далучаецца прадпрымальнік. Ля прадпрыемства «Магілёўдрэў» ён апынуўся, як патлумачыў, па справах. Праблемы мадэрнізацыі прадпрыемстваў яго не хвалююць, так заяўляе ён:

«Калі браць дзяржаву як уласьніка гэтых прадпрыемстваў, то ўкладзеныя сродкі яна хоча „адбіць“. Добра гэта ці кепска, але гэта факт».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG