Старшыня БАЖ Жана Літвіна не змагала вылецець у Варшаву, у нацыянальным аэрапорце «Менск» памежнікі паставілі ёй штамп у пашпарце :"У выезьдзе адмоўлена«. У аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Савецкага раёну Менску яна даведалася, што гэта зроблена на падставе зьвестак Мін’юсту. Нібыта старшыня БАЖ зьяўляецца «даўжніком па справе аб банкруцтве ці зацікаўленай асобай адносна даўжніка». Жана Лівтіна заявіла карэспандэнту Свабоды:
«Гэта поўная лухта. І ўсё роўна цяпер давядзецца высьвятляць канчаткова, што меў на ўвазе Мін’юст. Пытаньне пакуль не зразумелае».
Станіслаў Шушкевіч апавёў, што спакойна плянуе чарговую камандзіроўку за мяжу. Ён не зьбіраецца ісьці і высьвятляць: выязны ён ці не:
«Я нікуды не хаджу, бо няма падстаў, каб мяне маглі пазбавіць выезду за мяжу. Я ні ў якіх працэсах ня ўдзельнічаў, ніякіх адміністратыўных прэтэнзій да мяне не было. Таму чаго я пайду, каб сьцьвярджаць, што я не вярблюд?»
Шушкевіч сказаў, што мае многа запрашэньняў з-за мяжы і зьбіраецца ехаць туды па працы. Аднак не падаў ніякіх падрабязнасьцяў:
«Мне ж, відавочна, трэба недзе нешта зарабляць, маючы маю пэнсію. Так жа я жыць не магу. Я ж ня маю ніякіх накапленьняў у адрозьненьне ад злодзеяў, якія дарваліся да ўлады. Таму ў мяне ёсьць пэўныя пляны і дамоўленасьці і ў Расеі, і ў Польшчы, і ў ЗША. У мяне пакуль няма намеру ехаць акружным шляхам».
Як Шушкевіч ставіцца да таго, што шэрагу апазыцыянэраў ужо забаранілі выезд за мяжу?
«Бандыты дарваліся да ўлады і парушаюць канстытуцыю. Ёсьць 30-ты артыкул Канстытуцыі. Абмежаваньне можа быць, калі ёсьць рашэньне суду. Такога ж няма. Альбо чалавек дае падпіску аб нявыезьдзе. Гэта ж розныя рэчы. А калі гэтага няма, значыць гэта робяць бандыты, якія дарваліся да ўлады».
Аляксандар Ярашук ня стаў высьвятляць, выязны ён ці не, але перакананы, што яго імя ёсьць у сьпісе. Таму ў Брусэль на пасяджэньне выканкаму Эўрапэйскай рады прафсаюзаў ён паехаў праз Маскву. Ярашук не карэктуе свой графік, хаця не падае падрабязнасьцяў, і зноў зьбіраецца ў Эўропу праз Расею.
«У Маскве ніякіх пытаньняў. Магчыма, там вядуцца перамовы з Масквой, каб гэтыя сьпісы былі ўзаконеныя нейкім чынам і ў Расеі. Я ўпэўнены, што гэтага не адбудзецца, бо гэта можа быць толькі ў тым выпадку, калі Беларусь разглядае Расею як частку сваёй тэрыторыі ці расейскія ўлады у якасьці васалаў беларускіх уладаў. Каб гэтыя сьпісы не былі такімі дэкаратыўнымі, трэба зачыняць мяжу і тады ўжо можна наогул усіх зьнішчыць. Усё ў іх руках, але для гэтага трэба поўнасьцю ізаляваць краіну. Наўрад ці вырашальная гэта задача, каб расейскія ўлады ўзаконілі сьпіс беларускіх невыязных і зрабілі сябе ворагамі тых, хто зьяўляецца апанэнтам беларускага рэжыму».
Пачынаючы ад 7 сакавіка, улады ня выпусьцілі за мяжу Анатоля Лябедзьку, Сяргея Калякіна, Віктара Карняенку, Валянціна Стэфановіча, Андрэя Дынько, Алега Гулака, Гары Паганяйлу, Андрэя Бандарэнку, Жану Літвіну і Міхася Янчука.