Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РТР супраць беларускай апазыцыі



Днямі расейскі тэлеканал РТР паказаў «выкрывальніцкую» стужку пра лідэра расейскай левай апазыцыі Сяргея Ўдальцова, прыгадаўшы і лідэра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Беларусі Анатоля Лябедзьку. Гэты фрагмэнт разьмясьціла ў Youtube грамадзянская кампанія «Наш дом».

Вал стужак са спробай дыскрэдытаваць расейскую апазыцыю (такія расейскія варыяцыі «Жалезам па шклу») коціцца ўжо даўно, варта прыгадаць хаця б чарговы шэдэўр НТВ «Анатомія пратэсту-2». У фільме сьцьвярджаецца, што некаторыя лідэры апазыцыі ў Расеі, у прыватнасьці Сяргей Удальцоў, у супрацоўніцтве з спэцслужбамі Грузіі і пры падтрымцы Захаду рыхтуюць захоп улады ў Расеі.

Уласна стужка РТР была творчым разьвіцьцём тэмы, распачатай калегамі з НТВ.
І Ўдальцову, і Лябедзьку інкрымінуюцца сувязі з кіраўніком камітэту парлямэнту Грузіі па абароне і бясьпецы Гіві Таргамадзэ, Удальцову ён нібыта абяцаў 30 тысяч даляраў «на рэвалюцыю», а Лябедзьку — нават 4 мільёны.



Перапаўняе пачуцьцё гонару за радзіму, якая ў срэбраніках «сусьветнага закулісься» аказваецца нашмат даражэйшай за вялікую Расею.

Калі бяз жартаў, то дзіўнавата выглядаюць выкрываньні як наконт Удальцова, гэтак і наконт Лябедзькі, шчырыя абяцаньні грузінскага палітыка гучаць як астапбэндэраўскае «я дам вам парабэлум» і «500 рублёў уратуюць гіганта думкі».
Але цікаўнасьць выклікае не разьбіральніцтва, хто колькі грошай каму даў і ці даваў наагул, а згадка пра беларускага апазыцыянэра ў прапагандысцкай кампаніі пракрамлёўскіх тэлеканалаў.

Варта заўважыць, што кадры пра гутарку Лябедзькі (сапраўдную ці змантажаваную) зь яго грузінскім суразмоўцам узятыя з прапагандысцкай «антыаранжавай» стужкі, якая была зробленая ажно 7 гадоў таму. За гэты час шмат што зьмянілася, у прыватнасьці, на 180 градусаў памянялася палітыка Тбілісі адносна Беларусі, усе тагачасныя гульні даўно адыграныя. Але, як высьвятляецца, не для ўсіх. Як у Быкава — а бомба чакала свайго часу.

Зь іншага боку, таксама варта прыгадаць, што пік інфармацыйнай вайны паміж Менскам і Масквой, час «Хросных бацькаў» застаўся ў мінулым, у 2010 годзе, але да апошняга часу танальнасьць перадачаў расейскіх тэлеканалаў адносна падзеяў у Беларусі была хутчэй крытычнай адносна беларускай улады, а беларускія апазыцыянэры былі хутчэй станоўчымі пэрсанажамі гэтых сюжэтаў. Цяперашні сюжэт наконт Анатоля Лябедзькі — магчыма, знак чарговага павароту інфармацыйнай палітыкі Крамля.

Тут магло сысьціся некалькі чыньнікаў. Ня выключана, што першым быў унутрырасейскі. Беларуская апазыцыя, а найперш якраз менавіта АГП, традыцыйна падтрымлівала кантакты з расейскімі апанэнтамі Пуціна. Калі актыўнасьць гэтых апанэнтаў абмяжоўвалася малалікімі рытуальнымі акцыямі на 31 дзень месяца, гэта асабліва нікога не турбавала. Калі на плошчы Масквы сталі выходзіць дзесяткі тысяч чалавек, магчыма, стала ўспрымацца больш хваравіта.
Да таго ж зьяўленьне Анатоля Лябедзькі ў выкрывальніцкай стужцы расейскіх тэлеканалаў — пэўны індыкатар цяперашняга стану беларуска-расейскіх адносінаў. З аднаго боку, яны зараз надзвычай цёплыя, да таго ж расейская «Балотная» ў пэўным сэнсе зрабіла кіраўнікоў Беларусі і Расеі таварышамі калі не па няшчасьці, то па аднатыпных праблемах. Расейскім тэлеканалам было лёгка станоўча асьвятляць пратэсты беларускай апазыцыі і нават Плошчу, калі ў самой Расеі ніякіх значных пратэстаў не было, калі ж яны зьявіліся, то добрае слова пра беларускую апазыцыю магло спарадзіць непажаданыя асацыяцыі ў расейскага гледача.

Зь іншага боку, адносіны паміж Крамлём і афіцыйным Менскам не такія ўжо і бясхмарныя — дастаткова прыгадаць тую ж справу растваральнікаў і скарачэньне паставак нафты ў Беларусь. На гэтым фоне «наезд» на беларускага апазыцыянэра — такое невялічкае падсалоджваньне пігулкі, маўляў, грошы грашыма, зь імі часам і складана бывае, але плячом да пляча стаім зь Менскам супраць рэвалюцыйнай «заразы», вашы ворагі — нашы ворагі.

Зразумела, неабавязкова за сюжэтам, пра які ідзе размова, стаіць такія складаная стратэгія. Па журналісцкай практыцы цалкам дапускаю, што нейкаму журналісту з РТР патрапіўся праз Google кавалак старой стужкі пра Лябедзьку і Таргамадзэ, ну і прысабачыў да матэрыялу дзеля «глыбіні раскрыцьця тэмы». Да таго ж расейскія пратэсты пачаліся 10 месяцаў таму, а «выкрыцьцё зладзействаў» беларускага апазыцыйнага палітыка зьявілася толькі зараз.

Аднак ня выключана, што гэта менавіта новая інфармацыйная палітыка, своеасаблівы саюз Лукашэнкі і Пуціна супраць іх апанэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG