Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вацлаў Гавэл — зорка, якая сьвяціла ўсім беларусам»


У Празе адбылася цырымонія пахаваньня першага прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла. Ушанаваць ягоную памяць зьехаліся лідары з усяго сьвету, у тым ліку, 15 прэзыдэнтаў. На разьвітаньне з Вацлавам Гаўлам адгукнуліся прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі і грамадзкія дзеячы ў Беларусі.

«Смуткуем разам з чэхамі», — гаворыцца ў заяве Беларускага ПЭН-цэнтру з нагоды сьмерці Вацлава Гаўла. Зь лістапада 2008 году Вацлаў Гавэл зьяўляецца ганаровым сябрам Беларускага ПЭНу, кажа ягоны старшыня, паэт Андрэй Хадановіч:

«Вацлаў Гавэл быў больш, чым палітыкам. Прыйшоўшы ў палітыку, ён застаўся пісьменьнікам, інтэлектуалам, чалавекам сумленьня і прынцыповасьці. Вацлаў Гавэл памятаў пра Беларусь, прыемна, што падтрымаў Васіля Быкава пэрсанальна. Вацлаў Гавэл запярэчыў сумнаму правілу, што палітыка і мараль несумяшчальныя. Ён давёў, што палітыка і сумленьне, палітыка і мараль — рэчы сумяшчальныя».

У дні разьвітаньня з Вацлавам Гаўлам лідары партыі БНФ наведалі амбасаду Чэхі ў Беларусі, а таксама выказалі спачуваньне сям’і першага чэскага прэзыдэнта, кажа намесьнік старшыні партыі Рыгор Кастусёў:

«Лёс Беларусі і лёс Чэхіі гістарычна зьвязаны дзесяцігодзьдзямі. Мы ведаем, што ў свой час урад БНР атрымаў прытулак у Чэхіі. З Чэхіяй зьвязаная біяграфія вельмі многіх беларускіх дзеячаў. І сучасныя стасункі з Чэхіяй вельмі карысныя для Беларусі. Чэхія і Вацлаў Гавэл асабіста зрабілі вельмі шмат для Беларусі і беларускага народа».

На разьвітаньнем з Вацлам Гаўлам лідарка грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» Вольга Карач напісала артыкул «Гавэл і Лукашэнка».

«Чэхі і беларусы ўпершыню абіралі прэзыдэнтаў самі. Чэхі выбралі Вацлава Гаўла, а мы — Лукашэнку. Я лічу, што чэхі могуць ганарыцца сваім першым прэзыдэнтам. Ён увайшоў у гісторыю усясьветнай палітыкі. Ён паказаў вельмі добры і яскравы прыклад, як павінна рабіцца палітыка. Адначасна Беларусь у гэты час дэманстравала прыклад, як не павінна рабіцца ні палітыка, ні ў палітыцы. Таму для нас Вацлаў Гавэл быў такой зоркай, якая сьвяціла ўсім беларусам».

Вацлаў Гавэл памёр 18 сьнежня на 76-м годзе жыцьця. У апошні шлях яго правялі ў Празе сёньня, 23 сьнежня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG