Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавэл быў для беларусаў як хросны бацька»


Дагмар Гаўлава, Аляксандар Лукашук, Вацлаў Гавэл, Андрэй Дынько. Прага, 2005
Дагмар Гаўлава, Аляксандар Лукашук, Вацлаў Гавэл, Андрэй Дынько. Прага, 2005

Драматурга і экс-прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла згадваюць вядомыя беларусы.

Лідэр руху «За свабоду!» Аляксандар Мілінкевіч шмат разоў сустракаўся з Вацлавам Гаўлам. Апошні раз – 2 гады таму на праскім «Форуме-2000», які арганізоўваўся пад патранатам Вацлава Гаўла, гаворыць спадар Мілінкевіч:

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч
«Там зьбіраліся інтэлектуалы, экспэрты, палітыкі з усяго сьвету. І я неаднаразова меў магчымасьць там выступаць, і кожны раз, нягледзячы на велізарную колькасьць людзей, а там тысячы людзей прыяжджалі на гэтыя форумы, ён заўсёды знаходзіў час, каб сустрэцца асабіста, паціснуць руку, запытацца пра Беларусь».

Беларусь страціла вялікага свайго сябра, перакананы спадар Мілінкевіч, які зь вялікай павагай ставіцца да асобы Вацлава Гаўла і ягонай ролі ў гісторыі:

«Незвычайны чалавек, чалавек культуры, вялікі палітык, вялікі чэх, чалавек Эўропы. Ён быў вельмі важны для Беларусі, ён быў для нас такі, як хросны бацька, які верыў у эўрапейскую будучыню Беларусі, многа рабіў, каб Беларусь была вядомай у Эўропе і Чэхіі, падтрымліваў асабіста ў няпростай справе, у барацьбе за годнасьць, за волю. Ён гэта выдатна разумеў, таму што сам апынуўся ў палітыцы з прычыны адстойваньня маральных каштоўнасьцяў. Ён значыў для нас надзвычай многа, таму што яго голас чулі паўсюль».

Стэфановіч: Гавэл не паводзіў сябе як клясычны палітык


Праваабаронца Валянцін Стэфановіч сустракаўся з Вацлавам Гаўлам адзін раз, у 2006 годзе, калі экс-прэзыдэнт Чэхіі ўручаў Алесю Бяляцкаму прэмію «Homo homini”. Тады спадар Стэфановіч меў кароткую сустрэчу са спадаром Гаўлам, гутарылі пра Беларусь:

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч
«Гэта канечне запомнілася, як Вацлаў Гавэл асабіста ўручаў Алесю і праваабарончаму цэнтру «Вясна» прэмію за шматгадовую дзейнасьць у абарону правоў чалавека, для нас гэта была вельмі пачэсная імпрэза, таму што Вацлаў Гавэл – вельмі паважаны чалавек, які спрычыніўся і да Праскай вясны, і да аксамітнай рэвалюцыі ў Чэхаславаччыне. Для мяне гэта быў вельмі важны момант у жыцьці, што я асабіста бачыў і нават сказаў пару словаў Вацлаву Гаўлу».

Вацлаў Гавэл як асоба быў вельмі неардынарным, згадвае Валянцін Стэфановіч:

«Ён ня быў клясычным палітыкам, ён быў выхадцам з творчай інтэлігенцыі, драматург і пісьменьнік, дысыдэнт, хутчэй філёзаф і мысьляр, напэўна, чым палітык у сучасным разуменьні слова. Думаю, што Чэхаславаччыне вельмі пашанцавала, што першым прэзыдэнтам у 1989 годзе стаў такі чалавек, а пазьней ён стаў прэзыдэнтам Чэхіі… Ягоная неардынарнасьць шмат у чым выяўлялася, ён ніколі сябе не паводзіў як клясычны палітык, які больш дбае пра нейкі свой імідж. Я ведаў, што ён вельмі блізка сябраваў з гуртом «Ролінг стоўнз», напрыклад, і зь Мікам Джагерам асабіста, гэта сьведчыла пра яго як творчага чалавека. Ягоны ўклад ва Ўсходняй Эўропе вельмі вялікі, бо гэта адзін з асноўных лідэраў аксамітных рэвалюцый, разам зь Лехам Валэнсам, які распачаў рух супраціву ў Польшчы».

Валянцін Стэфановіч згадвае, што Вацлаў Гавэл заўсёды сачыў за падзеямі ў Беларусі, ён асабіста ўплываў на пазыцыю Чэхіі ў стаўленьні да беларускага грамадзтва, на яе шматгранную падтрымку рэпрэсаваным у Беларусі.

Дынько: Гавэл трымаў Беларусь у галаве


У 2003 годзе Вацлаў Гавэл перадаў прэмію за Грамадзянскія заслугі імя Ганны Эленбоген рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Дыньку. Спадар Дынько згадвае Вацлава Гаўла:

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
​«Гавэл быў мудрым чалавекам, і ў той жа час вельмі дасьціпным, простым. Ён трымаўся зь людзьмі, як роўны з роўным. Асабліва тут у нас, калі ўлада ставіць сябе як такая, што стаіць над людзьмі, – гэта быў вялікі кантраст. Як інтэлектуал, гэта быў узор чалавека, які жыве ня толькі для сябе, сваёй славы, а дзеля сваёй супольнасьці, для свайго грамадзтва. Для Беларусі Гавэл зрабіў нязьмерна шмат. Гэта быў адзін з тых нямногіх на тыя часы, 90-я гады, эўрапейскіх палітыкаў, якія трымалі Беларусь у галаве. Ён першым сфармуляваў разуменьне беларускай сытуацыі. Ён сказаў, што Эўразьвяз і НАТО павінны быць да ўсходніх межаў Беларусі і Ўкраіны, пераступіць за Дняпро. Гавэл быў адным зь першым, хто гаварыў пра Беларусь і ставіў пытаньне пра Беларусь у сьвеце».

Сурвіла: Дзьверы Гаўла былі для нас заўсёды адчыненыя


Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавэл, сакавік 2008 году
Сяргей Навумчык, Івонка Сурвіла і Вацлаў Гавэл, сакавік 2008 году


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла неаднаразова сустракалася з Вацлавам Гаўлам. Пра гэта яна распавяла Сяргею Навумчыку.

Навумчык: Спадарыня Івонка, што Вы адчулі, калі сёньня раніцай даведаліся пра сьмерць Вацлава Гаўла?

Сурвіла: Страшэнны сум адчула. Гэта быў чалавек, якога я вельмі паважала, які быў адным з найлепшых прыяцеляў нашага народу і Беларусі. Ён вельмі шмат зрабіў для нас, сапраўды. Не магу сябе ўявіць, як будзем жыць без яго.

Навумчык: Вы неаднаразова сустракаліся з Гаўлам у розныя гады, калі наведвалі Прагу, дзе Вас прымаюць як старшыню ўраду ў выгнаньні. Што найбольш зрабіла на Вас уражаньне ў сумаўленьні з Вацлавам Гаўлам, якія чалавечыя ці палітычныя якасьці ўразілі Вас?

Сурвіла: Вельмі ўразіла, што моцна цікавіўся Беларусьсю і слухаў тое, што гаварылася яму, і прасіў, каб сказаць яму, як ён можа дапамагчы? Гэта мяне вельмі ўразіла, бо вельмі рэдка чуеш ад палітыка, каб ён пытаўся ў Вас, што ён можа зрабіць для Вас. Гэта мяне вельмі ўражвала. Цудоўны быў, вельмі ветлівы, спакойны чалавек. Быў надзвычайным прыяцелем Беларусі.

Навумчык: Натуральна, што пра Гаўла Вы чулі значна раней, чым пазнаёміліся зь ім асабіста – яшчэ ў канцы 1980-ых, калі адбывалася «аксамітная рэвалюцыя». Як успрымалі Гаўла на Захадзе?

Сурвіла: З захапленьнем. Зь вялікім захапленьнем. Факт, што пісьменьнік меў адвагу ўзяць на сябе функцыі, якія ён узяў, вельмі ўразіў. І яму давяралі. Моцна давяралі. Ведалі, што ён толькі тое будзе рабіць, што трэба.

Навумчык: Як Вы думаеце, што самае галоўнае зрабіў Вацлаў Гавэл для Беларусі, для беларускай дэмакратыі?

Сурвіла: Ой Божа мой, ён гэтулькі зрабіў, што цяжка сказаць, што галоўнае. Ён заўсёды цікавіўся Беларусьсю і заўсёды быў гатовы дапамагчы. Выступаў за дэмакратыю ў Беларусі. Заўсёды былі ягоныя дзьверы адчыненыя для беларускіх палітыкаў. Наогул, дзясяткі і дзясяткі рэчаў у ім мяне вельмі ўражвалі. Вельмі буду сумаваць па ім.

Някляеў: Гэта чалавек, які даў нам прыклад існаваньня Духу ў гэтым сьвеце


Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» паэт Уладзімер Някляеў сустракаўся з Вацлавам Гаўлам двойчы: напрыканцы 1990-х, калі прыяжджаў у Прагу з вымушанай эміграцыі ў Фінляндыі, і два гады таму, таксама ў Празе:

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
«Гэта чалавек, які даў нам прыклад існаваньня Духу ў гэтым сьвеце. Ён ведаў пра сваю хваробу, што яму ня так шмат часу засталося, і ён адкінуў усе палітычныя справы, грамадзкія. І пачаў дарабляць, імкнуцца дарабіць тое, што не дарабіў у творчасьці – паехаў кіно здымаць, дапісваць свае недапісаныя рэчы. І я, калі гэта зразумеў, падумаў: Божа мой, той чалавек, якому дадзены такі талент, талент літаратара, драматурга, выключны талент, не павінен быў займацца тым, чым займаўся Гавал: не качацца па гэтых турмах, ня торгацца ў палітыцы...

З Вацлавам Гаўлам Чэхія стала той эўрапейскай краінай, якая яна ёсьць. Апроч гэтага, ёсьць Гавэл большы: Гавэл – палітык, Гавэл – драматург, ёсьць Гавэл – эўрапейская і ўсясьветная постаць.

Калі пачыналася мая палітычная дзейнасьць, і я вагаўся таксама, улазіць мне ў гэта, ня ўлазіць, і я ўзгадаў тое, што Гавэл сказаў ў часе Праскай вясны, перад рэвалюцыяй, калі ўсім здавалася, як нам зараз здаецца, што ўсё беспэрспэктыўна, што нічога ня будзе, што ўсе нашы намаганьні і высілкі дарэмныя... Ён сказаў тады ў горшай сытуацыі, чым мы з вамі знаходзімся: «Ніколі ня ведаеш, зь якой сьняжынкі пачнецца лавіна...»

Уладзімер Арлоў: Безь Беларусі Гавэл ня бачыў канфігурацыю дэмакратычнай Эўропы завершанай


Пісьменьнік Уладзімер Арлоў узгадвае сваё першае знаёмства з Вацлавам Гаўлам, калі быў дэлегатам Кангрэсу Міжнароднага ПЭН-клюбу ў Празе. Там Гавэл выступаў з прывітальнай прамовай, а потым была паездка дэлегатаў Кангрэсу разам з Гаўлам у Пльзень, дзе яны разам глядзелі ў тэатры п'есу Ёзафа Топала «Салавей»:

Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў
«Перад гэтай п'есай адбылася дыскусія Вацлава Гаўла зь ягонымі даўнімі сябрамі Артурам Мілерам і Томам Стопардам. І я тады, можна так сказаць, балюча марыў пра час, калі наша Беларусь будзе мець такога прэзыдэнта.

Безумоўна, Гавэл быў ня толькі палітыкам, ня толькі пісьменьнікам, але і арыгінальным філёзафам. Асабліва, мне здаецца, у кнізе «Дужасьць нядужых» ён глыбока разважаў пра маральны падмурак у палітыцы, пра чалавечую экзыстэнцыю ва ўмовах несвабоды.

Гавэл думаў пра Беларусь. Ён браў удзел у лёсе Васіля Быкава. Калі мы з Юрыем Хашчавацкім рабілі фільм «Дзень Волі», вырашылі, што там абавязкова будзе Вацлаў Гавал. У гэтым фільме гучаць словы Гаўла пра тое, што безь Беларусі ён ня бачыць канфігурацыю дэмакратычнай Эўропы завершанай.

У Вацлава Гаўла ёсьць кніга, напісаная ў той час, калі яго зьняволілі «Лісты да Вольгі» (да жонкі). Гэтая кніга перагукваецца зь нізкай вершаў «Лісты да Волі», якую напісаў праз 30 гадоў за турэмнымі кратамі Ўладзімер Някляеў».

Станіслаў Багданкевіч: Гэта страта як для чэхаў так і для беларусаў


Вестка пра сьмерць першага прэзыдэнта Чэскай рэспублікі Вацлава Гаўла засьпела эканаміста й ганаровага старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Станіслава Багданкевіча ў Магілёве. Тут ён удзельнічаў у прэзэнтацыі вынікаў досьледу маладых лібэралаў «Індэкс эканамічнай адэкватнасьці Беларусі». Пра Вацлава Гаўла ён сказаў:

Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч
«Я лічу, што чэхам дужа пашанцавала, што ў іх быў такі лідэр – адукаваны, інтэлігентны, разумны, дэмакратычных перакананьняў – які ачоліў Чэхію. І які прывёў яе да значных дасягненьняў, такіх, як уступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз, НАТО. Ён думаў пра сваёй народ, ня думаў пра ўладу, не змагаўся дзеля яе захаваньня й карыстаўся вялізным аўтарытэтам сярод свайго народу і яго суседзяў, краінаў суседзяў. Яго сьмерць – гэта вялікая страта як для чэхаў так і для беларусаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG