Урна з прахам прэзыдэнта была пакладзеная ў сямейную грабніцу, якая месьціцца ў бакавой сьцяне капліцы сьвятога Вацлава на згаданых могілках. Сёньняшняя разьвітальная цырымонія ў адрозьненьне ад папярэдняга дзяржаўнага абраду праводзілася ў прыватным коле. На могілках былі ўдава Гаўла Дагмар, яго родны брат, найбліжэйшыя сябры і супрацоўнікі, каталіцкі ксёндз.
Цырымонію сваім сьпевам суправаджалі каталіцкія манашкі-барамейкі, якія на працягу апошніх месяцаў дапамагалі даглядаць сур’ёзна хворага Вацлава Гаўла. Дату ўкладаньня урны сям’я Гаўла прымеркавала да дня, калі споўнілася 15 гадоў з дня яго шлюбу з другой жонкай актрысай Дагмар. У сямейнай грабніцы ён будзе спачываць побач з парэшткамі першай жонкі Вольгі.
Сёньня ў Менску ў архікатэдральным касьцёле адбылася памінальная імша па Вацлаву Гаўлу. Набажэнства ўзначальваў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці.
Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня 2011 году ў сьне, знаходзячыся ў сваім дачным доме на хутары Градачак. Яму было 75 гадоў.