Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нёмане пачала гінуць рыба


Нёман, ілюстрацыйнае фота
Нёман, ілюстрацыйнае фота

У Нёмане рэзка панізіўся ўзровень вады, трывогу забілі ў Літве. Афіцыйны Вільнюс патрабуе тлумачэньняў, паколькі ўзровень вады ў Нёмане на тэрыторыі Друскенікаў апусьціўся ніжэй экалягічных межаў. Тым часам недалёка ад Горадні ў старым рэчышчы Нёмана знайшлі мёртвую рыбу. Біёлягі зьвязваюць гэта з будаўніцтвам ГЭС. Будаўнікі ў сваю чаргу сьцьвярджаюць, што не парушылі патрабаваньняў экалягічнай экспэртызы.

У Горадні Нёман абмялеў зараз на столькі, што ў многіх месцах, як сьцьвярджаюць гараджане, чалавек яго папросту можа перайсьці пешкі. Але трывогу наконт гэтага адразу забілі ў Літве. У Друскеніках падзеньне вады стварыла пагрозу для экасыстэмы і навігацыі.

Літоўскія ўлады дамагаюцца ад беларускага боку тлумачэньняў прычынаў і патрабуюць прыняць усе неабходныя захады для выпраўленьня сытуацыі. Літоўскія экспэрты лічаць, што такі стан рэчаў на Нёмане зьвязаны не з натуральнымі працэсамі, а з будаўніцтвам Гарадзенскай ГЭС.

Афіцыйны адказ літоўскаму боку рыхтуе Мінпрыроды. Там мне патлумачылі, што зараз вядзецца збор інфармацыі па гэтым пытаньні, пакуль нічога канкрэтна сказаць ня могуць.

Тым часам гарадзенскі біёляг Юры Цыдзік вышэй па цячэньні у 700-800 мэтрах ад будаўніцтва ГЭС у старым рэчышчы ракі выявіў сотні загінуўшых рыбінаў: шчупакоў, лінёў, карасёў і іншых.

Паводле Цыдзіка, у старым рэчышчы вада была крынічная і чысьцейшая, чым у Нёмане, а ў выніку работаў, што праводзяцца па будаўніцтве ГЭС, вада паднялася, зьмяшалася зь нёманскай. На яго думку, дрэнна былі вычышчаны берагі, і з падняцьцем вады ў ёй пачаліся працэсы гніеньня, што і прывяло да зьмяншэньня кіслароду ў вадзе.

Цыдзік: «Трэба было найперш больш дасканала вычышчаць берагі. І напаўняць вадасховішча трэба было ня ў летні час, а пасьля вясеньняй паводкі, калі ўсё навокал без расьліннасьці, калі рака паўнаводная. Тады ня ўпаў бы ўзровень вады ніжэй плаціны і вадасховішча без праблемаў напоўнілася б».

Загінула рыба толькі з аднаго берагу. Бо каб нешта патрапіла ў ваду, альбо працэсы гніеньня паўзьдзейнічалі — што мы таксама дапускаем, бо вядзецца напаўненьне вадасховішча, — то гэта адбылося б па ўсім вадасховішчы, а так толькі з аднаго берага
Намесьнік начальніка Гарадзенскай абласной інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Яўген Ашаеў

Намесьнік начальніка Гарадзенскай абласной інспэкцыі аховы жывёльнага і расьліннага сьвету Яўген Ашаеў сказаў нашаму радыё, што пагібель рыбы адбылася толькі ў лякальным месцы, узяты пробы вады, і вынікі аналізаў будуць вядомыя напрыканцы тыдня. Ашаеў таксама дадаў:

«І што яшчэ не характэрна: загінула рыба толькі з аднаго берагу. Бо каб нешта патрапіла ў ваду, альбо працэсы гніеньня паўзьдзейнічалі — што мы таксама дапускаем, бо вядзецца напаўненьне вадасховішча, — то гэта адбылося б па ўсім вадасховішчы, а так толькі з аднаго берагу».

Дырэктар будаўніцтва Гарадзенскай ГЭС Уладзімер Рукавіцын ніяк не зьвязвае пагібель рыбы з будаўніцтвам ГЭС. Паводле Рукавіцына, усе работы перад запаўненьнем вадасховішча выконваліся згода з праектнымі патрабаваньнямі.

Рукавіцын: «Усе эколягі: і нашы, і абласныя, і менскія — усе разглядалі праектныя рашэньні і ніхто не выказваў нават ніякіх намёкаў ці перасьцярогаў, што можа быць такая сувязь...».

Гарадзенскі біёляг Юры Цыдзік кажа, што зь нецярпеньнем чакае аналізаў вады, каб высьветліць прычыны таго, што адбылося. Але яго вельмі турбуе тое, што ўлады зьбіраюцца будаваць яшчэ адну ГЭС на Нёмане. Ён лічыць, што гэта папросту недапушчальна.

Цыдзік: «Калі пачнецца будаўніцтва яшчэ і другой ГЭС, то ўжо ня толькі ў вярхоўях будзе вадасховішча, а ў межах горада таксама атрымаецца возера са стаячай вадой. Ракі Нёман папросту ня стане. Дарэчы, пры будаўніцтве гэтай ГЭС абяцалі збудаваць абвадныя каналы для нерастовага ходу рыбы, але іх так і не зрабілі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG