Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 дзён на праверку

абноўлена

14 жніўня пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Акруговыя камісіі правераць сапраўднасьць сабраных прэтэндэнтамі подпісаў, а таксама адпаведнасьць іхных дэклярацыяў аб прыбытку і маёмасьці рэальным дадзеным. Цэнтральная выбарчая камісія паведаміла — на рэгістрацыю пададзена 597 камплектаў дакумэнтаў.

Рэальна дакумэнты падалі 494 чалавекі. А лічба 597 азначае, што частка прэтэндэнтаў дублявала сваё вылучэньне некалькімі спосабамі: напрыклад, ад партыі і праз збор подпісаў. Досьвед папярэдніх кампаніяў паказвае, што падчас рэгістрацыі адсеў непазьбежны. Тым больш, што некаторыя апазыцыйныя партыі заяўляюць, што здымуць сваіх кандыдатаў з гонкі за тыдзень да галасаваньня.

Намер АГП зьняць сваіх кандыдатаў за тыдзень да галасаваньня сёньня пацьвердзіў на прэсавай канфэрэнцыі яе старшыня Анатоль Лябедзька. Ён заявіў, што 49 партыйцаў падалі неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю. Сярод іх прафэсары Станіслаў Багданкевіч і Георгій Лепін, экс-міністар Аляксандар Сасноў, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі ды іншыя добра вядомыя ў краіне асобы. Усе яны будуць удзельнічаць у агітацыйнай кампаніі, каб данесьці да выбарцаў партыйную пазыцыю: Беларусь з Лукашэнкам ідзе ў тупік. І выхад толькі адзін — праводзіць сумленныя выбары без Лукашэнкі.

Анатоль Лябедзька выказаў меркаваньне, што некаторым, а можа нават, і ўсім кандыдатам ад АГП, улады адмовяць у рэгістрацыі. У такім выпадку, сказаў ён, партыя будзе абскарджваць гэтыя рашэньні ў ЦВК і судах. Традыцыйна найбольшая колькасьць пратэстаў прыпадае на этап рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. А як можна ацаніць, грунтуючыся на колькасьці скаргаў, ужо прайшоўшых этапы кампаніі?

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адзначае, што пратэстаў нямала. Але яны, маўляў, штучныя і паступаюць выключна ад назіральнікаў Беларускага Хэльсынскага камітэту:

«Усе гэтыя звароты зьяўляюцца неабгрунтаванымі. То бок яны тычацца таго, каб БХК давалі прэфэрэнцыі, якія не прадугледжаныя законам. Адчуваньне такое, што каардынатараў гэтага праекту цікавіць толькі колькасьць і зусім не цікавіць якасьць скаргаў. Ім важна пасьля прадставіць міжнародным назіральным місіям інфармацыю пра тое, што было пададзена мноства скаргаў і актаў назіральнікаў у Цэнтральную выбарчую камісію».

Старшыня юрыдычнай камісіі БХК Гары Паганяйла, камэнтуючы для «Свабоды» гэта выказваньне, кажа, што ў камітэце вядуць улік скаргаў, якія падаюць назіральнікі:

«Мы лічым, што скаргі носяць абгрунтавана-прынцыповы характар. А вось інтэрпрэтацыя ЦВК дзейнага заканадаўства не зусім правільная. І з гэтай нагоды напісалі ў Цэнтральную камісію — прапанавалі кіравацца не эмоцыямі старшыні камісіі, а законам і здаровым сэнсам».

На праверку дакумэнтаў патэнцыйных кандыдатаў акруговым выбарчым камісіям даецца 10 дзён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG