Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў перасадзяць з іранскіх аўто на кітайскія


Уладзімер Сямашка
Уладзімер Сямашка

Першы віцэ-прэм’ер ураду Ўладзімер Сямашка ў часе прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі паведаміў, што дасягнутая дамоўленасьць пра стварэньне сумеснага прадпрыемства з кітайскай кампаніяй «Lifan».

Паводле яго слоў, у агляднай будучыні СП пачне зборку ў Беларусі аднайменных аўтамабіляў «прымальнага цэнавага дыяпазону». Дзе плянуецца разьмясьціць канвэер і на які аб’ём разьлічваюць улады, чыноўнік не ўдакладніў.

Спадар Сямашка перакананы, што распачынаць у Беларусі ўласную вытворчасьць легкавых аўтамабіляў немэтазгодна, паколькі ва ўмовах абмежаванага рынку такая прадукцыя будзе неканкурэнтаздольнай.

Папярэднія спробы наладзіць зборачную вытворчасьць легкавікоў у Беларусі аказаліся няўдалымі. Напачатку 2000-х была запушчаная і неўзабаве згорнутая лінія па выпуску мікрааўтобусаў «Форд Транзыт» і малалітражак «Форд Эскорт» у Абчаку пад Менскам. Інвэстараў не задаволіў абмежаваны рынак Беларусі і нежаданьне Расеі пускаць машыны на сваю тэрыторыю.

Ад сярэдзіны 2000-х на тых жа магутнасьцях распачаты выпуск іранскіх легкавікоў «Саманд», якія з-за сваёй нізкай якасьці набываюць пераважна бюджэтныя арганізацыі паводле разьмеркавальнага прынцыпу. Зрэшты, і да прадукцыі кітайскага аўтапраму стаўленьне ў сьвеце досыць асьцярожнае. Адмыслоўцы папярэджваюць, што кітайскія аўтамабілі не адпавядаюць элемэнтарным патрабаваньням бясьпекі і менавіта эканомія на гэтым робіць іх адносна таннымі, а таму запатрабаванымі на рынках трэціх краінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG