Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскага пасла адклікаюць у дэпутаты


Згодна з указам прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, датаваным 26 лістападам, вызвалены ад пасады Надзвычайнага і Паўнамоцнага пасла Ўкраіны ў Беларусі Віктар Ціханаў. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт украінскага прэзыдэнта.

Удакладняецца, што Ціханаў вызвалены ад ранейшай пасады ў сувязі з абраньнем яго народным дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны.

Віктар Ціханаў прапрацаваў паслом у Беларусі крыху больш за год. Прадстаўнік праўладнай «Партыі рэгіёнаў» быў накіраваны ў Беларусь у жніўні 2011 году, замяніўшы на гэтай пасадзе Рамана Бязьсьмертнага — рэзкага крытыка беларускага рэжыму, аднаго з паплечнікаў лідэра «памаранчавай рэвалюцыі» Віктара Юшчанкі.

У сваю чаргу Віктар Ціханаў даваў гэтай палітыцы зусім іншыя ацэнкі, напрыклад, у кастрычніку летась, выступаючы па беларускім тэлебачаньні ён сказаў, што зайздросьціць Беларусі, ён тады адзначыў, што ў цэлым жыцьцё простых жыхароў нашмат лепш у Беларусі, чым ва Ўкраіне. Прычыну гэтага спадар пасол бачыў у частых зьменах улады ва Ўкраіне.

Тады ж інтэрвію Інтэрфаксу ён казаў, што палітычныя судовыя працэсы ў Беларусі – гэта ўнутраная справа краіны і абвінавачваў Захад у падвойных стандартах.

Хто будзе новым паслом Украіны ў Беларусі, пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG