Роўна а 12-й ва ўсёй Чэхіі людзі ўшанавалі памяць прэзыдэнта хвілінай маўчаньня. Спыніўся транспарт, продаж у крамах. Званілі званы касьцёлаў, гучалі гудкі цягнікоў, у Празе - сырэны. Неўзабаве пачалася богаслужба ў найвялікшым храме краіны — касьцёле Сьвятога Віта. Труна зь целам памерлага была выстаўлена ў найвялікшым касьцёле Чэхіі – саборы Сьвятога Віта перад алтаром і прыкрытая дзяржаўным сьцягам. Тут прайшла жалобная імша, якую адслужыў праскі арцыбіскуп Дамінік Дука.
Дука і Гавэл былі даўно знаёмыя , абодва яны былі дысыдэнтамі ў савецкі час, яны нават нейкі час сядзелі ў адной камэры і гулялі разам у шахматы. Сёньня Дамінік Дука падзякаваў Гаўлу такімі словамі: “Я ўдзячны табе за турэмныя хвілі тады там, і за свабоду тут цяпер”. На імшы таксама выступіў яшчэ адзін біскуп, таксама былы дысыдэнт Вацлаў Малы. Сярод іншага, ён згадаў пра тое, што вялікай апошняй марай Гаўла было ўбачыць свабоднымі Беларусь і Кубу.
На пахаваньне Вацлава Гаўла прыехалі 15 дзейных прэзыдэнтаў —сярод іх —Францыі Нікаля Сарказі, Грузіі — Міхаіл Саакашвілі, Літвы — Даля Грыбаўскайце. ЗША прадстаўляюць дзяржсакратар Хілары Клінтан, а таксама экс-прэзыдэнт Біл Клінтан. Па-чэску на цырымоніі разьвітаньня прамаўляла папярэдніца Клінтан на пасадзе Мадлен Олбрайт, якая нарадзілася ў Чэхіі. Ад Брытаніі прыехаў прэм’ер Дэйвід Кэмэран, ад Польшчы —даўні сябар Гаўла Лех Валенса. Расею прадстаўляе упаўнаважаны ў правах чалавека Уладзімер Лукін, Беларусь — пасол у Чэхіі Васіль Марковіч.
Напярэдадні расейскія актывісты, незадаволеныя халодным стаўленьнем Крамля да памяці Вацлава Гаўла адкрылі сайт Havelinmemoriam.ru, дзе ўсе грамадзяне могуць пакінуць запісы у віртуальнай кнізе спачуваньняў Дарэчы, акрамя расейскай і чэскай, там ёсьць і беларуская мова.
Пасьля дзяржаўнай цырымоніі самыя блізкія разьвіталіся з Вацлавам Гаўлам ў крэматорыі. Урна зь яго прахам будзе пахаваная пазьней ў сямейнай грабніцы, побач з астанкамі яго першай жонкі Вольгі. Трэці дзень дзяржаўнага смутку закончыцца памятнай вечарынай у культурным цэнтры Люцэрна, дзе музыкі і акторы прыгадаюць песьні і пастаноўкі, што любіў Гавэл. Уваход будзе для ўсіх бясплатным.
Радыё Свабода разьвітваецца з Вацлавам Гаўлам як са сваім даўнім сябрам. Усе тры дні дзяржаўнай жалобы на сьцяне будынку ў вечаровы час сьвеціцца вялікая праекцыя яго партрэту з надпісам «Дзякуем Вам» і графічнай выявай гаўлаўскага «сардэчка». У свой час менавіта на запрашэньне Вацлава Гаўла Радыё Свабода зьмяніла сваю мюнхэнскую штаб-кватэру на праскую, каб быць бліжэй да сваёй мэтавай аўдыторыі.