Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну — па сала, у Польшчу — па тэлевізары


А ўкраінцы гамельчукам прадаюць арэхі.
А ўкраінцы гамельчукам прадаюць арэхі.

Напярэдадні калядных і навагодніх сьвятаў многія жыхары Беларусі едуць па закупы ў суседнія краіны — Украіну, Расею, Польшчу, Літву.

Там цяпер шырока распаўсюджаны перадсьвяточны гандаль ды дзейнічаюць адмысловыя зьніжкі. Тым часам у Беларусі цэны працягваюць расьці.

Пра тое, што вязуць з-за мяжы беларусы і чым спрабуюць гандляваць за мяжой даведваліся рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Гомельшчына


Жыхарка абласнога цэнтру спадарыня Галіна: «Асабіста я — сала. У нас тут па 45-50 тысяч рублёў кіляграм, а там вельмі добрае сала атрымліваецца не больш як па 33 тысячы. Трошкі горшае можна й за 20 тысяч на беларускія грошы набыць, альбо за 22-25 тысяч. Калі 33 тысячы й 50 — ёсьць розьніца?!»

Жанчына кажа, што для яе сала — спадарожны тавар. Ва Ўкраіну яна адмыслова едзе, каб адзецца:

«Адзеньне — яно там атрымліваецца таней. Я ежджу не па тавар— я не займаюся гандлем, я еду, каб сабе што-кольвечы купіць. Таму з мяне ўвесь аўтобус пацяшаецца, што я паехала, купіла ерунду й прыехала. Я ж мяркую так: калі ў мяне ёсьць грошы на дарогу й мне іх не шкада, то я паехала. Мне неяк трэба было купіць дзіцячае адзеньне — у суседкі дачка нарадзіла і ў пляменьніцы дзіця. Я пацікавілася дзіцячым касьцюмчыкам. Тут яны у нас 70 тысяч, ёсьць па 80 і 90. Там яны — 45 грыўняў. Цёплыя дзіцячыя касьцюмчыкі на год, на два ў нас 450-500 тысяч, там яны — 220-230 грыўняў».

Спадарыня Ала прадае на рынку ў Гомелі спрэс дзіцячае адзеньне з Украіны — тамтэйшай вытворчасьці і імпартаванае ва Ўкраіну з Турцыі:

«Кофты, курткі, сарафаны — для дзяўчынак і хлопчыкаў. У два разы амаль таней. Возьмем камбінезон — куртка й штаны. У нашым „Бусьліку“, я глядзела, куртка асобна — амаль 500 тысяч, штаны — 300 тысяч. А мы ў камплекце прадаём з Украіны за 500 тысяч — поўнасьцю увесь камплект на аўчынцы. Розьніца — 300 тысяч».
Кошты аднолькавыя, а якасьць сырой каўбасы ў вас лепшая. На патэльні ваша ня скача, як наша.

Беларусы ў памежным Чарнігаве купляюць таксама абутак, бялізну, коўдры, цукеркі, пральныя парашкі. Да падаражаньня везьлі й сьпіртовыя напоі.

Украінцы ўлетку прывозілі ў Гомель найчасьцей гародніну, садавіну, туалетную паперу. У Гомелі куплялі цукар, крупы, сыркі, касмэтыку.

Сёньня на Цэнтральным рынку жыхары з памежнага ўкраінскага райцэнтру Рэпкі прадавалі толькі арэхі — лясныя й грэцкія. Дадому ўкраінскія гандляры будуць вяртацца не з пустымі рукамі.

Украінка: «Каўбасы, хлеба возьмем дамоў, каб там не хадзіць у краму. Кошты аднолькавыя, а якасьць сырой каўбасы ў вас лепшая. На патэльні ваша ня скача, як наша».

Гарадзеншчына


На беларуска-польскай граніцы напярэдадні навагодніх сьвятаў чэргі аўтамабіляў і аўтобусаў: беларусы практычна пазьмяталі з прылаўкаў польскіх крамаў бытавую тэхніку, якая зараз прадаецца са зьніжкамі.

Чарга аўтамабіляў на беларуска-польскай граніцы не зьмяншаецца зараз нават уначы. Перадкалядныя зьніжкі ў польскіх крамах на бытавую тэхніку прывялі да таго, што ў крамы не пасьпяваюць завозіць тавар.

Польскія прадаўцы задаволеныя і кажуць, што пакупнікі ў іх пераважна зь Беларусі. Сярод беларусаў упарта ходзяць чуткі, што пасьля Новага году ўвоз бытавой тэхнікі з Польшчы ў Беларусь забароняць.

Асаблівым попытам карыстаюцца новыя тэлевізары, іх вязуць з Польшчы ў Беларусь практычна ў кожным аўтамабілі, які перасякае польска-беларускую мяжу.

Цікаўлюся ў аднаго спадара — ад чаго узьнік такі ажыятаж? Як высьвятляецца, аргумэнтацыя простая.

Спадар: «У Польшчы ты заплаціш 600 даляраў за тэлевізар з экранам 41 па дыяганалі і гэта SONY, 100 Герц, малюнак у малюнку са скайпам і іншае. А ў нас такой клясы толькі SAMSUNG, і за яго давядзецца заплаціць 1200 даляраў».

Адзін са спадароў кажа, што польскія гандляры арганізавалі дастаўку бытавой тэхнікі ў Беласток з усяе Польшчы, паколькі на працягу году самі ня памятаюць, каб здараўся такі ажыятаж.

Цікава, што грамадзянін Беларусі ў год бяз мыта можа прывозіць толькі адзін тэлевізар. Многія езьдзяць у Кузьніцу толькі дзеля таго, каб потым пры пераезьдзе мяжы аформіць на сябе чужы тэлевізар і за гэта зарабіць 50 даляраў. Некаторыя гандляры возяць тэлевізары на продаж, але частка людзей папросту складуе іх у кватэрах.
Мая суседка 5 тэлевізараў прывезла, кажа няхай ляжаць, бо грошы могуць памяняцца, а тэлевізар застанецца ў цане.

Цікаўлюся ў аднаго спадара — навошта тэлевізары купляюць у запас?

Спадар: «Таму што ў людзей ёсьць грошы і яны баяцца, што грошы прападуць. Мая суседка 5 тэлевізараў прывезла, кажа няхай ляжаць, бо грошы могуць памяняцца, а тэлевізар застанецца ў цане — вось яе аргумэнт. Яна прывезла адзін на мужа, другі на сябе, яшчэ двое дзяцей зь імі езьдзяць. Яна нічога ня можа патлумачыць — гэта сындром, закупачны сындром».

21 сьнежня Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі нават зрабіў афіцыйную заяву, у якой супакойвае грамадзян, што з Новага года ніякіх забаронаў на ўвоз бытавой тэхнікі ня будзе, але відавочна, што даверу да гэтых заяў з боку беларусаў няма.

Віцебшчына


У бліжэйшыя расейскія рэгіёны беларусы вязуць малочныя прадукты, кілбасы і сьпіртовыя напоі — усё гэта расейцы лічаць больш якасным. А ў Расеі на выручаныя грошы купляюць алей, каву, гарбату, рыбу — там гэта ўсё таньней.

У Смаленску можна сустрэць саматужных гандляроў ня толькі з памежнай Віцебшчыны, але і з Магілёўскай, і зь Менскай вобласьці. Асартымэнт — самы разнастайны, асаблівым попытам напярэдадні навагодніх сьвятаў карыстаюцца алькагольныя напоі.

Гандляр: «Вось настойка на кедравых гарэхах, яна 40 градусаў, 130 рублёў. Як каньяк ідзе, мякенькая, прыемная. А гэта гарэлка па 110 рублёў, «Няміраў», «Аквадзіў», берасьцейская…

Гандлярка: «Шампанскае „Савецкае“ — за 130 рублёў… Нас тут ганяюць, а што рабіць? Трэба неяк выжываць. У нас заробкі маленькія. „Капеечныя“ ўвогуле заробкі! Вось зараз тут пастаім, а ўначы на працу трэба ехаць. Я на „Бабуліным гладышы“ працую».

Попыт на беларускія прадукты ёсьць заўсёды — у першую чаргу таму, што беларуская прадукцыя трошкі таньнейшая, як у расейскай краме. Людзі гандлююць прывезенымі харчамі проста на вуліцы: «вітрына» — у адчыненым багажніку або проста на зямлі, на нейкіх скрынях.

«Бальзамчык „Мінскі“ — 100 рублёў»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:30 0:00
Наўпроставы лінк


Такі гандаль забаронены: нядаўна смаленская адміністрацыя заклікала паліцыю змагацца з вулічным гандлем. Але дзейнічае «беларуская салідарнасьць»: як толькі нехта заўважае патруль, перадае «па ланцужку» суседзям, і багажнікі тут жа зачыняюцца, а кайстры згортваюцца, распавядае адзін з гандляроў:

«Ідзе „адмашка“, і ўсё згортваюцца-скручваюцца, хлоп-хлоп-хлоп — і зачыніліся. Але ж у Расеі няма такога панятку „забаронена“, каб зусім было забаронена. Як кажуць, калі дужа хочацца, то можна!»
Вось алей можна знайсьці па 45 рублёў, і калі ўзяць пару скрыняў оптам, то дарогу акупіш.

Як правіла, ад праверкі можна адкупіцца: даць хабар харчамі, або заплаціць штраф без квітанцыі — ён складае ад 250 да 2 тысяч расейскіх рублёў, у залежнасьці ад сквапнасьці інспэктара.

А пасьля ўдалага продажу былыя гандляры самі ператвараюцца ў пакупнікоў, кажа суразмоўца:

«Мы бралі алей, маянэз, гарбату, каву, рыбу можна браць — селядцы іхныя ў бляшанках, калі на аптовым кірмашы, дзе ёсьць зьніжкі. Вось алей можна знайсьці па 45 рублёў, і калі ўзяць пару скрыняў оптам, то дарогу акупіш. Яшчэ тэлевізары ў іх таньнейшыя, і нейкая бытавая тэхніка».

У Смаленску крыху таньней можна набыць кампутар або лічбавы фотаапарат. Па такія рэчы пакупнікі едуць мэтанакіравана. А тыя, хто прадае адны харчы, каб набыць іншыя, радуюцца алею па 45 рублёў: атрымліваецца па 11 тысяч 700 рублёў на нашы грошы — таньней, як у любой беларускай краме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG