Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марылюіза Бэк: «Санкцыі нічога ня вартыя, пакуль Лукашэнку падтрымлівае Крэмль»


Марылюіза Бэк
Марылюіза Бэк
У інтэрвію нямецкаму радыё Deutschlandfunk дэпутатка Бундэстагу скрытыкавала Расею за падтрымку беларускага рэжыму, распавяла пра эканамічную залежнасьць Менску ад Захаду, а таксама выказала сваю думку наконт таго, што можа зрабіць у цяперашняй сытуацыі кіраўніцтва ЭЗ.

Deutschlandfunk: Спадарыня Бэк, прэсавы сакратар беларускага МЗС (у сувязі з учорашнім рашэньнем эўрапейскіх амбасадараў пакінуць Менск) заявіў з добрай доляй сарказму: калі паслам ЭЗ лягчэй выкласьці сытуацыю толькі дома, у сваіх краінах, то хай яны робяць гэта там: ціснуць на Беларусь цалкам бессэнсоўна. Ці не здаецца, што гэты чыноўнік мае рацыю? Бо дагэтуль з боку ЭЗ у дачыненьні да беларускай дыктатуры так і не былі ўжытыя сапраўдныя санкцыі.

Бэк: Гэта велізарная праблема палітыкі санкцыяў, якую праводзяць МВФ, Рада Эўропы ды Эўразьвяз: яна ніяк ня можа паўплываць на рэжым Лукашэнкі, пакуль Расея гатовая яму дапамагаць. Трэба зразумець, што напярэдадні беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў Зьвяз прадэманстраваў Лукашэнку палітыку працягнутай рукі. Аднак заключаныя пагадненьні былі цалкам праігнараваныя. Апазыцыю жорстка здушылі, давер цалкам парушылі.

Deutschlandfunk: Іншымі словамі, ЭЗ бясьсільны?

Бэк: Не, я ня думаю, што ЭЗ бясьсільны. Нават калі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве Лукашэнка і можа схавацца за Крамлём, Беларусі рана ці позна ўсё роўна давядзецца адчыніць дзьверы на Захад. Хаця б з прычыны таго, што эканамічная сытуацыя ў краіне надзвычай кепская. Вельмі складанае сёньня і жыцьцё звычайных людзей, чые даходы ўсё меншаюць ды меншаюць… Гэта прыкладна тое самае, што раней было ў ГДР. Беларусь павінна быць адкрытая хаця б з эканамічных прычынаў.

Deutschlandfunk: Калі ёсьць спадзяваньні, што цяжкі эканамічны стан у канчатковым выніку прывядзе да падзеньня дыктатуры, чаму ЭЗ ня ўводзіць эканамічных санкцыяў?

Бэк: Ёсьць адрасныя санкцыі супраць кампаніяў, чые прыбыткі прыносяць карысьць Лукашэнку і яго атачэньню…

Deutschlandfunk: Якія, аднак, можна лёгка абыйсьці, як кажуць у Беларусі.

Бэк: Так, палажэньні заўсёды можна абыйсьці. Але калі ёсьць палітычная воля і пакуль гэта адміністрацыйна празрыста, задача ўсё ж дасягаецца. Праблема падстаўных асобаў заўсёды ўзьнікае пры кантролі банкаўскіх рахункаў. Дагэтуль агульныя санкцыі ня ўводзіліся дзеля таго, каб выпадкова не закрануць насельніцтва.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG