Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйная хунта ў эміграцыі


Апошнім часам у асяродзьдзі беларускай апазыцыі, асабліва ў эмігранцкай яго частцы, ажыўлена абмяркоўваецца пытаньне неабходнасьці або мэтазгоднасьці існаваньня ценявога ўраду за мяжой. Былы палкоўнік Уладзімер Барадач нават абвясьціў пра стварэньне аргкамітэту па фармаваньні пераходнага ўраду.

Увогуле сам інстытут ценявога ўраду як альтэрнатыва дзейнай уладзе — распаўсюджаная зьява ў сьвеце. Прычым ня толькі ў дэмакратычных краінах. Мусіць, нядрэнна, каб ён быў створаны і ў Беларусі. Каб стаць рэальным палітычным цэнтрам, ценявы ўрад павінен быць органам аб’яднанай апазыцыі, яе штабам і рупарам. Ён павінен увасабляць сабой ідэю альтэрнатывы, што вельмі важна цяпер для краіны. То бок гэты ўрад павінен прапанаваць праграму рэформаў, шлях выхаду з крызісу, тактыку барацьбы, выступаць з ініцыятывамі, заявамі і інш.

Вось цяпер ЭЗ прапануе новую праграму для Беларусі — «Эўрапейскі дыялёг па мадэрнізацыі». Ня вельмі зразумела, на каго арыентаваны гэты праект. Афіцыйныя ўлады ад яго катэгарычна адмяжоўваюцца, апазыцыя разьяднаная. Вось каб быў ценявы ўрад, то ён мог бы быць органам, які прапаноўвае гэтую праграму мадэрнізацыі грамадзтву ад свайго імя. І тады падчас выбараў у абывацеляў не ўзьнікала б пытаньня, якое стала ўжо для Беларусі амаль культавым: а хто замест Лукашэнкі?

Ценявы ўрад мог бы мець сваё прадстаўніцтва і ў замежжы, але знаходзіцца павінен унутры краіны. Гэта прынцыпова. Бо толькі ў такім выпадку ён можа рэальна, а не фармальна выконваць функцыю альтэрнатывы дзейнай уладзе.

У найноўшай гісторыі Беларусі ёсьць досьвед стварэньня такога ўраду. У 1991–1994 гадах існаваў ценявы ўрад, створаны Беларускім Народным Фронтам. У другой палове 1990-х гадоў апазыцыя сфармавала Нацыянальны выканаўчы камітэт на чале з Генадзем Карпенкам. Але з розных прычын гэтая структура ня стала моцным апазыцыйным палітычным цэнтрам, яна існавала больш фармальна, на паперы. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2010 году нешта падобнае спрабавала стварыць партыя БХД, але гэта хутчэй была піяр-акцыя, рабілася яна не ўсур’ёз.

Ценявыя ўрады ў замежжы ствараюцца толькі тады, калі ў краіне існуе жорсткая дыктатура, і ўсе легальныя сродкі палітычнай барацьбы ўнутры краіны вычарпаныя. У Беларусі гэтага пакуль няма. Апазыцыйныя партыі існуюць афіцыйна, маюць свае офісы, могуць удзельнічаць у выбарчых кампаніях, ладзіць агітацыю і інш.

Таму сэнс стварэньня эмігранцкага ценявога ўраду незразумелы. Тэарэтычна разважаючы, такая структура магла б быць сфармаваная дзеля каардынацыі і акумуляцыі міжнароднай дапамогі беларускай дэмакратыі, каб быць у сталым кантакце з кіраўніцтвам ЭЗ, ЗША. Але гэтую функцыю такі ценявы ўрад можа выканаць толькі пры ўмове, што ўнутраная апазыцыя прызнае яго сваім прадстаўніком у замежжы. Бяз гэтай умовы незразумела, каго гэты орган можа прадстаўляць. Самога сябе? Дык такіх структур можна паўтвараць два дзясяткі. Амаль у кожнай эўрапейскай краіне, дзе ёсьць беларускія палітэмігранты. Сэнсу ў гэтым няшмат.

Уладзімер Барадач элегантна абмінуў гэтую ўмову. Ён заявіў, што ўся апазыцыя кантралюецца КДБ. І адною гэтай фразай выкрасьліў сотні людзей, якія шмат гадоў вядуць змаганьне ў вельмі неспрыяльных умовах.

Яшчэ цікава тое, што Уладзімер Барадач плянуе стварыць свой урад з афіцэраў, супрацоўнікаў сілавых структур. Акалічнасьць даволі дзіўная. Урад з вайскоўцаў у сьвеце звычайна называюць ваеннай хунтай. Апазыцыйная хунта ў эміграцыі — такой экзотыкі сьвет яшчэ ня бачыў.

Існуе думка, што беларускі ўрад у выгнаньні ўжо існуе — гэта Рада БНР. Але справа ў тым, што гэтая структура ня можа лічыцца ценявым урадам апазыцыі ў клясычным разуменьні гэтага паняцьця. І нават не таму, што апазыцыя яго не выбірала, не прызначала. Ценявы ўрад паводле свайго статусу павінен прапаноўваць свой варыянт разьвязаньня праблемаў, якія стаяць перад краінай, мець праграму, якую ён зьбіраецца рэалізаваць у выпадку прыходу да ўлады, выступаць з канкрэтнымі ініцыятывамі па розных эканамічных, сацыяльных, зьнешнепалітычных пытаньнях.

У Рады БНР іншая функцыя. Гэта гістарычны сымбаль. Яна выконвае ролю маральнага аўтарытэту, легітымнасьць якога сягае ў гісторыю. Рада БНР спрабуе выкарыстаць гэты аўтарытэт дзеля таго, каб уплываць на ратаваньне сувэрэнітэту тады, калі бачыць пагрозу незалежнаму існаваньню Беларусі. Шырэйшую функцыю яна сама на сябе браць ня хоча. І, магчыма, мае рацыю.

Увогуле ўсе гэтыя гульні вакол ценявога ўраду ў замежжы — ад бясьсільля, безвыніковасьці, няздольнасьці зрабіць нешта рэальнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG