Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў абвесьцілі культурнай сталіцай СНД


Магілёў абвешчаны культурнай сталіцай Садружнасьці незалежных дзяржаваў у 2013 годзе. Такое рашэньне, паводле афіцыйнай інфармацыі, было прынятае ў сталіцы Туркмэніі Ашхабадзе на паседжаньні Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД.

Як успрынялі навіну пра абвяшчэньне Магілёва культурнай сталіцай СНД мясцовыя дзеячы культуры, палітыкі, журналісты.

Мікалай Яцкоў
Мікалай Яцкоў
Аўтар музыкі да гімну гораду Мікалай Яцкоў зазначае, што Магілёў варты таго, каб на яго зьвярнулі ўвагу і няхай, зазначае кампазытар, ён пабудзе цэлы год культурнай сталіцай СНД.

«Можа, гэта стане стымулам для Магілёва ў пытаньнях разьвіцьця мясцовай культуры, адносінаў да творцаў да спадчыны. Праўда найперш Магілёў быў заўжды эўрапейскім горадам. Што можа яднаць яго з тым Ашхабадам? Хіба толькі тыя семдзесят гадоў, што мы былі ў Савецкім Саюзе і тады было ўсё савецкае. Таму яднаць нас могуць толькі ўспаміны пра Савецкае мінулае. СНД ж гэта як нашчадак Савецкага Саюзу. Можа, калі-небудзь Магілёў і назавуць культурнай сталіцай Эўразьвязу. Ну, а пакуль, няхай пабудзе культурнай сталіцай СНД напачатку».

Віталь Макаранка
Віталь Макаранка
Палітык Віталь Макаранка не разумее, што значыць быць культурнай сталіцай СНД: «Гэта мусіць арганічна выплываць з дачыненьняў Магілёва з той культурнай прасторай, якая абвясьціла горад культурнай сталіцай. Мне думаецца, што гэта абсалютна штучная рэч. Трэба, каб была супольная культурная прастора, а я думаю, што яе гадоў з дваццаць папросту ўжо няма. Мне, зразумела, прыемна, што Магілёў зрабілі сталіцай хоць нечага. Можа, з гэтага што добрае і атрымаецца — прынамсі для гарадзкой культуры».

Генадзь Суднік
Генадзь Суднік
Журналіст Генадзь Суднік зазначае, што ў Магілёве даўно рыхтаваліся да гэтай навіны і актыўнае грамадзтва ўсяляк прасоўвала ідэю культурнай сталіцы Беларусі, а потым СНД:

«Ёсьць меркаваньне, якога ўлада ніяк ня хоча чуць. Калі Магілёў хоча стаць культурнай сталіцай няхай і СНД, ці Эўропы і калі ён пры гэтым ня будзе беларускім — тады ў такім статусе няма ніякага сэнсу. Улада мелася б зрабіць дужа рашучыя і радыкальныя захады да таго, каб Магілёў наблізіць да горада-носьбіта беларускасьці. Толькі тады ў гэтым будзе сэнс. Вось тады будзе ясна — я прыяжджаю ў беларускі горад Магілёў — і вось паглядзіце, як гэта добра. А калі я прыяжджаю ў горад, які ня мае нацыянальнасьці, як цяпер Магілёў, то ў чым сэнс?»

Надзея Салаўёва
Надзея Салаўёва
Маці адзінай вучаніцы адзінай беларускамоўнай клясы, кіраўнічка жаночай грамадзкай арганізацыі «Пралеска» Надзея Салаўёва лічыць, што Магілёў не дацягвае да статусу культурнай сталіцы:

«Нядаўна зьбіраліся прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці гораду, і там было заяўлена, што Магілёў ня мае свайго брэнду, сюды ня надта едуць турысты. Ім ёсьць што сказаць, але няма чаго паказаць. Каб быць культурнай сталіцай, трэба, каб жыцьцё было адпаведным у горадзе, а яно такое будзённае. Гісторыкі знаходзяць унікальныя факты мінуўшчыны, але колькі магілёўцаў ведае пра іх? Магілёў толькі пачынае пазбаўляцца савецкасьці. Няма Магілёва з сваёй нацыянальнасьцю, мовай».

У Ашхабадзе зацьвердзілі і Палажэньне аб міждзяржаўнай праграме «Культурныя сталіцы Садружнасьці». Яе ў 2013 годзе будуць ажыцьцяўляць у Азербайджане, Арменіі ды Беларусі. Разам з Магілёвам культурнымі сталіцамі абвешчаныя азэрбайджанская Габала і армянскі Гюмры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG